Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія ўлады пайшлі на саступкі галадоўніцам пасьля ліста Лукашэнку


Аксана Філіпенка і Алена Грынько
Аксана Філіпенка і Алена Грынько

Чыноўнікі адрэагавалі на пратэст 33-гадовай Алены Грынько і 48-гадовай Аксаны Філіпенкі, якія праз штучна створаныя камунальныя бар’еры два тыдні трымалі галадоўку. Яны напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пазбавіць іх беларускага грамадзянства.

Жанчыны ў Гомлі спынілі галадоўку і просяць Аляксандра Лукашэнку пазбавіць іх беларускага грамадзянства

«Як толькі інфармацыя пра зварот зьявілася ў інтэрнэце, у нас за дзень перабывалі ажно дзевяць начальнікаў: з адміністрацыі Навабеліцкага раёну, гарадзкога і абласнога выканкамаў, жыльлёва-камунальнага прадпрыемства і «Гомельэнэргазбыту», — сказалі Свабодзе Алена і Аксана.

50 гадоў без капрамонту

Чыноўнікі ўлагодзілі сытуацыю і папрасілі не адпраўляць зварот да Лукашэнкі на пазбаўленьне беларускага грамадзянства. Кіраўнік раённай адміністрацыі Сяргей Казачок і намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук разам з падначаленымі ўзяліся тэрмінова вырашыць усе пытаньні.

«Ня толькі са мною, з усімі іншымі жыхарамі нашага дому № 14 на вуліцы Ўрыцкага „Гомельэнэргазбыт“ пачаў заключаць дамовы на індывідуальнае энэргазабесьпячэньне. Замянілі на новыя электралічыльнікі. Камунальнікі абяцаюць таксама зрабіць дому капітальны рамонт», — пералічвае станоўчыя зрухі Аксана Філіпенка.

Дом № 14 на вуліцы Ўрыцкага ў Гомлі, дзе жывуць Аксана і Алена
Дом № 14 на вуліцы Ўрыцкага ў Гомлі, дзе жывуць Аксана і Алена

Алене Грынько ўлады дазволілі дапрыватызаваць падсобныя памяшканьні ў кватэры — кухню, ванну, прыбіральню, калідор.

«Камунальнікі зараз робяць пераацэнку гэтых памяшканьняў, каб вызначыць іх рэшткавы кошт. Дому нашаму ўжо 51 год. Раней мясцовыя ўлады прапаноўвалі мне выкупіць тыя памяшканьні па камэрцыйнай цане — за 18,7 тысячы рублёў. Проста астранамічная сума», — кажа спадарыня Алена.

Пратэставую галадоўку Алена Грынько і Аксана Філіпенка трымалі з 24 траўня па 6 чэрвеня. Дамагаліся канкрэтных адказаў на свае заявы, у тым ліку ад памочніка прэзыдэнта ў рэгіёне — інспэктара Гомельскай вобласьці Юрыя Шулейкі. Накіравалі нават тэлеграму на імя кіраўніцы прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Качанавай, каб яна паўплывала на Шулейку, які за месяц не адказаў на іхныя заявы і пайшоў у адпачынак.

Жанчыны ў сваіх заявах казалі, што ўсё жыхары дома апынуліся ў небясьпечнай сытуацыі — ён ня меў капітальнага рамонту ад моманту пабудовы ў 1967 годзе. Жыльлёва-камунальная служба замяніла электраправодку без тэхнічнага праекту. Электраэнэргія пэрыядычна зьнікае. Людзі баяцца пажару.

Блёкі-сэкцыі замест кватэр

Аксана Філіпенка і Алена Грынько
Аксана Філіпенка і Алена Грынько

​Раней дом № 14 належаў чыгунцы. Прыняўшы яго ў гарадзкую камунальную ўласнасьць, улады зрабілі, па сутнасьці, інтэрнат, хоць у афіцыйных адказах называюць «жылым домам». Пры гэтым пішуць у лістах не «кватэры», а «блёкі-сэкцыі».

У Гомлі дзьве жанчыны пятыя суткі трымаюць галадоўку з камунальных прычын

Жыхары ня мелі магчымасьці заключыць наўпроставыя дамовы з энэргетыкамі на забесьпячэньне кватэраў электрычнасьцю, паколькі раённае камунальнае прадпрыемства зрабіла гэта ад свайго імя як для інтэрнату. Адпаведна, тарыфы на электраэнэргію былі больш высокія. На думку галадоўніц, такім чынам дзейнічалі карупцыйныя схемы папаўненьня даходаў камунальнікаў і ўзбагачэньня за кошт гараджанаў.

У адказ на тэлеграму ў адміністрацыю Лукашэнкі галадоўніцы атрымалі ліст — але не ад памочніка прэзыдэнта ў рэгіёне, а намесьніка старшыні Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімера Гарбачова. Ліст чыноўніка выглядаў звычайнай адпіскай.

Алена і Аксана спынілі галадоўку і падрыхтавалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пазбавіць іх беларускага грамадзянства, бо лічылі, што іхнія правы ў Беларусі парушаюцца.

«Пасьля гэтага гарадзкія чыноўнікі і забегалі, цэлымі дэлегацыямі наведвалі мяне і Алену. Мяркую, напалохаліся магчымай рэакцыі кіраўніка дзяржавы», — кажа Аксана Філіпенка.

Наперадзе ў жанчын яшчэ суды па разьліках за электраэнэргію і атрыманьні афіцыйнага дазволу на дапрыватызацыю падсобных памяшканьняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG