Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка запрасіў расейскіх дэсантнікаў


Аляксандар Лукашэнка выступіў з прамовай на пасяджэньні з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасьці. Чым яна адрозьніваецца ад ранейшых?

Аляксандар Лукашэнка выступіў з прамовай на пасяджэньні з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасьці. Чым яна адрозьніваецца ад ранейшых? Абмяркоўваюць Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.

Дракахруст: Шмат хто зьвярну ўвагу на ўкол на адрас апазыцыі, а менавіта, было сказана, што «мы зьяўляемся сапраўднымі гаспадарамі сваёй зямлі, менавіта гаспадарамі, а не спадарамі». Зварот «спадар» у спадара Аляксандра Лукашэнкі асацыюецца з апазыцыяй, з тэрміналёгіяй апазыцыі. Такі вось маленечкі ўкол, хаця «спадар» – гэта і ёсьць «гаспадар».

Навумчык: Выглядае, гэта было адзінае беларускае слова, якое Лукашэнка ўжыў у сваёй спрэс расейскамоўнай прамове, і як раней у яго было, гэтае беларускае слова пастаўленае ім у зьедлівы кантэкст. Нічога новага.

Лукашэнку цяжка «зразумець» БНР?

Дракахруст: Таксама можна зазначыць, калі ўжо займацца нейкай кансьпіралёгіяй, адзначаць нейкія намёкі, – было сказана, што ёсьць у нас такія старонкі, якія цяжка зразумець, і заўвага, што доўгім і цяжкім быў шлях да атрыманьня нацыянальнай дзяржаўнасьці. Тут можна прыгадаць тыя прамовы, якія Лукашэнка і ягонае атачэньне казалі на 100-годзьдзе БНР, і тут часткова БНР таксама ўключаецца ў нацыянальнае крэда.

Навумчык: Маецца на ўвазе, што з БНР незразумела? Ён, чалавек з вышэйшай адукацыяй гісторыка, з дыплёмам гісторыка, да гэтага часу ня можа зразумець, як ацэньваць БНР, ня можа зразумець тое, што ў пачатку 90-х было зразумела кожнаму старшаклясьніку. А ён зразумець ня можа да гэтага часу.

Дракахруст: У ягонай прамове можна зьвярнуць увагу і яшчэ на адзін момант. Засталося менш як паўгоду да 100-годзьдзя першага ўтварэньня БССР, і пра БССР у яго сумневу няма, вось цытата: «З нараджэньнем БССР Беларусь упершыню здабыла законны палітычны і юрыдычны статус, у краіне зьявілася дзяржаўная сымболіка, былі адкрытыя вышэйшыя навучальныя ўстановы, гучней загучала родная мова, на мапах сьвету былі пазначаныя першыя тэрытарыяльныя межы беларускай рэспублікі». Хутчэй за ўсё, тут адсылка на тое, што гэтае адзначэньне 100-годзьдзя будзе дастаткова патасным, дзяржава яго будзе адзначаць, і менавіта як пэўны адлік цяперашняй беларускай дзяржавы.

Яшчэ б зьвярнуў увагу на адну спрэчную тэзу, якую Валер Карбалевіч ацаніў як пас расейцам, што «пераможцы былымі не бываюць». Ну, чаму ж – бываюць. Можна адзін раз выйграць, а другі – прайграць. Гэта тычыцца Расеі, але гэта тычыцца і Беларусі. Любой краіны. Перамогаў «назаўжды» не бывае. Тэза спрэчная, але ўся гэтая прамова была прасякнутая такім пасылам, што вось у нас ёсьць Перамога, Вялікая Перамога, і яна аснова нашага цяперашняга існаваньня і нашай ідэнтычнасьці.

Енку пра СССР гэтым разам не было

Навумчык: Часам важна ня толькі тое, што той ці іншы палітык сказаў, але і – што ён не сказаў. Пра што не сказаў Лукашэнка з таго, што можна было б ад яго чакаць? Ну вось, скажам, плач па развале СССР ужо некалькі гадоў ня вельмі часта ў яго гучыць. Гучыць часам, але ня так актыўна, як у канцы 1990-х ці ў 2000-х.

Дракахруст: Так, ён у прамове прыгадваў СССР і казаў пра братэрства народаў, але гэта менавіта размова пра адносіны да людзей іншага паходжаньня, іншай крыві, да тых, хто цяпер належыць да іншых дзяржаваў. Але менавіта енку пра тое, які добры быў Савецкі Саюз – няма, і незалежнасьць прызнаецца, канстатуецца, што гэта вялікі наш здабытак, тое, што мы павінны абараняць. Гэта прагучала ў прамове і сёньня на самім парадзе. Сёньня ўжо забылася многімі пра тое, што пасьля прыходу да ўлады для Лукашэнкі беларуская незалежнасьць была недарэчнасьцю, «гэта БНФ з Пазьняком прыдумаў». Цяпер гэта забылася, але так было. Цяпер гэтага няма, гэта вялікая каштоўнасьць, вялікі здабытак, які беларусы нікому не аддадуць і ад усіх абароняць.

Навумчык: Чаму забылася? Гісторыкі, сучасьнікі, памятаюць і яго заявы, і вынікі галасаваньня за незалежнасьць. 25 жніўня 1991 году Лукашэнка заявіў, што ён ня будзе рэгістравацца на сэсіі і ня будзе галасаваць за незалежнасьць.

Ён таксама ня ўдзельнічаў у галасаваньні аб ратыфікацыі Белавескіх пагадненьняў. Няпраўда, што ён галасаваў супраць. Супраць галасаваў Валер Ціхіня, былы сакратар ЦК КПБ. Я тады сядзеў побач зь ім і бачыў. Але за ратыфікацыю Лукашэнка не галасаваў. Потым ён пабудаваў сваю прэзыдэнцкую кампанію 1994 году на аднаўленьні СССР. Хаця ты маеш рацыю, што маладое пакаленьне, яны гэтага ня ведаюць і ім няма адкуль пра гэта даведацца.

Дракахруст: Я хачу прыгадаць гістарычны анэкдот. Калі Напалеон кіраваў Францыяй і фактычна ўсёй Эўропай, у Швэцыі каралеўская дынастыя засталася без нашчадка. І швэды папрасілі Напалеона даць ім караля. Ён і даў, свайго маршала, героя вайны і рэвалюцыі, былога якабінца Бэрнадота. Бэрнадот стаў швэдзкім каралём. Потым Напалеон прайграў, многія прызначаныя ім манархі ў Эўропе пазьляталі са сваіх тронаў. А Бэрнадот – не. Цяперашні кароль Швэцыі – нашчадак таго Бэрнадота.

Дык а ў чым анэкдот? Калі ў старасьці караля Бэрнадота агледзеў доктар, то ўбачыў на грудзях манарха татуіроўку, які той набіў у гады сваёй якабінскай маладосьці: «Сьмерць каралям і тыранам!».

Расейскі і кітайскі фактары

Навумчык: Гісторыя сапраўды ведае прыклады, калі людзі мянялі сваю палітычную пазыцыю. Хаця ў кіраўнікоў дзяржаваў зьмена пазыцыі ўсё ж мусіць неяк абгрунтоўвацца і ўвасабляцца ў нейкіх знаках.

Вось якраз пра знакі. У сёньняшнім парадзе бралі ўдзел кітайскае і расейскае вайсковыя падразьдзяленьні. Чым бы ты гэта патлумачыў?

Дракахруст: Што тычыцца расейцаў, то тут відавочна. Расея – вайсковы, палітычны, эканамічны і ўсякі іншы саюзьнік Беларусі. Запрашаць расейскіх вайскоўцаў на парад у Беларусі на 3 ліпеня – гэта практыка ўжо многіх гадоў. Некалькі гадоў таму, памятаю, запрасілі таксама амэрыканскі вайсковы аркестар, балазе заўтра – самае галоўнае сьвята ў ЗША.

Так што расейцаў запрасілі, бо яны афіцыйныя, фармальныя вайсковыя саюзьнікі, і таму што шмат гадоў раней запрашалі.

А вось тое, што запрасілі кітайцаў – гэта цікава. Фармальна Кітай – ніякі не вайсковы саюзьнік Беларусі. Няма вайсковага саюзу, вайсковага пагадненьня, у якім КНР брала б на сябе абавязак абараняць Беларусь у выпадку вайны, а Беларусь – абараняць Кітай. Але тым ня менш. Гэта дэманстрацыя і расейцам у тым ліку.

Навумчык: У чым дэманстрацыя?

Дракахруст: У тым, што раней кітайцаў не запрашалі. У тым, што Кітай – не вайсковы саюзьнік Беларусі, а іх запрасілі. Палякаў, напрыклад, ці сэрбаў, не запрасілі. Хаця вайсковага саюзу зь Кітаем і няма, але супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай галіне ёсьць, вось тыя ж «Палянэзы» разам распрацавалі. Пакуль гэта ўсё проста непараўнальнае з узроўнем супрацоўніцтва з Расеяй.

Але пэўны жэст у бок Расеі, дэманстрацыя, што ў нас могуць быць саюзьнікі і акрамя вас.

Навумчык: Гэта можа разглядацца ў кантэксьце тэктанічных зьменаў геапалітычнай сытуацыі ў сьвеце, калі Кітай стаў другой дзяржавай у сьвеце. А праз пару дзесяцігодзьдзяў, паводле прагнозаў, можа стаць і першай.

Адначасна вядома, што ў Кітая і Расеі даволі няпростыя адносіны. Расея шмат у чым залежная ад Кітаю.

Дракахруст: Расея ў стасунках з Кітаем вельмі ўразьлівая дэмаграфічна, так бы мовіць. Расейскі Далёкі Ўсход – пусты, там жыве вельмі мала людзей і людзі адтуль зьяжджаюць. А празь мяжу, празь Амур – мільёны кітайцаў. Кітайцы ўвесь час інфільтруюцца ў Расею, працуюць там, укладаюць грошы. Можа ня варта перабольшваць, але такі этнічны, дэмаграфічны ціск увесь час адбываецца.

Гэта ня заўтра прывядзе да істотных вынікаў, але зь цягам часу можа і прывесьці. Асабліва з улікам таго, што Кітай штогод нарошчвае свае «цягліцы» – і эканамічныя, і вайсковыя.

Навумчык: Памятаю, чытаў у 90-я гады аналітычны артыкул, дзе пісалася, што колькасьць гадзінаў налёту ў расейскіх вайсковых лётчыкаў на Далёкім Усходзе ў 40 разоў меншая, чым у іх кітайскіх калегаў празь мяжу. І выказвалася засьцярога, што Кітай можа пачаць агрэсію і захапіць гэтыя абшары.

Цяпер аналітыкі схіляюцца да таго, што Кітаю нічога такога рабіць ня трэба – дастаткова эканамічнай і дэмаграфічнай экспансіі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG