Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША і АБСЭ асудзілі расейскі закон аб СМІ-«замежных агентах»


Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту Хідэр Ноерт
Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту Хідэр Ноерт

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША абвінаваціў улады Расеі ва ўчыненьні ціску на незалежных журналістаў у сувязі з так званым законам аб СМІ-«замежных агентах». Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту Хідэр Ноерт заявіла, што расейскія ўлады наўмысна выкарыстоўваюць гэты закон толькі ў дачыненьні да амэрыканскіх СМІ — «Голасу Амэрыкі» і Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Так яна пракамэнтавала рашэньне маскоўскага суду аб штрафе ў дачыненьні мэдыякарпарацыі, у склад якой уваходзіць і Беларуская служба Радыё Свабода.

Ноерт таксама асудзіла папраўку да закону, якая цяпер застаецца на разглядзе Дзяржаўнай думы, — аб магчымасьці ўнясеньня фізычных асоб, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, у лік «замежных агентаў». «Злучаныя Штаты зноў заклікаюць Расею ... выконваць асноўныя правы, улучна з свабодай выказваньня», — заявіла Ноерт.

Раней прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды мэдыяў Арлем Дэзірэ раскрытыкаваў рашэньне суду ў дачыненьні да Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, заявіўшы, што закон аб СМІ-«замежных агентах» скарачае прастору свабоды прэсы ў Расеі.

Выканаўчы дырэктар амэрыканскай Рады кіраўнікоў вяшчаньня (BBG) Джон Лэнсінг назваў рашэньне суду атакай на незалежныя мэдыі, якія працуюць у інтарэсах расейскай аўдыторыі. Ён падкрэсьліў, што закон «аб замежных агентах» быў ужыты толькі да мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — некамэрцыйнай арганізацыі, якая фінансуецца Кангрэсам ЗША, і да «Голасу Амэрыкі».

Пры гэтым міжнароднае вяшчаньне ЗША абаронена заканадаўствам, якое гарантуе мэдыйным кампаніям рэдакцыйную незалежнасьць у вызначэньні іх кантэнту. Таму ні РСЭ/РС, ні нехта іншы, хто працуе на гэтую кампанію не зьяўляюцца агентамі ўраду Злучаных Штатаў — гаворыцца ў заяве.

5 чэрвеня міравы судзьдзя Цьвярскога раёну горада Масквы прызначыў штраф мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода памерам 100 тысяч рублёў паводле пазову Міністэрства юстыцыі Расеі — за «непадаваньне органам дзяржаўнай улады фінансавай інфармацыі, якая вынікае з абавязкаў няўрадавай арганізацыі, што выконвае функцыі замежнага агента» ( артыкул 19.7.5-2 Кодэксу РФ аб адміністрацыйна-прававых парушэньнях).

Як патлумачыла падчас судовага паседжаньня юрыстка РСЭ/РС, карпарацыя не магла падаць дакумэнты ў тэрмін, бо Міністэрства юстыцыі Расеі, нягледзячы на неаднаразовыя звароты, не растлумачыла дакладны парадак іх запаўненьня і сам парадак справаздачнасьці для СМІ — закон аб «замежных агентах» уступіў у сілу ўжо пасьля заканчэньня ўсталяванага законам тэрміну падачы справаздачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG