Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода Том Кент: «Улады Расеі перашкаджаюць нашай дзейнасьці»


Судзьдзя Цьвярскога раёну Масквы сёньня прызначыў штраф мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (РСЭ /РС) ў памеры 100 тысяч рублёў (прыкладна паўтары тысячы даляраў) паводле пазову міністэрства юстыцыі Расеі — за «непадаваньне органам дзяржаўнай улады фінансавай інфармацыі, якая вынікае з абавязкаў няўрадавай арганізацыі, якая выконвае функцыі «​замежнага агента»​.

Як патлумачыла падчас судовага паседжаньня юрыст мэдыякарпарацыі, РСЭ /РС не магла падаць дакумэнты ў вызначаны тэрмін, паколькі міністэрства юстыцыі РФ, нягледзячы на неаднаразовыя звароты, не растлумачыла дакладны парадак іх запаўненьня, а правілы справаздачнасьці для «СМІ-замежных агентаў» уступілі ў сілу ўжо пасьля заканчэньня вызначанага законам тэрміну падачы справаздачы.

Кіраўніцтва РСЭ /РС разглядае варыянты прававога рэагаваньня на рашэньне суда.

Як заявіў прэзыдэнт РСЭ/ РС Том Кент, ужываньне закону «аб СМІ-замежных агентах» супраць мэдыякарпарацыі можа прывесьці да крымінальнага перасьледу яе маскоўскага прадстаўніцтва і яе супрацоўнікаў у Расеі і ўяўляць сур’ёзную пагрозу іх дзейнасьці.

Судовы працэс супраць РСЭ/РС — новае зьвяно ў сэрыі спробаў расейскіх уладаў перашкодзіць працы мэдыякарпарацыі і разьвязаць кампанію падазронасьці супраць яе журналістаў, лічыць Том Кент.

Том Кент
Том Кент

На думку прэзыдэнта РСЭ/РС, закон «аб СМІ-замежных агентах», які ўступіў у сілу ў сьнежні летась, ад пачатку ставіў перад сабой палітычныя мэты.

«З усіх замежных сродкаў масавай інфармацыі, якія працуюць у Расеі, толькі СМІ, фінансаваньне якіх ажыцьцяўляецца на падставе грантаў Кангрэсу ЗША, надзеленыя статусам „замежных агентаў“. Толькі гэтыя СМІ сталі абʼектам заблытаных і невыразных патрабаваньняў расейскага закону. Мы разглядаем гэты закон, як накіраваны выключна супраць нас. Законы ЗША гарантуюць рэдакцыйную незалежнасьць нашай карпарацыі. Любыя здагадкі аб тым, што РСЭ/ РС зьяўляецца агентам якога-небудзь ураду, зьяўляюцца ілжывымі. Такія здагадкі ўжо адбіліся на нашых магчымасьцях працаваць у Расеі, яны ўяўляюць сабой пагрозу для нашых супрацоўнікаў у Расеі».

Улады абвінавачваюць Радыё Свабода ў спробах падарваць палітычную сыстэму Расеі

На працягу апошняга году афіцыйныя расейскія прадстаўнікі і зьвязаныя з Крамлём сродкі масавай інфармацыі абвінавачваюць мэдыякарпарацыю РСЭ/РС і «Голас Амэрыкі» ў спробах падарваць палітычную сыстэму Расеі.

Карэспандэнт РСЭ/РС у анэксаваным Расеяй Крыме Мікалай Семена ў верасьні 2017 году быў прыгавораны да ўмоўнага тэрміну зьняволеньня за «заклікі да сэпаратызму». Іншы пазаштатны супрацоўнік карпарацыі, Станіслаў Асаеў, каля году знаходзіцца пад вартай у зьняволеньні ў сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны паводле абвінавачваньняў у шпіянажы.

Карэспандэнты Расейскай службы Радыё Свабода летам мінулага году сталі ахвярамі нападу падчас выкананьня рэдакцыйнага заданьня ў Краснадарскім краі. У чэрвені 2018 году расейскія прадстаўнікі запатрабавалі выдаленьня з аднаго з сайтаў РСЭ/РС двух публікацыяў, адна зь якіх распавядала пра катаваньні затрыманых у паліцыі на тэрыторыі Чачні.

Кіраўніцтва РСЭ/РС вітала б такую сытуацыя, пры якой мэдыякарпарацыя дзейнічала б у Расеі на тых жа ўмовах, на якіх тэлеканал RT працуе ў ЗША

І раней расейскія ўлады выкарыстоўвалі юрыдычныя мэханізмы для таго, каб абцяжарыць дзейнасьць РСЭ/ РС. У пачатку 2000-х гадоў рэгіянальныя радыёстанцыі, якія рэтрансьлявалі Радыё Свабода, былі абвінавачаныя ў невыкананьні правілаў пажарнай бясьпекі і фінансавых парушэньнях. Партнэрская сетка, якая ўключала ў сябе каля 35 радыёстанцыяў, у выніку была разбураная. З 2012 году Радыё Свабода пазбаўленая магчымасьцяў эфірнага вяшчаньня на тэрыторыі Расеі.

Расейскія прадстаўнікі шматкроць сьцвярджалі, што «закон аб СМІ-замежных агентах» зьяўляецца «люстэркавай рэакцыяй» на патрабаваньні амэрыканскага заканадаўства аб рэгістрацыі тэлеканалу RT ў якасьці «замежнага агента».

Кіраўніцтва РСЭ/РС вітала б такую сытуацыя, пры якой мэдыякарпарацыя дзейнічала б у Расеі на тых жа ўмовах, на якіх тэлеканал RT працуе ў ЗША.

RT ажыцьцяўляе кругласутачнае тэлевяшчаньне ў кабэльных сетках па ўсёй тэрыторыі ЗША, у той час як доступ да кабэльных сетак і эфірнага тэле- і радыёвяшчаньня для замежных СМІ ў Расеі значна абмежаваны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG