Служба бясьпекі Ўкраіны сьцьвярджае, што прадухіліла тэракт у Харкаве, які рыхтавалі расейскія спэцслужбы.
Як гаворыцца ў паведамленьні СБУ, затрымалі жанчыну — як сьцьвярджаецца, удзельніцу групы «Харкаўскі рух супраціву», якая рыхтавала падрыў помніка воінам УПА ў Харкаве.
У паведамленьні СБУ гаворыцца, што гэтая група ў 2014 годзе арганізавала выбухі ў горадзе, а ў красавіку сёлета расейскія спэцслужбы аднавілі яе фінансаваньне. Яе ўдзельніца затрыманая, як сьцьвярджаецца, у момант закладкі выбухоўкі.
СБУ раней сьцьвярджала, што расейскія спэцслужбы маюць намер арганізаваць тэракты ў розных рэгіёнах Украіны. У выніку спэцапэрацыі з інсцэніроўкай забойства расейскага журналіста Аркадзя Бабчанкі СБУ ўдалося атрымаць, як яна заяўляе, сьпіс 47 вядомых грамадзкіх дзеячаў, якіх меркавалася забіць. Расея адмаўляе якое-небудзь дачыненьне да падрыхтоўкі забойстваў і тэрактаў.