Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская амбудсмэн параўнала пратэст Сянцова зь лячэбным галаданьнем


Алег Сянцоў, архіўнае фота

Упаўнаважаная ў пытаньнях правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі параўнала галадоўку рэжысэра Алега Сянцова ў расейскай калёніі зь «лячэбным галаданьнем».

У інтэрвію «Новай газэце» Тацяна Маскалькова заявіла, што ўкраінскі зьняволены з уласнай згоды атрымлівае падтрымальную тэрапію ў выглядзе вітамінаў, глюкозы і бялкоў.

Паводле чыноўніцы, стан Сянцова кантралюе «мясцовы ўпаўнаважаны» Алег Сак. Яго яна ахарактарызавала як «цьвёрдага чалавека, старой яшчэ загартоўкі», ад якога «так лёгка не адвяжасься». Ён дасылае справаздачы з фатаздымкамі, на якіх відаць, што рэжысэр выглядае добра і нібыта нават крыху прыбавіў у вазе. Маскалькова таксама адмаўляе, што ў Сянцова выпалі два зубы.

У гутарцы з «Новай газэтай» расейская амбудсмэн таксама ўсклала віну за зацягваньне працэсу сумеснага наведваньня ўкраінскіх і расейскіх зьняволеных на ўпаўнаважаную ў правах чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Людмілу Дзянісаву. Тацяна Маскалькова выказала здагадку, што ўкраінскія «калегі настроеныя не на працу, а на пастаяннае разгойдваньне сытуацыі».

Зьняволены ў Расеі ўкраінскі кінарэжысэр Алег Сянцоў галадае ўжо 37-ы дзень з патрабаваньнем вызваленьня ўсіх украінскіх палітвязьняў, якіх утрымлівае Расея. Алег Сянцоў разам з грамадзкім актывістам Аляксандрам Кольчанкам і яшчэ двума людзьмі былі затрыманыя расейскімі спэцслужбамі ў Крыме ў траўні 2014 году па абвінавачваньні ў арганізацыі тэрактаў на акупаваным паўвостраве.

У жніўні 2015 году Сянцова асудзілі да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму. Сянцоў сваёй віны не прызнаў. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» у Расеі ўнёс Сянцова ў сьпіс палітвязьняў.

14 траўня Алег Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якіх утрымліваюць у турмах Расеі і Крыму.

Актывісты ва Ўкраіне і сьвеце патрабуюць ад Расеі і яе прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна вызваліць Сянцова і іншых незаконна зьняволеных украінцаў. Акцыі ў падтрымку праходзяць у многіх краінах і на розных кантынэнтах пад лёзунгамі #FreeOlegSentsov і #SaveOlegSentsov.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG