Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцу Курапатаў Натальлю Гарачку арыштавалі на 10 сутак


Натальля Гарачка ў Курапатах

Натальля Гарачка асуджаная Партызанскім раённым судом Менску на 10 сутак арышту.

«Натальля знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна, адбывае пакараньне, мы ўжо вазілі ёй перадачу», — паведаміла Свабодзе сяброўка Натальлі Гарачкі, актывістка Галіна Лагацкая. Больш у Лагацкай зьвестак пра Натальлю няма.

1 ліпеня Натальля Гарачка была затрыманая пад брамай рэстарацыі «Поедем поедим», што знаходзіцца каля Курапатаў. Сьведка затрыманьня паведаміў, што праз 15 хвілін пасьля зьяўленьня актывісткі на пікеце да рэстарацыі пад’ехаў міліцэйскі аўтамабіль, зь якога выйшлі тры чалавекі, паказалі пасьведчаньні супрацоўнікаў міліцыі і прапанавалі актывістцы праехаць зь імі.

Раніцай таго ж дня ў Менску былі затрыманыя Павал Севярынец, Вольга Мікалайчык і Дзяніс Урбановіч. Павал Севярынец і Вольга Мікалайчык асуджаныя на 10 сутак арышту.

У судзе Партызанскага раёну Менску Свабодзе пацьвердзілі, што Гарачцы прысудзілі 10 сутак арышту. Суд быў яшчэ 2 ліпеня, у выходны дзень.

З пачатку чэрвеня Натальля Гарачка брала удзел у пікетаваньні рэстарацыі каля Курапатаў, часта вяла адтуль стрымы ў «Фэйсбук», міліцыянты склалі на яе каля 10 пратаколаў за парушэньне правілаў дарожнага руху і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG