Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40-гадовы бабруйчанін памёр праз «памылковы дыягназ». Сям’я патрабуе пакараць лекараў


Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock

Сям’я памерлага ў бальніцы жыхара Бабруйску дамагаецца завядзеньня крымінальнай справы. Сваякі мяркуюць, што ў сьмерці мужчыны вінаватыя лекары, і патрабуюць абʼектыўнага разгляду. Раней Сьледчы камітэт адмовіў у завядзеньні крымінальнай справы. Але пасьля скаргі сваякоў пракуратура адмяніла пастанову СК аб адмове. Цяпер прызначаная паўторная праверка і экспэртыза.

Трагедыя ў сямʼі Лазарэнак здарылася ў сьнежні 2017 году. Яўгену было 40 гадоў. Праз два дні пасьля юбілею мужчына трапіў у лякарню з вострым болем у жываце, яшчэ праз два дні памёр у рэанімацыі. У заключэньні аб сьмерці гаворыцца пра тое, што Яўген памёр ад «вострай язвы ніжняй траціны страваводу з пэрфарацыяй». Але гэты дыягназ паставілі толькі пасьля ўскрыцьця, а ў бальніцы пацыента лячылі ад «вострага панкрэатыту».

«З рэанімацыі раздаваліся немыя крыкі»

Яўгена даставілі ў хірургію Бабруйскай цэнтральнай бальніцы 5 сьнежня. У яго моцна балеў жывот, давялося выклікаць «хуткую».

«У шпіталі зрабілі аналізы, дасьледаваньні, усё добра было паводле аналізаў. Хірург сказаў нам, што не разумее, што зь ім. А сын пакутаваў ад болю. Нават кропельніцу яму ставілі седзячы, бо ня мог ляжаць, — успамінае маці Яўгена. — Назаўтра сыну лягчэй ня стала. Было 11.35. Ён сядзеў на калідоры. З вострым болем. Чакаў чаргі на зонд. Кажа, едзь, мама, невядома, колькі яшчэ чакаць. Стэлефануемся. Больш я яго жывым ня бачыла».

Калі Яўген патэлефанаваў і сказаў, што яго пераводзяць у рэанімацыю, сваякі зноў паехалі ў бальніцу. З-за дзьвярэй рэанімацыі, куды родных не пускалі, «раздаваліся немыя крыкі Яўгена» — ад неймавернага болю.

Нарэшце да сямʼі выйшаў мэдработнік і сказаў рыхтавацца да горшага: маўляў, у Яўгена вельмі слабае сэрца. Хаця, калі яму яшчэ дома рабіла кардыяграму «хуткая», усё было ў парадку.

Наступны раз да сваякоў выйшаў загадчык хірургіі Сяргей Ксянзоў і сказаў, што па ўсіх паказчыках у Яўгена не працуе падстраўнікавая.

«Але да гэтага ўсе аналізы былі добрыя! А потым ужо ўскрыцьцё паказала, што і падстраўнікавая, і сэрца былі ў норме. Калі ў моргу патолягаанатам паведаміў прычыну сьмерці — „прабадная язва страваводу“, побач стаяў загадчык хірургіі, які нам казаў пра падстраўнікавую залозу. Мы спыталі — як так? Ён паціснуў плячыма і пайшоў», — кажуць сваякі.

На іх скаргу ў абласным упраўленьні аховы здароўя прайшло пасяджэньне камісіі — там казалі, што лячылі Яўгена ад панкрэанэкрозу. А правільны дыягназ быў пастаўлены толькі за 10 хвілін да сьмерці. Сямʼя ня можа зразумець: як эндаскапіст не заўважыў язву, чаму ФГДС не зрабілі з раніцы, чаму своечасова не паставілі правільны дыягназ? Яны ўпэўнены: абсьледаваньне не было зроблена цалкам.

Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock

Прызначана правядзеньне дадатковай праверкі і экспэртызы

Дзяржаўны камітэт судовых экспэртыз у Менску зрабіў заключэньне.

«Лазарэнку Яўгену Віктаравічу былі выстаўленыя памылковыя дыягназы „востры панкрэатыт“ і „разрыў страваводу“, якія не знайшлі пацьвярджэньня пры наступным патолягаанатамічным дасьледаваньні і судова-гісталягічнай экспэртызе. Правільны дыягназ „вострая язва ніжняй траціны страваводу з пэрфарацыяй“ быў пастаўлены толькі па выніках патолягаанатамічнага дасьледаваньня трупа. Аднак тэхнічныя магчымасьці ўстановы аховы здароўя „Бабруйская цэнтральная бальніца“ адназначна дазвалялі своечасова паставіць пацыенту правільны дыягназ і зрабіць захады дзеля выратаваньня ягонага жыцьця», — гаворыцца ў заключэньні.

Экспэрты дзяржкамітэту лічаць, што больніца мела магчымасьць правядзеньня магнітна-рэзананснай тамаграфіі, што таксама дазваляла выставіць пацыенту правільны дыягназ і прызначыць адпаведнае лячэньне. Якога-небудзь лячэньня паводле адэкватнага дыягназу мэдыцынскімі работнікамі не праводзілася. А наяўнасьць вострай язвы ніжняй траціны стрававода з пэрфарацыяй патрабавала правядзеньня неадкладнага экстранага хірургічнага ўмяшаньня. Гэтага не зрабілі.

Сваякі ўпэўнены: мэдыкі не аказалі належную дапамогу Яўгену пры наяўнасьці такой магчымасьці, і тым самым учынілі злачынства, прадугледжанае артыкулам 162 Крымінальнага кодэксу («неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў, якое прывяло да сьмерці пацыента»).

«Акрамя таго, мэдыкі бальніцы могуць быць датычныя да наўмыснага скажэньня зьвестак аб аказаньні мэдыцынскай дапамогі Яўгену», — лічыць яго сямʼя.

Раённае ўпраўленьне Сьледчага камітэту праводзіла праверку, але 3 красавіка вынесла адмову ў завядзеньні крымінальнай справы. Сваякі з гэтым ня згодныя. Скарга на пастанову аб адмове была задаволеная, прызначана правядзеньне дадатковай праверкі і экспэртызы.

Адмова аб завядзеньні крымінальнай справы
Адмова аб завядзеньні крымінальнай справы

Галоўны ўрач «заняты»

18 чэрвеня на працягу працоўнага дня сакратарка галоўнага ўрача Бабруйскай цэнтральнай больніцы Ўладзімера Гацко адмаўлялася злучыць з кіраўніцтвам. Яна спасылалася, што «Ўладзімер Уладзімеравіч заняты», «на тэрыторыі», «выкліканы ў гарвыканкам», «на нарадзе». 19 чэрвеня нам таксама некалькі разоў паведамілі, што галоўны ўрач заняты. Сакратарка сьцьвярджала, што перадавала свайму кіраўніку кантактны нумар журналіста. Ва ўпраўленьні аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму параілі зьвяртацца па камэнтар па гэтай справе ў Бабруйскую цэнтральную больніцу.

Адвакат: Мэдыцынскія справы — адны з найбольш складаных

Адвакат Павал Шамко, які дапамагае сваякам Яўгена, падкрэсьліў, што прыцягненьне да адказнасьці мэдыцынскіх работнікаў, якія дапусьцілі неналежнае выкананьне прафэсійных абавязкаў — складаны працэс. Гэта падача зваротаў, скаргаў, пазоваў. Без наяўнасьці спэцыяльных ведаў і прафэсійных навыкаў у галіне права і мэдыцыны дамагчыся станоўчага выніку малаверагодна.

Пры абароне ў справах сфэры аховы здароўя нават адвакаты з шматгадовай практыкай зьвяртаюцца па падрабязныя кансультацыі да галіновых спэцыялістаў.

«З гледзішча прафэсіянала, мэдыцынскія справы ўяўляюць адну з найбольш складаных катэгорый спраў», — патлумачыў абаронца.

На пачатковым этапе ён прапануе сваякам вызначыць — ці маюцца падставы падазраваць наяўнасьць у дзеяньнях мэдыцынскіх работнікаў прыкмет складу злачынства. А потым, асабліва ў выпадках са сьмяротным зыходам, своечасова зьвяртацца ў праваахоўныя органы. У выпадку завядзеньня крымінальнай справы і вынясеньня абвінаваўчага прысуду з установы аховы здароўя на карысьць пацярпелых спаганяецца грашовая кампэнсацыя маральнай шкоды.

У практыцы Паўла Шамко былі выпадкі пасьпяховай абароны інтарэсаў пацярпелых у крымінальных працэсах па абвінавачваньні мэдыцынскіх работнікаў ва ўчыненьні злачынстваў, зьвязаных зь неналежным выкананьнем прафэсійных абавязкаў.

Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота © Shutterstock

Суды выносілі абвінаваўчыя прысуды. З бальніц на карысьць пацярпелых спаганялася грашовая кампэнсацыя маральнай шкоды.

Такія справы складаныя, таму што неабходна ўстанавіць наяўнасьць сувязі паміж дзеяньнямі або бязьдзеяньнем мэдыцынскіх работнікаў і такімі наступствамі, як сьмерць пацыента. Трэба вывучыць клінічныя пратаколы лячэньня розных захворваньняў, абʼём праведзеных лячэбных захадаў, правільнасьць пастаўленых дыягназаў, прызначаных прэпаратаў, таксама своечасовасьць і паўнату аказаньня мэдыцынскай дапамогі з улікам неабходнасьці экстранага хірургічнага ўмяшаньня.

«Мэдыкі ў некаторых выпадках наўмысна скажаюць зьвесткі аб аказаньні мэдыцынскай дапамогі для ўхіленьня ад адказнасьці за ўчыненае злачынства. На мой погляд, злачынствы, учыненыя мэдыкамі, уяўляюць сабой асаблівую грамадзкую небясьпеку, таму што іхнымі ахвярамі становяцца людзі, якія даверылі лекарам самае дарагое, што ў іх ёсьць — сваё жыцьцё і здароўе. Наступствы і шкоду, прычыненую такога роду злачынствамі, у большасьці выпадкаў немагчыма кампэнсаваць», — падсумаваў Павал Шамко.

Рэчыцкі шпіталь ня хоча плаціць кампэнсацыю ўдаве мужчыны, які памёр там пасьля ангіны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG