Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята няўпэўненасьці


Калі кіраўніку дзяржавы падчас адзначэньня Дня Незалежнасьці даводзіцца даказваць правамернасьць сьвята, то штосьці з гэтым сьвятам ня так.

Выступ прэзыдэнта падчас урачыстасьцяў з нагоды галоўнага дзяржаўнага сьвята (урачыстым сходзе, парадзе) — неабходны рытуал. Там прагаворваюцца звычайныя тэзы, якія пасуюць гэтаму дню. Цяжка кожны раз прыдумаць нешта новае, калі адзначаецца адна і тая ж падзея.

Але гэтым разам у мяне склалася ўражаньне нейкай няўпэўненасьці, якая гучала ў выступах Аляксандра Лукашэнкі. Здавалася, што ён увесь час нешта даказваў, зь некім спрачаўся. Хоць, здаецца ў гэтым няма ніякай патрэбы. Хіба ёсьць праціўнікі незалежнасьці краіны?

Адначасна заўважым, што зусім нядаўна, 22 чэрвеня, праз тры дні пасьля візыту Ўладзіміра Пуціна, Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Шклоўскім раёне адзначыў: «Мы на фронце. Ня вытрымаем гэтыя гады, правалімся, значыць, трэба будзе або ў склад якой-небудзь дзяржавы ісьці, ці аб нас проста будуць выціраць ногі». Дарэчы, за гэтую заяву кіраўніка дзяржавы давялося апраўдвацца міністру замежных спраў Уладзіміру Макею, маўляў, яго ня так зразумелі.

«Мы зьяўляемся сапраўднымі гаспадарамі сваёй зямлі. Менавіта «гаспадарамі», а не «спадарамі», — цьвердзіў Лукашэнка 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе. Цікава, ці ёсьць яшчэ краіна, дзе прэзыдэнт на Дзень Незалежнасьці вымушаны даказваць, упэўніваць яе грамадзян, што яны тут гаспадары, а іх дзяржава — сапраўды незалежная?

Найперш, Лукашэнку ўвесь час даводзіцца пераконваць, чаму менавіта дата 3 ліпеня абраная дзеля сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці. Бо гэта, скажам мякка, вельмі неадназначна ацэньваецца ў беларускім грамадзтве. Аб чым добра напісаў мой калега Сяргей Навумчык. Таму кіраўніку дзяржавы штогод даводзіцца спрачацца і тлумачыць.

Галоўным аргумэнтам становіцца тэза аб гераізьме беларускага народу ў барацьбе з фашызмам. Маўляў, тыя, хто крытыкуюць выбар даты 3 ліпеня дзеля сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці, ставяць пад сумнеў ня толькі гераізм народу, але і саму сьвятую справу перамогі над фашызмам. Прыём дэмагагічны, але ён выкарыстоўваецца больш як 20 гадоў.

У выступе Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе было шмат спрэчных рэчаў. Вось, напрыклад, такая цікавая фраза: «Наша гісторыя яшчэ раз пацьвердзіла, што пераможцы былымі не бываюць». Думаю, гэтая тэза вельмі спадабаецца расейскаму кіраўніцтву, якое на ідэі перамогі ў мінулай вайне грунтуе агрэсіўную замежную палітыку. Маўляў, перамога апраўдвае, дае індульгенцыю на любыя дзеяньні.

Але вернемся да даты Дня Незалежнасьці. Лукашэнка працягвае спрэчку з апанэнтамі: «Беларусы былі адзіныя ў сваім выбары і разам больш за два дзясяткі гадоў таму вызначылі 3 ліпеня — дату вызваленьня горада-героя Мінска — галоўным дзяржаўным сьвятам. У гады Вялікай Айчыннай вайны, у далёкім сорак чацьвёртым, бітва за сталіцу нашай Радзімы стала вырашальнай у лёсе народу».

Ня будзем прыдзірацца да таго, што летам 1944 году асаблівай бітвы за Менск не было, немцы хутка адступалі. Незразумела, чаму гэтая падзея стала вырашальнай у лёсе народу?

Цяпер што да рэфэрэндуму 1996 году, на які спасылаецца Лукашэнка. Па-першае, сьцьверджаньне пра адзінства беларусаў — значнае перабольшваньне. Нават паводле афіцыйных вынікаў, у падтрымку прапановы Лукашэнкі перанесьці Дзень Незалежнасьці на 3 ліпеня прагаласавала 88%. Гэта ад колькасьці тых, хто прынялі ўдзел у галасаваньні. Калі ж лічыць ад агульнай колькасьці электарату, то атрымаем лічбу 74%. Амаль 2 мільёна чалавек ня выказалася «за».

Па-другое, у ходзе правядзеньня рэфэрэндуму было так шмат парушэньняў, што гэта робіць ягоныя вынікі вельмі сумнеўнымі.

Але галоўнае тут іншае. Калі Лукашэнка праз 22 гады усё яшчэ спрачаецца, пераконвае, то гэта сьведчаньне таго, што ён сам адчувае ў душы ўсю хісткасьць сытуацыі. Бо відавочнае няма патрэбы даказваць.

Кажучы пра новыя выклікі і пагрозы, якія паўстаюць перад краінай, Лукашэнка назваў толькі адну небясьпеку. Гэта інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, мэсэнджары. Але гэта, хутчэй, пагроза для існага рэжыму, а не для дзяржавы.

Але лёгіка Лукашэнкі зразумелая. Улады прайгралі ідэалягічную барацьбу ў інтэрнэце і цяпер ліхаманкава шукаюць выйсьце. Зьмена рэдактараў асноўных дзяржаўных мэдыяў, прыняцьце новага закону аб СМІ, забарона Хартыі, перасьлед гендырэктара агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая — гэта ўсё зьвеньні аднаго ланцуга. На гэтым тле ягоная фраза: «Нам трэба будзе яшчэ шмат зрабіць у сфэры абароны свайго інфармацыйнага поля,» — гучыць злавесна, найперш, для незалежных мэдыяў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG