Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паркаў і сквэраў у Менску на 38% менш за норму. І дасягаць нормы не зьбіраюцца


Менск, ілюстрацыйнае фота

Каардынатар кампаніі «Горад для менчукоў» Дзяніс Кобрусеў апублікаваў на Facebook дзяржаўную статыстыку забясьпечанасьці жыхароў Менску «азялененымі тэрыторыямі агульнага карыстаньня» — паркамі, сквэрамі і бульварамі.

Паводле Генэральнага пляна, зялёных зонаў агульнага карыстаньня мае быць 21 м² на чалавека, але цяпер толькі 13 м². Нядаўна распрацаваная схема азялененых тэрыторыяў прадугледжвае толькі 17,8 м².

Дзяніс Кобрусеў кажа Свабодзе, што цалкам верыць у надзейнасьць і актуальнасьць такіх лічбаў, ды й значная «недаазялененасьць» Менску для экспэртаў, у тым ліку гарадзкіх уладаў, гэта не навіна. Статыстыку ён называе «зусім сумнай».

Дзяніс Кобрусеў, архіўнае фота
Дзяніс Кобрусеў, архіўнае фота

Норму ў 21 м² ён называе цалкам абгрунтаванай. У Генпляне Менску 2010 году была прапісаная норма ў 17 м², пасьля норму падвысілі з ініцыятывы саміх праектавальнікаў.

Калі параўноўваць Менск зь нейкім горадам у Сахары, дзе зусім няма азялененьня, то ўсё ня так і кепска, разважае Кобрусеў. Але ў Менску ёсьць вялікія заводы і шкодныя выхлапы машынаў, ды й беларусы «звыклі жыць у атачэньні дрэваў».

Як гэта выправіць?

Руйнаваць кварталы дамоў, каб замест іх высадзіць паркі, наўрад ці нехта прапануе. Мо тады насадзіць дрэвы ўздоўж дарогаў, каб дасягнуць нормы «зялёнасьці» Менску? Кобрусеў тлумачыць, што дрэвы ўздоўж дарог і грамадзкія зялёныя зоны гэта зусім розныя рэчы.

«Разбураць нешта ня трэба: дастаткова вызначыць пэўныя тэрыторыі — а вольныя ёсьць — як пэрспэктыўныя паркі ці сквэры, зь цягам часу ператвараць іх у сапраўдныя паркі, — разважае ён. — Зь цягам часу садзіць там дрэвы, кустоўе, мо ставіць лаўкі, рабіць цьвёрдае ці паўцьвёрдае пакрыцьцё дарожак».

У Генэральным пляне падзяляюцца агульнагарадзкія і раённыя паркі і сквэры, закладзенае азначэньне іх даступнасьці. То значыць, павінны існаваць «зялёныя зоны крокавай даступнасьці» для, напрыклад, пэнсіянэраў, якім цяжка перамяшчацца на вялікія дыстанцыі. Яны не абавязкова павінны быць вялікімі і насычанымі рознымі элемэнтамі, але мусяць даць чалавеку магчымасьць адпачыць.

«Мэта паркаў, сквэраў, лесапаркаў — ня толькі паглынаць вуглякіслы газ і кісларод, або прыбіваць пыл, — кажа Кобрусеў. — Яны таксама служаць для рэляксацыі насельніцтва: куды можна пайсьці пасядзець, адчуць прыроду».

Будаўніцтва ў кольцы дзіцячай чыгункі. Фота з дрона, красавік 2018
Будаўніцтва ў кольцы дзіцячай чыгункі. Фота з дрона, красавік 2018

На жаль, дадае ён, нават у пабудове новых раёнах не заўсёды ўлічваецца патрэба людзей у парках і нормы азялененьня. Ён прыводзіць у прыклад Лошыцу, дзе зялёная зона будзе проста зьнішчаная пад будаўніцтва, хоць лягічна было бы зрабіць зь яе парк, каб жыхары новых раёнаў былі забясьпечаныя зонай адпачынку. Ва ўсіх раёнах Менску, кажа Кобрусеў, цяпер існуюць зоны, якія можна было бы зрабіць паркамі і сквэрамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG