Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыцкі шпіталь ня хоча плаціць кампэнсацыю ўдаве мужчыны, які памёр там пасьля ангіны


Ганна Кавалевіч

Рэчыцкі раённы шпіталь і лекары, праз абыякавасьць якіх памёр пацыент, падалі апэляцыйныя скаргі ў Гомельскі абласны суд. Лекары не прызнаюць сябе вінаватымі ў сьмерці 40-гадовага Анатоля Кавалевіча.

Яны даводзяць, што лячылі яго правільна і своечасова. Шпіталь таксама ня згодны з прысудам. Адміністрацыя ўстановы лічыць, што паміж сьмерцю пацыента і дзеяньнямі мэдыкаў няма прамой сувязі, памер кампэнсацыі маральнай шкоды завышаны, бюджэт арганізацыі не прадугледжвае такіх выплат.

Анатоль Кавалевіч зь дзецьмі
Анатоль Кавалевіч зь дзецьмі

Анатоль Кавалевіч у траўні 2016 году трапіў у інфэкцыйнае аддзяленьне шпіталя з ангінай. Ён скардзіўся лекарам на боль у горле, цяжкае дыханьне, прасіў выклікаць оталярынголяга, але тыя яго ігнаравалі, бо «быў выходны». У мужчыны разьвіўся стэноз — звужэньне сьценак гартані, ён памёр. Удава два гады даводзіла: у сьмерці Анатоля вінаватыя лекары, а не трагічная выпадковасьць, як сьцьвярджалі мэдыкі ды іхнае начальства.

Лекары ня выклікалі спэцыяліста, бо быў выходны

Маладыя лекары — кардыёляг Тацяна Краўчанка і тэрапэўт Кацярына Шабетнік — 11 красавіка прызнаныя судом Рэчыцкага раёну вінаватымі паводле часткі 2 артыкула 162 Крымінальнага кодэксу ў неналежным выкананьні прафэсійных абавязкаў мэдыцынскім работнікам, якое пацягнула за сабой празь неасьцярожнасьць сьмерць пацыента.

Кожную пакаралі абмежаваньнем волі на тры гады без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. На пяць гадоў ім забаронена займацца дзейнасьцю, зьвязанаю з мэдыцынай. Са шпіталя на карысьць пацярпелай Ганны Кавалевіч суд спагнаў 60 тысяч рублёў маральнай шкоды. Жанчына адна гадуе траіх непаўналетніх дзяцей.

Лекарка Кацярына Шабетнік — у дзвярах, перад ёй адвакатка ў белым.
Лекарка Кацярына Шабетнік — у дзвярах, перад ёй адвакатка ў белым.
Лекарка Тацьцяна Краўчанка, сьпінай стаіць адвакатка.
Лекарка Тацьцяна Краўчанка, сьпінай стаіць адвакатка.

Жыхар Рэчыцы захварэў 20 траўня 2016 году. Раней ён меў праблемы з горлам, прайшоў праз апэрацыю, таму зьвярнуўся ў паліклініку. Адтуль з дыягназам «фалікулярная ангіна» Анатоля шпіталізавалі ў інфэкцыйнае аддзяленьне раённай больніцы. Пацыенту было блага, ён скардзіўся мэдыкам на невыносны боль у горле, на адчуваньне, што «там нешта захрасла». Дзяжурная лекарка агледзела хворага, але «нічога такога» не знайшла. Хворы зьвяртаўся на пост да мэдсястры, сам хадзіў шукаць мэдыкаў у прыёмны пакой, прасіў выклікаць вузкага спэцыяліста — оталярынголяга ці хірурга.

Оталярынголяга дзяжурныя лекары адмовіліся выклікаць, затое да хворага зь невядомай мэтай запрасілі псыхіятра. Тым часам у жыхара Рэчыцы пачаліся ўскладненьні танзыліту, затым стэноз — звужэньне гартані. Ён памёр ад лёгачна-сардэчнай недастатковасьці.

Сьледчы камітэт тройчы ўзнаўляў і спыняў крымінальную справу

Вынікі праверкі Міністэрства аховы здароўя сталі нечаканымі: пры аказаньні мэдычнай дапамогі Кавалевічу былі выяўленыя недахопы, лекары няправільна ацанілі цяжкасьць стану пацыента, не прызначылі агляд лекарам-оталярынголягам, бракавала належнага дынамічнага назіраньня за хворым.

У канцы 2017 году пачалі крымінальную справу, якая дайшла да суду.

«Лекары не багі, не маглі прадугледзець сьмерць»

На судзе ў Рэчыцы тэрапэўт і кардыёляг не прызнавалі віны. Стэноз, паводле іх, можа разьвівацца даволі хутка, а пацыент меў нізкі імунны статус. Адвакаты лекараў казалі ў спрэчках, што «дактары не багі», «падабаронная не магла прадугледзець сьмерць». Тыя самыя тэзы яны паўтаралі 13 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе.

Пракуратура прыйшла да высновы, што мэдыкі мелі магчымасьць дапамагчы хвораму, але не скарысталіся ёй, паставіліся абыякава. Оталярынголяга дзяжурныя лекары ня выклікалі, але псыхіятра паглядзець пацыента запрасілі. Але і псыхіятар не агледзеў хворага — на момант яго прыходу Анатоль ужо страціў прытомнасьць, яго пачыналі рэанімаваць.

«Мы ўсё рабілі згодна з пратаколамі»

Кардыёляг Тацяна Краўчанка казала на судзе ў Гомлі 13 чэрвеня, што віны ў сьмерці Кавалевіча яна не мае і пры аказаньні яму дапамогі лекаркі ўсё рабілі правільна, згодна з пратаколамі. Памёр пацыент, на думку абвінавачаных, з прычыны нізкага імуннага статусу, імгненнага разьвіцьця стэнозу, атыповай клінікі. «Не было падставы для выкліку вузкіх спэцыялістаў, для карэкціроўкі дыягназу», — казала лекарка.

Судзьдзя Ірына Ўладыка нагадала, што хворы неаднаразова скардзіўся на пагаршэньне стану, прасіў дапамогі ў лекарак, а яго ігнаравалі.

«Ён хадзіў за вамі! За адной і за другой! За які час разьвіваецца абсцэс? Ня ведаеце? А я ведаю — ад трох гадзін да сутак. Вы маглі выклікаць оталярынголяга, хірурга — і яны б заўважылі абсцэс. І вас што, не вучылі, што захворваньні могуць працякаць атыпова?» — казала судзьдзя.

Удава Ганна Кавалевіч і адвакат Павел Шамко
Удава Ганна Кавалевіч і адвакат Павел Шамко

Адвакат пацярпелай Павел Шамко сказаў, што лекаркі маглі ўратаваць Анатоля. Для гэтага патрэбна было няшмат — паклікаць оталярынголяга, агледзець горла хворага з дапамогай ня шпатэля, а адмысловага люстэрка, заўважыць абсцэс і прыняць меры па лячэньні. Кавалевіч ня меў складанага невылечнага захворваньня, і яго сьмерць можна было прадухіліць.

Судовая калегія адклала пасяджэньне да 4 ліпеня, каб выклікаць у суд экспэртаў. Тыя ня ўгледзелі непасрэднай сувязі паміж дзеяньнямі мэдыкаў і сьмерцю мужчыны. На гэтыя высновы экспэртызы спасылаюцца абвінавачаныя.

У Рэчыцы лекарак пакаралі «хатняй хіміяй» за сьмерць мужчыны пасьля ангіны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG