Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя на #БНР100? Пасьля футбольнага матчу «Нёман» — «БАТЭ» ў Горадні пачаўся хапун


Пасьля матчу «Нёман» — «БАТЭ» сілавікі затрымалі 13 заўзятараў. Фанаты кажуць, што такіх масавых і жорсткіх затрыманьняў даўно не было. Яны мяркуюць, што гэта можа быць рэакцыяй на пэрформанс да 100-годзьдзя БНР.

Нагодай стала падрываньне пэтардаў

Нагодай для затрыманьняў стала падрываньне дзьвюх пэтардаў на трыбунах пасьля завяршэньня матчу. Гэта выглядала як пэрформанс. Фанаты разгарнулі вялікае палатно з надпісам «Працяг будзе...», зробленае як застаўка кінакампаніі 20th Century Fox. У гэты ж час на трыбуне выбухнулі дзьве пэтарды.

Самі заўзятары ня кажуць, хто гэта зрабіў.

«Народу было шмат. Можа хто і прынёс пэтарду. Але ў нас не было дазволу на піратэхніку. Нам адмовіў МНС. Палатно зацьвердзілі толькі за два дні да матчу. Мы не зьбіраліся выкарыстоўваць нічога, каб не падстаўляць людзей з клюбу, хто дапамог у рэгістрацыі пэрформансу», — кажа Свабодзе адзін з актыўных заўзятараў, які быў на месцы падзей у той вечар. Ён просіць не называць ягонага імя.

«Адзін з амапаўцаў берцам стукнуў па твары»

Калі людзі пачалі сыходзіць са стадыёну «Нёман», дзе адбываўся матч, да аднаго з хлопцаў з фансэктару падышлі міліцыянты і папрасілі прайсьці зь імі ў аўтобус. Кажуць, менавіта яго падазравалі ў падрыве пэтардаў.

Аднак, як кажуць заўзятары, калі яны крыху адышлі, хлопца скруцілі і паклалі на зямлю. Пасьля гэтак жа затрымалі яшчэ аднаго фаната.

Сябры, якія крочылі сьледам, абурыліся такім жорсткім абыходжаньнем. Некалькі чалавек пачалі здымаць падзеі на відэа мабільным тэлефонам. Нехта ня раз прасіў міліцыянтаў і амапаўцаў паказаць пасьведчаньні. Аднак, па словах гледачоў матчу, тыя не рэагавалі.

Урэшце сілавікі пачалі хапаць людзей, накладаць кайданкі і кідаць у аўтазак. Па адных сьведчаньнях, затрымлівалі самых актыўных, па іншых — выцягвалі з натоўпу ўсіх без разбору. Вядома, што некаторыя заўзятары былі нападпітку.

«Затрымлівалі жорстка. Балюча круцілі рукі. Мяне ўзялі на ўдушэньне, паклалі тварам на зямлю, зашпілілі кайданкі. Пасьля адзін з амапаўцаў берцам стукнуў па твары. Калі прывезьлі ў РАУС, адразу павялі да ўмывальніка, бо ўвесь твар быў у крыві. Застаўся сьлед», — кажа заўзятар, які апынуўся сярод затрыманых.

Затрыманы заўзятар «Нёмана», якому ўдарылі нагой па твары
Затрыманы заўзятар «Нёмана», якому ўдарылі нагой па твары

Ён кажа, што людзей кідалі ў аўтазак адзін на аднаго, «як сьвіней». Білі дубінкамі. Некаму наступалі на тулава.

Агулам затрымалі 13 чалавек: у асноўным паўналетніх мужчын узростам да 40 зь нечым гадоў. Сярод іх была і адна 17-гадовая дзяўчына.

Завезьлі іх спачатку ў РАУС Ленінскага раёну, потым — у ізалятар, што ў РАУСе Кастрычніцкага раёну. Там затрыманыя правялі ноч. Паадпускалі іх збольшага толькі ў панядзелак — удзень або падвечар.

«У іх зуб на нас пасьля пэрформансу да БНР100»

Фанаты кажуць, што даўно не было такіх затрыманьняў. Маглі забраць 1–2 парушальнікаў парадку, але не 13. Звычайна адпускалі адразу або ранкам наступнага дня.

«Даўно такога не было, каб на стадыёне ламалі рукі. На зямлю тварам даўно ня клалі. Забіралі раней, але ня так», — кажа адзін са сьведак затрыманьня.

Ён мяркуе, што такі хапун быў выкліканы ня толькі пэтардамі. Ахоўнікі і міліцыянты на стадыёне пачалі горш ставіцца да фанатаў, як тыя адчуваюць, пасьля пэрформансу, прымеркаванага да стагодзьдзя БНР.

30 сакавіка ў Горадні фанаты «Нёмана» падчас матчу разгарнулі „Ўстаўную грамату»
30 сакавіка ў Горадні фанаты «Нёмана» падчас матчу разгарнулі „Ўстаўную грамату»

«Пасьля нашага пэрформансу да #БНР100 яны шукаюць магчымасьць, каб нас мацней укусіць. У іх зуб на нас пасьля таго. На работнікаў клюбу тады „адміністрацыйку“ складалі, хаця ўсе дазволы былі атрыманыя», — кажа заўзятар.

Міліцыя: «Трынаццаць чалавек вырашылі адбіць заўзятараў»

У прэс-службе УУС па Горадзенскай вобласьці сказалі, што заўзятары зладзілі пэрформанс: нацягнулі на ўвесь сэктар банэр, і ў гэты час пачуліся два хлапкі — узарваліся дзьве пэтарды.

«Супрацоўнікі АМАП устанавілі, хто ўчыніў гэтыя выбухі пэтардаў. Іх паспрабавалі затрымаць. Але 13 чалавек вырашылі адбіць гэтых заўзятараў. Завязалася бойка, іх спрабавалі супакоіць. У выніку было затрымана 13 чалавек», — сказаў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік прэс-службы.

У выніку дзесяць чалавек пакараныя штрафамі ад 5 да 15 базавых велічынь, а двое арыштаваныя ад 5 да 7 сутак.

«Нехта за дробнае хуліганства, а нехта за непадпарадкаваньне, некаторыя па двух артыкулах», — сказалі ў прэс-службе.

Паводле папярэдняй вэрсіі, пранесла пэтарды непаўналетняя дзяўчына. Яе адпусьцілі яшчэ ўчора пасьля разбору.

«Пэтарды парушаюць парадак і могуць прывесьці да панікі»

«Выбух любой пэтарды нават на вуліцы парушае грамадзкі парадак і можа трактавацца як дробнае хуліганства. Правіламі карыстаньня стадыёнам узрываць пэтарды забаронена», — паведамілі ў УУС па Горадзенскай вобласьці.

На пытаньне, ці праводзіліся экспэртызы, у прэс-службе адказалі, што «супрацоўнікі міліцыі назіраюць за кожным сэктарам. І было ўстаноўлена, хто ўзрываў і праносіў. То бок ніхто не хапае людзей без падставы».

Горадзенскія заўзятары абураліся, што толькі ў іхным горадзе забараняюць пэтарды і сьвятлошумавыя шашкі — маўляў, нават у Барысаве заўзятарам «БАТЭ» гэта дазваляюць.

«Узрываць пэтарды? Яны крыху хітруюць. Адна справа фаеры, якія запальваюцца. Магчыма, яны блытаюць з гэтым. А тут пэтардны хлапок. Гэта парушае парадак і можа прывесьці да панікі. Таму, натуральна, гэта ня мае месца на стадыёнах, дзе вялікая колькасьць людзей», — пракамэнтавалі ў прэс-службе УУС.

Футбольнага заўзятара арыштавалі пасьля паказу на БТ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG