Упаўнаважаная па правах чалавека ў Расеі Тацяна Маскалькова 28 чэрвеня сустрэлася з утрымваным у расійскай калёніі ўкраінскім рэжысэрам Алегам Сянцовым, які галадае ўжо 46 дзён.
Паводле яе, ён у здавальняючым стане, але ў сувязі зь яго галадоўкай застаюцца асьцярогі, паведаміла Маскалькова агенцтву ТАСС па выніках сустрэчы. Паводле расейскай амбудсмэнкі, Сянцоў ходзіць, цікавіцца тым, што адбываецца ў сьвеце, глядзіць тэлевізар, навіны і футбол, заўзее за Ўругвай і Гішпанію, піша сцэнар для фільму. Яна таксама адзначыла, што абмяркоўваць пытаньне спыненьня галадоўкі Сянцоў адмовіўся. Раней расейская амбудсмэнка параўнала галадоўку Сянцова зь «лячэбным галаданьнем», а пазьней заявіла, што ня бачыць у ёй «сьмяротнай небясьпекі».
Упаўнаважаную Вярхоўнай рады Ўкраіны па правах чалавека Людмілу Дзянісаву, якая ў чацьвер прыбыла ў горад Лабытнангі Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі на адным самалёце з Маскальковай, зноў не пусьцілі ў калёнію да Сянцова. Прадстаўнік расейскай амбудсмэнкі заявіў, што Дзянісава не ўзгадніла наведаньне Сянцова з расейскім бокам. Раней ўкраінскай амбудсмэнцы адмовілі ў відэасувязі са зьняволеным украінскім рэжысэрам.
На мінулым тыдні стала вядома, што Маскалькова і Дзянісава ўзгаднілі сьпіс з 34 грамадзян, якія застаюцца пад вартай на тэрыторыі дзьвюх краін, якіх яны маюць намер наведаць у пачатку жніўня сёлета. Неўзабаве пасьля гэтага абодва бакі абвінавацілі адзін аднаго ў нежаданьне і няздольнасьці выконваць дамоўленасьці.
Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Крыме, 14 траўня абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць з расейскіх турмаў усіх украінскіх палітвязьняў.