Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзёньнік калябаранткі». Як менчукі выжывалі пад нямецкай акупацыяй. Шмат архіўных ФОТА


Анастасія і Аляксандар Клышкі з дочкамі Валяй і Ірай. Менск, 1939 год
Анастасія і Аляксандар Клышкі з дочкамі Валяй і Ірай. Менск, 1939 год

У 1941 годзе за тры дні ад пачатку ваенных дзеяньняў на тэрыторыі СССР нямецкія войскі бесьперашкодна дайшлі ад Берасьця да беларускай сталіцы. Арганізаваць тэрміновую эвакуацыю партыйныя ўлады ня здолелі. Дзясяткі тысяч сем’яў засталіся ў акупаваным Менску: па некаторых зьвестках, 2/3 тагачаснага насельніцтва.

У рэдакцыю Свабоды трапілі ўнікальныя архіўныя матэрыялы пра тое, як выжывалі так званыя «калябаранты», на якіх без разбору ляпіла кляймо савецкая прапаганда.

Травень 1943 году, менская вуліца
Травень 1943 году, менская вуліца

Нявольнікі «Менскай зямлі»

Паэт, навуковец Алесь Клышка падзяліўся са Свабодай рукапіснымі ўспамінамі адной са сваіх сясьцёр Ірыны, якой у чэрвені 1941-га споўнілася 6 гадоў. Сам ён зьявіўся на сьвет ужо ў паваенны час, сёлета адзначыў 70-гадовы юбілей. Асобныя эпізоды тагачаснага жыцьця леглі ў аснову ягонай дакумэнтальна-біяграфічнай паэмы «Менская зямля», але большая частка робіцца публікуецца ўпершыню.

Алесь Клышка, фрагмэнт паэмы "Менская зямля"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:10:17 0:00

Іх бацька — кадравы афіцэр Аляксандар Клышка, прайшоў усю вайну на пасадзе намесьніка камандзіра танкавага батальёну, узнагароджаны за ўдзел у баях па абароне Масквы, вызваленьні Вены і Будапэшту, кавалер двух ордэнаў Чырвонай Зоркі. Маці — адказная рэдактарка Беларускага радыёкамітэту, у дзявоцтве Анастасія Голубева — дачка ўдзельніка трох рэвалюцый і грамадзянскай вайны ў Расеі, ссыльнага, рабочага чыгуначнага дэпо і станкабудаўнічага заводу ў Менску, першага ў Беларусі Героя працы Ёсіфа Голубева. Ягоным імем названая менская вуліца.

Калі муж пайшоў на фронт, жанчына разам з трыма малымі дзецьмі (Валянцінай, Ірынай, Маркам) і сваімі бацькамі засталася ў горадзе. Па вайне ў сям’і нарадзіліся яшчэ двое дзетак — Алесь і Марына. Неўзабаве пасьля аднаўленьня савецкай улады была выключаная з партыі, змагла ўладкавацца толькі ў газэтны шапік.

Ёсіф Голубеў зь дзецьмі і ўнукамі, 1926 год
Ёсіф Голубеў зь дзецьмі і ўнукамі, 1926 год

Ірына Клышка адвучылася ў школе і ў 1954 годзе паступіла на фізыка-матэматычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту, скончыла яго з чырвоным дыплёмам. У 1957-м як выдатніцу яе дэлегавалі ў Маскву на Ўсясьветны фэстываль моладзі і студэнтаў. Выкладала матэматыку ў сярэдніх школах і ВНУ, была вэтэранам працы. Чатыры гады таму яе ня стала, але застаўся дзёньнік вымушанай «калябаранткі».

Ліпень 1942 году, разбураны мост у Менску
Ліпень 1942 году, разбураны мост у Менску

Канец бесклапотнасьці

Нашага бацьку Аляксандра Клышку пасьля заканчэньня Вышэйшай танкавай вучэльні ў Кіеве накіравалі служыць у танкавую частку Менскага гарнізону — на той час знаходзілася яна «далёка за рысай гораду» (цяпер гэта вуліца Куляшова). У вёску Чыжоўка, што побач з часткай, тата на лета вывозіў усю сям’ю — як на лецішча: і на прыродзе, і да яго бліжэй. На тры месяцы наймалі дом у адзінокага гаспадара.

Аляксандар Клышка з дочкамі Ірай і Валяй
Аляксандар Клышка з дочкамі Ірай і Валяй

12 чэрвеня 1941-га мне споўнілася 6 гадоў, я атрымала на дзень нараджэньня вялікую прыгожую ляльку. Мы зь сястрой Валяй (8 гадоў) каталі калыску з 9-месячным брацікам Маркам у двары. Мама Анастасія Ёсіфаўна ў сарафане і белых чаравіках завіхалася дома, чакаючы на абед бацьку. Было цёпла, сьпявалі птушкі, мы былі бесклапотныя і шчасьлівыя...

У такім прыўзьнятым настроі прайшлі наступныя 10 дзён. Пакуль з вайсковай часткі на вайсковым матацыкле зь люлькай не прыехаў бацька. Усхваляваны і мокры ад поту, ён уляцеў у хату і з парога вымавіў: вайна... Усе замітусіліся, гучна загаварылі, а мне мама загадала начысьціць бульбы — да гэтага такое рабіць не даводзілася. Я сядзела на ганку і няўмела, буйнымі «лустамі», зразала шалупіньне. Толькі потым мама пабачыла, што я нарабіла, і з папрокамі пачала перачышчаць абрэзкі.

Травень 1943 году, задні двор аднаго зь менскіх дамоў
Травень 1943 году, задні двор аднаго зь менскіх дамоў

Спозьненая эвакуацыя

Бацькі спрачаліся: тата пераконваў зьбірацца ў эвакуацыю. Мама пярэчыла: маўляў, куды паеду з трыма малымі дзецьмі? І тэрмінова выправілася ў горад, каб параіцца са сваімі бацькамі. Калі даведалася, што тыя застаюцца, вырашыла, што таксама нікуды не паедзе...

Лейтэнант Аляксандар Клышка, 1944 год (зьлева) і супрацоўніца радыёкамітэту Анастасія Голубева, 1932 год
Лейтэнант Аляксандар Клышка, 1944 год (зьлева) і супрацоўніца радыёкамітэту Анастасія Голубева, 1932 год

Праз тры дні мы разьвітваліся з бацькам. Ён не пасьпеў эвакуявацца са сваёй танкавай часткай і, пераапрануўшыся ў цывільнае, узяў ровар і разам зь яшчэ адным таварышам па службе пайшоў у лес, каб далучыцца да іншых армейскіх фармаваньняў. Вечарэла, мы стаялі ля плота і глядзелі ўсьлед тату. Мама і Валя плакалі, брацік спаў у маці на руках, а я трымала яе за падол, і мне было амаль ня страшна.

...А потым проста над стрэхамі пачалі лятаць самалёты з крыжамі на крылах. Гаспадар прысьпешваў вызваліць дом. Яны з мамай выкацілі татаў матацыкл і папхнулі яго да рэчкі. Мэтраў за 50 да берага ён раптам затарахцеў, усе спалохаліся шуму, яшчэ больш паднаціснулі і саштурхнулі яго ў ваду. Матор заглух, стала ціха.

Марш захопнікаў

Жнівень 1941 году, нямецкія войскі перад Домам ураду ў Менску
Жнівень 1941 году, нямецкія войскі перад Домам ураду ў Менску

У двары стаяў склеп зь невялікай трохкутнай надбудовай. Туды да позьняй ночы мы зносілі запасы вады і ежы, падсьцілкі і коўдры, падушкі і гаршчкі. Нарастаў грукат, немцы наступалі ў бок Менску...

Ноч на 26 чэрвеня правялі ў склепе разам з гаспадаром. Ледзь разьвіднела, міма платоў рушылі нямецкая тэхніка і салдацкія калёны. Зьверху было невялікае вакенца, перад ім на палічцы стаяў графін з вадой. Ад шуму і грукату дрыжэла зямля, тоненька зьвінеў графін, стукаючыся аб кубак. Усе па чарзе глядзелі на вуліцу.

Мяне таксама паставілі на лавачку: праз дым і пыл я ўбачыла чорнае нашэсьце, якому не было канца. Немцы тым часам занялі Менск.

Ліст бацьку ад дачкі Ірыны. Частка ў лісьце закрэсьленая ваеннай цэнзурай 1945 год
Ліст бацьку ад дачкі Ірыны. Частка ў лісьце закрэсьленая ваеннай цэнзурай 1945 год

Гаспадар запрог каня, мама паклала на воз няхітрыя пажыткі. Мы выправіліся ў горад. Яшчэ да гарадзкой рысы «кіроўца» разгледзеў нямецкі патруль і заявіў, што далей не паедзе. Угаворы не дапамаглі. Увесь скарб быў выгружаны на ўзбочыне дарогі, мужчына разьвярнуўся і зьехаў. Мама пакарміла маленькага Марка і зазьбіралася ў Менск. Нам загадала сядзець на вузлах і чакаць яе. Нават здалёк было бачна, што горад гарэў, над гарызонтам уздымаўся чорны дым. Цямнела, нам было страшна: раптам яна ня вернецца, што з намі будзе? Валя трымала на каленях браціка, я прыціснулася да яе. Хацелася плакаць і есьці.

Ліпень 1941 году, жыхары Менску
Ліпень 1941 году, жыхары Менску

Яма для немаўляці

Было зусім цёмна, калі пад’ехаў грузавік і з кабіны выскачыла мама. Кіроўца дапамог пагрузіцца, і мы паехалі дадому — на Савецкую, 19. На шчасьце, наш дом побач з Чырвоным касьцёлам ацалеў. Як і Дом ураду, і фабрыка-кухня.

Мы жылі на першым паверсе камуналкі, у нас быў пакой 16 м2. Суседзямі — прафэсар Нікольскі з жонкай, прафэсар Перцаў з жонкай і прыслугай, мастак Раманаў з жонкай і дзьвюма дочкамі 7 і 9 гадоў. Усе радасна нас сустрэлі, бо ня ведалі, ці жывыя мы.

Трафэйныя паштоўкі з Аўстрыі ад бацькі
Трафэйныя паштоўкі з Аўстрыі ад бацькі

Мы з Валяй часта хадзілі да Раманавых, у дзяўчат былі каляровыя алоўкі і фарбы. Іх мама Ніна была цяжарная, таму не пасьпелі эвакуявацца — немаўля нарадзілася за дзень да зьяўленьня ў горадзе немцаў. Раманаў па начах капаў пад падлогай сховішча, каб жонка-габрэйка магла схавацца падчас ператрусу. Праз вакно выносіў вёдрамі зямлю ў іншы двор. Мы пра гэта ведалі, ня раз бачылі яму. Калі пачаліся рэйды, Ніна зь дзіцем хаваліся ў яме, муж клаў зьверху шчыт, а на яго ставіў крэсла. Як заходзілі немцы, бацька і дочкі баяліся толькі аднаго — каб з-пад зямлі не заплакала немаўля. Тады дзяўчаты пачыналі спрачацца, мітусіцца, каб узьняць шум.

Як потым склаўся лёс Раманавых? Магчыма, штосьці ведала мама, але, аберагаючы нас, нічога не казала.

Першы ператрус

Аляксандар Клышка, 1926 год
Аляксандар Клышка, 1926 год

Памятаю першы вобшук у нас.

На парозе ўзьнік афіцэр з двума аўтаматчыкамі. Мама, пачуўшы шум, хуценька загнала нас у ложак і загадала прыкінуцца хворымі. Мы ціха стагналі, а немцы тым часам пераварочвалі ўсё ў пакоі дагары нагамі.

Знайшлі фару ад татавага матацыкла, прыставілі маме да грудзей аўтамат. Мы ў сьлёзы, яна таксама — дзеці прынесьлі з вуліцы, гуляюць.

Неяк супакоіліся, тыя забралі фару і сышлі. А мама толькі перахрысьцілася: у канапе ляжала вайсковая форма таты і новыя боты. Каб нехта выдаў, што Анастасія Клышка — дачка вядомага рэвалюцыянэра і жонка чырвонага афіцэра, расстралялі б на месцы.

Паштовая картка з фронту
Паштовая картка з фронту

4 гады Аляксандар Клышка ня ведаў пра лёс сям’і
4 гады Аляксандар Клышка ня ведаў пра лёс сям’і

Неўзабаве немцы расклеілі на пад’ездах загад: усе прымачы і радыётэхніку выставіць на лесьвічныя клеткі. Назаўтра мы з Валяй пабеглі па паверхах: ля дзьвярэй была звалена розная апаратура.

А ў ліпені 1941-га ўсім сказалі вымятацца. Нас перасялілі ў барак на вуліцы Пуліхава, побач зь сям’ёй паліцая. Лета выдалася сьпякотным, я бегала па вуліцы ў адных трусах. Неяк выпадкова сутыкнулася з жонкай паліцая — хацела зайсьці ўсярэдзіну, а яна якраз выходзіла з кіпнем. І апарыла мяне. Я ляжала на траве і стагнала, а жанчына пасыпала грудзі і жывот пітной содай. Мама яшчэ доўга потым мяне выходжвала.

Галакост у Менску

Чэрвень 1941 году, катэдральны Марыінскі касьцёл (цяпер Архікатэдральны касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі)
Чэрвень 1941 году, катэдральны Марыінскі касьцёл (цяпер Архікатэдральны касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі)

Пасьля мы жылі насупраць Вайсковых могілак у кватэры мамінай сястры Марыі, якая пасьпела эвакуявацца.

Хадзілі ў царкву Сьвятога Аляксандра Неўскага, дзе нас, трох дзяцей, пахрысьцілі. Трэба сказаць, што храмы за немцамі спраўна працавалі, і гэта было ня толькі месца для малітваў — там я навучылася чытаць і пісаць. Калі сканчалася служба, мы ішлі за айцом Віктарам Бекарэвічам, трымалі яго за рукі, каб праз гэтыя дотыкі адчуць свайго бацьку...

Неяк уначы я прачнулася ад шуму. Мама прыпала да вакна: пад аховай аўтаматчыкаў павольна рушыў натоўп людзей, на грудзях у кожнага — жоўтая шасьціканцовая зорка. Калі параўналіся з могілкамі, некаторыя спрабавалі ўцячы, іх даганялі і забівалі. Потым гэта паўтаралася кожны тыдзень. Па чутках, у адным з дамоў на гэтай жа вуліцы была абсталяваная душагубка. Адтуль целы вывозілі спальваць у Трасьцянецкі канцлягер.

Менскія дзеці вайны
Менскія дзеці вайны

Зімой 1942-га нас зноў перасялілі. З намі жыла вечна напалоханая жанчына Глінская, а насупраць — маладая суседка Ніна з сынам і дачкой 10 і 8 гадоў. Ніна «абслугоўвала» нямецкіх афіцэраў, дзяцей падкідвала нам... Невядома, адкуль у двары зьявіўся певень, бо зьелі нават катоў, сабак і галубоў. Толік, сын Ніны, кінуўся яго лавіць. Птушка заскочыла ў пад’езд і бегла аж да падваконьня расчыненага вакна перад гарышчам. У апошні момант ён схапіў здабычу, і яны разам паляцелі ўніз. На шчасьце, певень так махаў крыламі, што зьмякчыў падзеньне, хоць Толя яшчэ доўга курчыўся ад болю.​

Галоўная сынагога Менску, паваенны рускі драмтэатар
Галоўная сынагога Менску, паваенны рускі драмтэатар

Травяныя праснакі

Ёсіф Голубеў з жонкай Марыяй Жашчынскай, Брэст-Літоўскі, 1900 год
Ёсіф Голубеў з жонкай Марыяй Жашчынскай, Брэст-Літоўскі, 1900 год

Аднойчы ў кватэру ціхенька пастукалася маладая габрэйка і папрасіла яе прытуліць. Калі хтосьці да нас заходзіў, яна хавалася пад маім ложкам. А мама ў гэты час замірала ад страху. Дзяўчына таксама разумела: калі здарыцца вобшук і яе знойдуць, усіх, уключна зь дзецьмі, расстраляюць. Праз тры дні яна сышла, а ў якасьці падзякі пакінула нажніцы. У тыя гады — сапраўдны скарб. Мама горка плакала.

Мая бабуля Марыя Дыянісаўна Жашчынская жыла на вуліцы Чкалава разам з малодшай дачкой Раяй (25 гадоў) і маленькай унучкай. У адзін зь дзён Рая недалёка ад дому трапіла ў аблаву (так званы «хапун»), вялізны натоўп немцы пагналі ў бок вакзалу. Праходзячы па мосьце, некалькі чалавек кінуліся пад круты адхон і зьбеглі. Рая ў тым ліку. На шчасьце, даганяць іх ня сталі. Усіх астатніх пагрузілі ў вагоны і павезьлі на прымусовыя працы ў Нямеччыну.

У бабулі быў гарод, яна дапамагала нам пракарміцца. Нягледзячы на гэта, мама будзіла нас з Валяй на сьвітанку і выпраўляла па лебяду і крапіву: прасьпім — зьбяруць іншыя. З травы рабілі праснакі, вадкі суп, сушылі яе на зіму.

Люты 1942 году, кірмаш у Менску
Люты 1942 году, кірмаш у Менску

Біяграфія Гітлера

Узнагарода лейтэнанту Клышку за ўзяцьце Вены
Узнагарода лейтэнанту Клышку за ўзяцьце Вены

У канцы лета 1942 году акупацыйныя ўлады выдалі загад: усе дзеці мусяць наведваць нямецкую школу. Настала восень, мы з Валяй пайшлі вучыцца... Гэта быў мужчынскі кляштар у Верхнім горадзе — жаночы стаяў у Траецкім прадмесьці. У манастырскіх кельлях абсталявалі клясы, паставілі парты, мы там займаліся. Як пачало халадаць, загадалі прыносіць штодня па тры палены — паліць у печы. Дроў не было, мы зь сястрой хітравалі: спачатку заходжу я, а потым цішком вяртаюся, каб перадаць ёй.

Раздалі кніжкі на беларускай мове, але лацінскім шрыфтам. «Жыве Беларусь!» — з такога вітаньня пачынаўся кожны ўрок. Мяне хвалілі, што я найлепш з клясы чытаю. Дагэтуль памятаю, як пераказвала біяграфію «правадыра»: «Адольф Гітлер — вялікі сын нямецкага народу, нарадзіўся...».

У школу хадзіць ня вельмі хацелася, бо чытаць, пісаць мы зь сястрой і так умелі. Да таго ж за любую правіну білі па руках доўгай лінейкай. Мама часам дазваляла прапусьціць заняткі, а калі па тлумачэньні прыходзіў настаўнік, гнала нас у ложак «хварэць».

Травень 1943 году, нямецкія салдаты ў Менску
Травень 1943 году, нямецкія салдаты ў Менску

Der gute Doktor

У першую ваенную зіму паміраў брацік Марк. На горле выскачыў вялізны нарыў, паднялася тэмпэратура. Прыйшла суседка, прынесла каганец, у які залівалі сабачае сала. Паглядзела, перахрысьцілася: «Дайце дзіцяці спакойна адысьці...»

Ёсіф Голубеў з унукамі Марынай і Алесем
Ёсіф Голубеў з унукамі Марынай і Алесем

Нягледзячы на камэнданцкую гадзіну, мама выбегла на вуліцу, кінулася на калені перад патрулём: «Кіндэр, кіндэр...». Салдаты выслухалі, сказалі вяртацца дадому. Празь нейкі час на матацыкле прывезьлі лекара.

Інтэлігентны цывільны немец выглядаў заклапочаным, казаў, што ня можа апэраваць у такіх умовах. Мама крыкнула: «Рэж!» Ён павёў плячыма, паказаў знакамі, каб далі ручнік. Разануў па гузаку, гной пырснуў проста на яго. І брацік расплюшчыў вочы... Добры доктар пакінуў таблеткі і некалькі кавалачкаў цукру, празь дзень зайшоў паглядзець, як пачуваецца маленькі пацыент. І пахваліў маму: «Вы сьмелая жанчына».

Ліпень 1941 году, цывільныя асобы вяртаюцца ў Менск
Ліпень 1941 году, цывільныя асобы вяртаюцца ў Менск

Немцы былі пэдантычныя і часам нават уважлівыя. Калі перакідвалі зь месца на месца, прыходзіў афіцэр і казаў рабочым: «Трэба перавезьці сям’ю гэтай фраў. Калі што-небудзь зьнікне, расстрэл...». Былі і іншыя. У нас заўсёды з сабой была кансэрвавая бляшанка, бо хадзілі і нешта шукалі. Вось нямецкія казармы, салдаты ядуць кашу. Бачаць дзяцей і кідаюць цукеркі. Мы на каленях іх зьбіраем, яны фатаграфуюць. Могуць загадаць танцаваць. Просім кашы, часам даюць. І пры гэтым урэжуць малым пад зад — нагой, ботам.

Сям’я Клышкаў, 1953 год
Сям’я Клышкаў, 1953 год

Перад наступам савецкай арміі сутыкнуліся на пажарышчы зь немцам, які там хаваўся. Мама насіла яму ежу, вопратку. Як бы аддзячыла за ўратаванага Марка.

Ратавальны хлебзавод

Дзякуючы акадэміку Мікалаю Нікольскаму мама працавала на хлебзаводзе ў мясільным цэху. Сам ён быў зьвязаны з партызанамі, але некаторыя яго вучні працавалі ў камэндатуры. І па рэкамэндацыі яе ўзялі. Гэта ўратавала нас ад сьмерці. У суровую зіму 1941-га мы літаральна гінулі ад голаду і холаду, лістапад-сьнежань былі забойчыя. А потым, хоць і не дасыта, але елі хлеб.

Графік у мамы быў зьменны, часта ўначы даводзілася заставацца адным. Дзьверы ў нашу кватэру складаліся зь дзьвюх хісткіх філёнак, адчыніць іх не складала ніякай праблемы. Аднойчы дзядуля Ёсіф Голубеў прынёс цяжкую драўляную «завалу», устанавіў знутры дзьве мэталічныя пятлі і загадаў нанач «завальваць дзьверы». Хадзілі чуткі, што злодзеі з банды «Чорная котка» ўломваліся ў дамы, рабавалі і нават забівалі, калі атрымлівалі адпор.

Ёсіф Голубеў, менскі завод Варашылава, 1935 год
Ёсіф Голубеў, менскі завод Варашылава, 1935 год

І сапраўды: неяк гучна пагрукалі, незнаёмыя галасы патрабавалі адчыніць. Мы сьцішыліся, не падавалі ні гуку. А потым зараўлі. На шчасьце, мама якраз вярталася з другой зьмены, пачула шум, крыкі суседкі і наш плач. Адразу кінулася ў камэндатуру, ёй далі двух узброеных салдатаў. Праўда, не дачакаўшыся канвою, злодзеі пасьпелі зьбегчы праз гарышча, немцы іх так і не знайшлі. А дзядулю дзякуй, ягоная завала нас выратавала.

Люты 1942 году, менскія габрэі прыбіраюць сьнег на чыгуначным вакзале
Люты 1942 году, менскія габрэі прыбіраюць сьнег на чыгуначным вакзале

Вяртаньне бацькі

На Каляды 1943 году мама варажыла на бацьку — падпальвала на талерцы скамечаную паперу і трымала сьвечку так, каб цень падаў на сьцяну. Мы з Валяй абамлелі, убачыўшы... выразны профіль бацькі, а вакол полымя і дым. Мама запісала дату, і калі яны пасьля сустрэліся, запытала, што было ў той дзень. Аказалася, ягоны танк падбілі, сам ён быў паранены і ледзь пасьпеў вылезьці празь ніжні люк. Пасьля яшчэ доўга ляжаў у шпіталі.

Калі вайна скончылася, пачалі прыходзіць эшалёны з салдатамі. А таты ўсё не было...

У Траецкім прадмесьці, бліжэй да Сьвіслачы, усю вайну і пасьля працавала гарадзкая лазьня. Я і Валя шлі туды з клуначкам, насустрач афіцэр: партупэя, кіцель у мэдалях, за сьпінай рэчавы мяшок, у руцэ чамадан. Спыніўся: «Дзяўчаткі, а вы дзе жывяце?». Мы сказалі. Ён захваляваўся: «А ня ведаеце раптам Валю і Іру?». Мы маўчалі. І тут Валя ціхенька: «Тата, гэта ты?» — «Так, так!» Усе заплакалі, пачалі абдымацца, ён узяў нас на рукі. За ўсё гады тая сустрэча была абсалютным шчасьцем. Гэта быў 1946 год.

На гарышчы, дзе мы тады жылі, тата расклаў падарункі з Аўстрыі. Мне дасталіся выдатныя, новыя карычневыя чаравічкі з шнуркамі. Але... яны былі малыя. Не зважаючы на боль, я надзела іх і ганарова хадзіла па двары, каб усе пабачылі, якія цудоўныя чаравічкі прывёз бацька.

Тата быў цалкам адданы сям’і, са скуры лез, каб пракарміць сем чалавек. Усё ўмеў, браўся за любую справу. Хоць жылі бедна, на чалавечнасьць гэта не ўплывала. Ніколі ня чулі ад яго грубага, рэзкага слова, ён быў ласкавы і тактоўны. Пішу гэтыя радкі і плачу...

Травень 1943 году, від на опэрны тэатар
Травень 1943 году, від на опэрны тэатар

Тэатральныя коні

Летам 1944-га Менск быў вызвалены. Але самыя страшныя бамбаваньні былі тады, як наступала Чырвоная армія. Не шкадавалі нікога і нічога.

Ратаваліся мы ў Екацярынінскай царкве, на кожную сям’ю свой кут. Падчас абстрэлаў храм быў бітком забіты. Што цікава: Менск быў разбураны на 70–80%, але туды ніводзін снарад ня трапіў.

Нас чарговым разам перакінулі, цяпер на Нова-Мясьніцкую, 19. Тут і засталі чырвонаармейцы. Праўда, калі немцы замест аднаго жыльля давалі іншае, вызваліцелі проста выселілі — ідзі куды хочаш. Мы перабраліся на гарышча гэтага ж дому, дзе потым да нас далучыўся і тата. Там быў пясок, паўзьверх яго ляжалі матрацы і цюфякі, стаяла дзіцячая ванначка. Як пайшлі ў школу, рабілі там жа ўрокі. Можна было прачнуцца і сутыкнуцца «твар у твар» з пацуком...

У вайну на першым паверсе Опэрнага тэатру стаялі коні немцаў, амаль усе пародзістыя. А таксама там быў знакаміты харчовы склад. У міжуладзьдзе людзі кінуліся рабаваць сховішча. Разам з натоўпам у першых шэрагах была і наша Валя, якая нічога не баялася. Схапіла дзьве скрынкі макароны, а калі мужыкі па дарозе хацелі забраць, узяла камень і грозна вымавіла: «Заб’ю». Балазе, прыбегла мама, уратавала і Валю, і макарону.

1941 год, габрэйскія жанчыны і дзеці на маршы ў Менску
1941 год, габрэйскія жанчыны і дзеці на маршы ў Менску

Абдымкі з Коласам

1 верасьня 1944-га мы з Валяй пайшлі ў жаночую школу на вуліцы Энгельса. На вялікім перапынку ніхто не выходзіў з клясы, усе сядзелі на сваіх месцах. Мая першая настаўніца Марыя Іванаўна Малкава, якой я абавязаная выбарам прафэсіі, разносіла і клала на парту маленькі квадрацік паперы. На яго насыпала чайную лыжку цукру і клала маленькі кавалачак хлеба, прыблізна 30–40 грам. У поўнай цішыні мы мачалі хлеб у цукар і павольна елі.

Было бачна, што настаўнікі вельмі засумавалі па сваёй прафэсіі. Урокі рускай мовы і літаратуры вяла Нэлі Абрамаўна Лур’е — іх можна было параўнаць з выступамі на канфэрэнцыях. Яе лекцыі нават былі запісаныя на стужку.

У дзень нараджэньня Якуба Коласа ад нашай школы настаўнікі і лепшыя піянэры паехалі яго віншаваць. Я выканала песьню на верш «Вясна, вясна жаданая, ты прыйдзеш зноў, ты вернесься...». Ад замілаваньня ён прыціснуў мяне да сябе і падзякаваў. На памяць нас сфатаграфавалі.

Алесь Клышка з мамай і сёстрамі
Алесь Клышка з мамай і сёстрамі

Але быў і сумны дзень. Бабуля, дзядуля і мама былі праваслаўнымі. Мама да рэвалюцыі сьпявала ў царкоўным хоры і, калі рабіла хатнія справы, напявала малітвы, гімны, псалмы. Нярэдка, прачынаючыся, я бачыла яе на каленях перад іконай. Быў Вялікдзень, мне дазволілі застацца дома. Назаўтра выклікаюць у настаўніцкую. Дырэктарка Юлія Ісакаўна Нісэнбаўм грозна адчытала: «Не прыйшла ў школу, бо была ў царкве? Прызнавайся! Цябе трэба выключыць зь піянэраў!» Было крыўдна, але я не сказала ні слова. Потым я расказала пра гэта маме, яна плакала, абдымаючы мяне. Пацярпелі за веру...

Непрацяглы час Аляксандар Клышка працаваў у апараце прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР
Непрацяглы час Аляксандар Клышка працаваў у апараце прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР

* * *

Нават пасьля заканчэньня вайны вымушаныя «калябаранты» заставаліся на асаблівым уліку спэцслужбаў. Анастасія Ёсіфаўна так і не змагла ўладкавацца па спэцыяльнасьці, гандлявала газэтамі ў шапіку. Адышла з жыцьця 9 лістапада 1976-га — праз чатыры гады пасьля мужа-франтавіка.

Валянціна і Ірына Клышкі да канца існаваньня СССР фігуравалі ў сьпісах невыязных, іх публічная дзейнасьць была на кантролі. Іх ужо няма сярод жывых, як і брата Марка. Зь вялікай сям’і засталіся толькі Алесь і Марына.

Дзеці на магіле бацькі Аляксандра Клышкі ў дзень ягонага 100-га дня нараджэньня
Дзеці на магіле бацькі Аляксандра Клышкі ў дзень ягонага 100-га дня нараджэньня

Згодна з гістарычнымі дадзенымі, на тэрыторыі Беларусі да сярэдзіны 1945 году органы НКВД арыштавалі звыш 100 тысяч чалавек, пакараўшы расстрэлам ці працяглымі тэрмінамі зьняволеньня за «супрацоўніцтва з акупацыйным рэжымам». Пры тым, што самі ж савецкія і партыйныя ўлады не пакінулі тым іншага выбару.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG