Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юркойцеў палон. Тры параўнаньні «справы мытнікаў» і «мясцовых выбараў»


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Пакуль Алесь Юркойць атабарваецца ў калёніі на Віцьбе без асаблівых шанцаў вырвацца са шчупальцаў сыстэмы, я назіраю за «выбарамі» ў інтэрнэце. Агульнае ўражаньне такое, нібы штуршкі ад мытнага суду распаўзаюцца па ўсёй краіне, якая апынаецца ў тых самых шчупальцах.

1. Татальная хлусьня. Усе, нібыта, ведаюць, што фальсыфікацыя гэта дрэнна. Але ніводзін факт падману ня тое што не бярэцца да разгляду ўладамі, ён брутальна адкідаецца сходу («бред»). Так суд адкінуў усе без выключэньня аб’ектыўныя факты невінаватасьці мытнікаў, спаслаўшыся на неаспрэчнасьць фармулёвак КГБ і «перакананасьць» пракурора. Кантрольныя функцыі ўладаў проста адмерлі, іх няма. Як і суд, «выбары» ад пачатку мелі абвінаваўчы характар у дачыненьні да праўды фактаў. З асабліва радасным цынізмам рэагавалі праўладныя людзі на «сацыяльна чужых» зь ліку членаў камісій (адбіралі акрэдытацыю), назіральнікаў (традыцыйная дэманстрацыя задніц пры падліку галасоў) і журналістаў, калі зьбіты мянтамі апэратар Белсату быў аўтаматычна зьвінавачаны ў нападзе на гэтых самых мянтоў. Праўды ня хочуць і баяцца больш, чым свайго абавязку яе трымацца. Больш, чым загаду ці гневу зьверху. У Беларусі кіруе загад і гнеў.

2. Забыцьцё маралі. На працэсе мытнікаў мяне ўвесь час уражваў няўлік чалавечага фактару, бо між тымі, хто агаварыў сябе і калег, і тымі, хто аргумэнтавана бараніў сябе ад агавору, розьніца — як між цемраю і сьвятлом. Я шмат пісаў пра гэта, хоць, натуральна, вы можаце не паверыць — мой голас суб’ектыўны. Затое аб’ектыўнай была гарэлка на ўчастках, у тым ліку ў школах. Гэта як трэба трактаваць людзей, каб гарэлкай прывабліваць іх выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю ды яшчэ ў школе? Як быдла — іншага адказу ня маю. Ня ведаю, дзе яшчэ ў сьвеце такое магчыма. Хіба што ў сучасных фільмах пра расейскую правінцыю («Левіяфан», «Дурак» і падобных), дзе ў людзях няма ні каліва гуманнасьці, павагі да чалавека (у тым ліку да сябе).

3. Панылая беспрасьветнасьць. Мытнікі пайшлі пад прысуды не таму, што бралі/давалі хабар. Ніводзін факт прыватнай віны, ніводзін эпізод перадачы грошай (а такіх мела быць дзясяткі тысяч), ніводзін сюжэт адносінаў паміж А. і Б. у судзе пад лупаю не вывучаўся. Яны пайшлі скопам. Пайшлі, бо судом пад неаспрэчную веру быў узяты «альгарытм», складзены ў КГБ, дзе чатыры з паловаю тысячы фур, за якія нібыта плаціліся грошы, падзялілі на 58 чалавек, якія нібыта гэтыя грошы атрымалі. І тут ужо маштаб працэсу супастаўляльны з маштабам «выбараў». Ніхто вас прыватна разглядаць пад лупай ня будзе. Ёсьць «альгарытм», паводле якога кожны ўчастак падасьць патрэбныя зьвесткі. А тое, што жанчына піша, як дамагалася, каб яе выкрасьлілі са сьпісаў пад дзявочым прозьвішчам, бо яна там запісаная і пад мужавым таксама (двойчы) — камісіі да лямпачкі, што прыходзяць запрашэньні галасаваць памерлым (у тым ліку даўно памерлым) — дык можа так і трэба. Тое, што Ярмошына, пабачыўшы, як чалавек прагаласаваў некалькі разоў, не міргнуўшы вокам схлусіла, маўляў, ён упрасіў камісію (а на відэа ён нікога ні пра што ня просіць, самі даюць бюлетэні) — дык глядзі пункт 1. Мы ўсе прывыклі (мусілі прывыкнуць) да татальнае хлусьні. Справядлівасьць для Лукашэнкі «вышэй любых законаў». І ён піша скаргу ў Алімпійскі камітэт на тое, што засудзілі спартоўца. А там ягоны прынцып не працуе. Ведаюць, якую армію народу (што мытнікаў, што кандыдатаў на выбарах) адначасова засудзілі ў нас, дзе прыватны чалавек — нішто перад «альгарытмам».

Адзіную надзею выбрацца з гэтага беспрасьвецьця дае тое, што мы ўсё ж не расейская правінцыя, ня гледзячы на ўладу, якая — такая. А менавіта, што ў нас для многіх людзей прыватны чалавек — важны. Што мы Беларусь, і пры ўсёй фантазіі немагчыма ўявіць сабе ў нармальнай беларускай Беларусі такія нецывілізаваныя, барбарскія што выбары, што суды.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG