Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве асудзілі групу мытнікаў-карупцыянэраў — да 10 год узмоцненага рэжыму


Суд Ленінскага раёну Магілёва, архіўнае фота
Суд Ленінскага раёну Магілёва, архіўнае фота

Суд Ленінскага раёну Магілёва 20 чэрвеня абвясьціў прысуд па справе магілёўскіх мытнікаў: пяцёх былых супрацоўнікаў аддзелу барацьбы з кантрабандай прызналі вінаватымі ў хабарніцтве і крадзяжы празь перавышэньне службовых паўнамоцтваў, піша Tut.by.

Былому начальніку аддзелу Сяргею Карпушэнку прысудзілі 10 год узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем званьня. Паводле сьледчых, ён у 2016 годзе ня раз атрымліваў хабар за пропуск тавараў праз Магілёўскую мытню без праверкі (у тым ліку санкцыйных праз Расею), спыняў справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях за грашовую ўзнагароду, вяртаў канфіскаваныя мытняй грузы.

Агульныя памеры хабару ацанілі ў 6,7 тысячы даляраў і 150 тысячаў расейскіх рублёў (больш за дзьве тысячы даляраў па курсах 2016 году).

У паўторным атрыманьні хабару групай асобаў прызналі вінаватымі чатырох ягоных супрацоўнікаў: Дзяніса Даніловіча, Сяргея Бякешку, Кірыла Сідарэнку і Сяргея Бежалева асудзілі на адпаведна 7, 7, 6 і 4 гады узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй і пазбаўленьнем званьня.

Яны ўсе за кратамі зь лета 2016 году, гэты час залічыцца ў тэрмін пакараньня. Карпушэнка віну не прызнаў, астатнія прызналі, пакаяліся, але не пагадзіліся з сумай шкоды.

Таксама асуджаныя тры грамадзяніна Азэрбайджану, якіх прызналі вінаватымі ў дачы хабару і крадзяжы групай асобаў — ім прысудзілі ад 2 да 3 год узмоцненага рэжыму, двум з трох — штрафы ў 300 базавых велічыняў (7350 рублёў).

Па тры гады калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці прысудзілі былой загадчыцы крамы-канфіскату «Ваш выбар» Людміле Маёравай і загадчыцы складам фірмы «Вейно» Тацяне Ілюшынай, але Маёравай далі адтэрміноўку ў два гады. Андрэю Гоману, якога таксама абвінавачвалі ў хабарніцтве, прысудзілі 6 месяцаў папраўчых працаў.

***

Месяц таму ў Гомлі абвясьцілі прысуды са значнымі пакараньнямі — да 13 гадоў турмы — групе з 18 мытніаў. У мінулым годзе шмат прысудаў і значных пакараньняў было ў справе аршанскіх мытнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG