Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узламаныя акаўнты ўлады — трэнаваньне інфармацыйнага «апалчэньня»


Спачатку невядомыя ўзламалі Twitter-акаўнт намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Максіма Рыжанкова, сьледам — старонку Сьледчага камітэту Беларусі ў Facebook. У абодвух выпадках афіцыйныя асобы Менску нібыта просяць прабачэньня перад афіцыйнай Масквой за «інфармацыйную палітыку» Беларусі ў адрас Расеі.

Самі па сабе гэтыя «прабачэньні» ні пра што не гавораць шараговаму спажыўцу інфармацыі. Трэба ведаць кантэкст: гісторыю беларуска-расейскіх гандлёвых войнаў, а таксама разыходжаньняў у палітычных пытаньнях. Напрыклад, што Беларусь афіцыйна не прызнае Абхазію, Паўднёвую Асецію і Крым. Трэба ўрэшце ўчытацца ў фэйкавы «дакумэнт», дзе апэлююць да рэальнага «ўказу прэзыдэнта ад 16 лістапада 2017 году № 413 «Аб Мiжведамаснай камiсii бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры».

Фэйкавы дакумэнт ва ўзламаных акаўнтах хутчэй ёсьць «чорнай меткай» беларускім чыноўнікам. Маўляў, мы за вамі сочым, і мы вам настойліва намякаем — больш актыўна супрацоўнічайце з Крамлём.

І ведаць, што ў названай камісіі ёсьць прадстаўнік кіраўніка краіны, які ў фэйкавым дакумэнце «адкліканы». І трэба паспрабаваць здагадацца, за што ў прынцыпе могуць быць «прабачэньні «расейскім калегам за прынятыя захады супраць Расейскай Фэдэрацыі ў сфэры інфармацыйнай бясьпекі», адрасаваныя на імя кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Антона Вайно. У такой форме — для спэцыялістаў — фэйкавы дакумэнт ва ўзламаных акаўнтах хутчэй ёсьць «чорнай меткай» беларускім чыноўнікам. Маўляў, мы за вамі сочым, і мы вам настойліва намякаем — больш актыўна супрацоўнічайце з Крамлём.

Іншая справа — камэнты, якія імгненна зьявіліся пад «дакумэнтам» у твітэры Максіма Рыжанкова. У камэнтах проста па форме сфармуляваныя канкрэтнага зьместу мэсэджы:

  • «Беларусь — гэта армія здраднікаў, ім давяраць нельга»;
  • «Яны Расею абражаюць, годзе гэта цярпець»;
  • «Жыхары Беларусі жывуць за расейскія грошы»;
  • «Нават дзякуй ня скажуць, сволачы»;
  • «Гэтая дзяржава сама па сабе не існуе»;
  • «Беларусь — гэта недадзяржава».

Інфармацыйныя выпады ў адрас беларускага кіраўніцтва былі і раней. Як на ўзроўні фармальна незалежных сайтаў кшталту «Регнума», так і з боку «фэдэральных» ТВ-каналаў.

Навізна цяперашняй сытуацыі ў тым, што цалкам ананімная паводле выкананьня дывэрсійная акцыя больш эфэктыўная, чым папярэднія імянныя. І што акцэнт робіцца не на кіраўніцтве, а на самой краіне Беларусі. У «завумныя» тэксты «рэгнумцаў» трэба было яшчэ ўчытацца, прадзерціся празь лес эўфэмізмаў і намёкаў. Пашлаватыя жарты ток-шоў расейскай тэлевізіі таксама ня кожны непадрыхтаваны глядач мог зразумець. А тут — у лоб. «Здраднікі», «утрыманцы», «сволачы». Такое і цытаваць значна прасьцей, і рэтрансьляваць.

Што гэта было? Ставілася задача раззлаваць беларускіх карыстальнікаў сеціва, каб справакаваць іх на адпаведныя масавыя выказваньні ў адрас Расеі? Падбадзёрыць прыхільнікаў «русского мира» ў Беларусі, падштурхнуць іх да большай крытыкі Лукашэнкі за «недастатковае сяброўства» з Расеяй? Пачаць фармаваць нэгатыўны імідж Беларусі сярод грамадзян Расеі?

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман не выключае сярод іншага і варыянту, пры якім падобная інфармацыйная дывэрсія выгадная беларускім прарасейскім арганізацыям.

Мы бачым чарговую выведку боем, дакладней, выведку «тролем». Цяпер праз сацсеткі.

У кожным разе мы бачым чарговую выведку боем, дакладней, выведку «тролем». Цяпер праз сацсеткі. Сацсеткі бязьмежныя, як акіян. А калі ўзламаць акаўнт памочніка Лукашэнкі ці цэлага Сьледчага камітэту, мэсэджы ў акіяне ня згубяцца, а стрэляць прыцэльна.

А як пабочны эфэкт, мы бачым перад сабой цэлую групу «голых каралёў». Групу чыноўнікаў найвышэйшага рангу, адказных у тым ліку за «бясьпеку ў інфармацыйнай сфэры» краіны, якія сярод іншага распрацоўваюць законы для ўдушэньні свабоднага выказваньня думак к СМІ і сацсетках. Чыноўнікаў, якія элемэнтарна ня могуць абараніць уласныя акаўнты ў інтэрнэце, празь які тая самая інфармацыйная бясьпека атрымлівае кулаком пад дых.

Неўзабаве пасьля інтэрвэнцыі Расеі ва Ўкраіну блогер Джон Сільвэр пачаў біць у сеціўныя званы, папярэджваючы, што супраць Беларусі можа пачацца інфармацыйная вайна. У моладзевай стылістыцы, часам досыць жорсткай, ананімны на той час блогер выкрываў захопніцкую палітыку Расеі, найперш інфармацыйную, адносна краін-суседак. Урэшце блогера затрымалі на тэрыторыі Расеі на запыт Беларусі. Грамадзтва дазналася імя «Джона Сільвэра» — Эдуард Пальчыс, а сам блогер пасьля месяцаў за кратамі атрымаў судзімасьць.

Эдуард Пальчыс такі і застаўся практычна адзіным ваяром у інфармацыйным полі, калі казаць пра валянтэрства. У масе сваёй беларускае грамадзтва дагэтуль адасоблена сочыць за ідэалягічным пінг-понгам беларускіх і расейскіх уладаў. Каму ахвота, напрыклад, заступіцца за памочніка прэзыдэнта? Лічы, за ўладу. За Беларусь — хочацца, за ўладу — не.

У гэтым нявыкрутка сытуацыі. Улада блізка не спрабуе мабілізаваць грамадзтва на выпадак не ўяўнай, а рэальнай неабходнасьці бараніць краіну. Самі дадуць рады, без грамадзкага «апалчэньня»? Крамлёўскія байцы інфармацыйнай вайны, вядомыя як «ольгінцы», — гэта чалавечыя і фінансавыя рэсурсы. Гэта трэніроўкі, гэта школа, калі жадаеце. Лета — час для трэнаваньня. А калі ўвосень пачнецца інфармацыйная вайна супраць Беларусі? Вайна ананімаў, але з такім маштабам, што ўсім будзе зразумела, адкуль вушы тырчаць. Што тады казаць людзям? «Тролі» кепскія — Крэмль добры»? Ці — «вставай, страна огромная», уставай на апошні інфармацыйны бой? Сеціва ня выступ перад сагнанымі рабочымі прадпрыемства і не сэлектарная нарада, дзе можна махаць кулаком і раздаваць дзе пагрозы, а дзе абяцанкі. Нявыкрутка.

Але можна ўбачыць станоўчае ў сытуацыі. Чым больш паліваюць краіну з усходу, тым менш застаецца фальшывага «брацтва» на ўзроўні прапагандысцкай міталёгіі. «Брацтва», якое ёсьць сынонімам ляяльнасьці да Крамля. «Апалчэньне» само актывізуецца ў крызіснай сытуацыі. Можа, не так натрэніравана, як «ольгінскія тролі», затое на энтузіязьме.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG