Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унівэрсытэт імя Ніла Гілевіча абвясьціў курсы для абітурыентаў


Павал Церашковіч, Алег Трусаў і Алена Анісім на прэсавай канфэрэнцыі пра пра пляны Ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча. 27 сакавіка 2018 году

Беларускі ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча зь верасьня распачынае курсы падрыхтоўкі да цэнтральнага тэставаньня.

Пра гэта паведамілі заснавальнікі ВНУ падчас прэзэнтацыі збору матэрыялаў Міжнароднай канфэрэнцыі «Нацыянальны ўнівэрсытэт у ХХІ стагодзьдзі: місія і выклікі».

Алег Трусаў
Алег Трусаў

«Наш унівэрсытэт будзе таксама займацца выдавецкай дзейнасьцю і іншымі накірункамі. Курсы будуць беларускамоўныя, замежныя мовы будуць выкладацца празь беларускую, — заявіў рэктар унівэрсытэту Алег Трусаў. — Гэтаксама, як гэта плянуецца і ў навучальным працэсе: беларускамоўнае навучаньне з выкладаньнем шэрагу дысцыплін на замежных мовах — так, як у большасьці прэстыжных унівэрсытэтаў, калі траціна дысцыплін на старэйшых курсах выкладаецца на замежных мовах. Уся неабходная навукова-выкладчыцкая база для гэтага ў нас ёсьць».

Паводле Трусава, штат выкладчыкаў Беларускага ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча будзе фармавацца пасьля атрыманьня ліцэнзіі на выкладаньне.

Унівэрсытэт прайшоў дзяржаўную рэгістрацыю 15 сакавіка 2018 году. 12 чэрвеня ў Міністэрстве адукацыі Беларусі прайшлі перамовы аб наданьні ліцэнзіі на выкладаньне.

Алена Анісім
Алена Анісім

«Дзесьці мы маем дакладныя адказы на пытаньні, дзесьці бачым бюракратычныя перашкоды, а дзесьці — прынцыповае нежаданьне бачыць нас на гэтым адукацыйным полі. Але дзеля таго, каб унівэрсытэт працаваў у Беларусі і дзеля Беларусі, супольнымі намаганьнямі гэтая праца будзе зробленая», — заявіла старшыня Таварыства беларускай мовы дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Падчас прэзэнтацыі збору матэрыялаў Міжнароднай канфэрэнцыі заснавальнікі Беларускага ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча таксама паведамілі, што днямі распачынае працу ўнівэрсытэцкі інтэрнэт-сайт nhu.by, празь які можна даведацца пра ўсе апошнія навіны з жыцьця ВНУ.

Навучаньне ў Беларускім унівэрсытэце імя Ніла Гілевіча мае быць платным. Плата будзе ніжэйшай, чым у дзяржаўных ВНУ. Адміністрацыйны апарат будзе мінімальным. А дзеля запатрабаванасьці сярод студэнтаў, як падкрэсьліў экспэрт грамадзкага Балёнскага камітэту, прафэсар-этноляг Павал Церашковіч, унівэрсытэт плянуе рыхтаваць спэцыялістаў, якіх не навучаюць у дзяржаўных ВНУ і якіх бракуе ў Беларусі: у галіне міжнароднага краіназнаўства, гісторыка-культурнай спадчыны, сучаснай электроннай журналістыкі, літаратурнага пісьменства, урбаністыкі, ІT-тэхналёгіяў і бізнэс-мэнэджэмэнту.

Унівэрсытэт імя Гілевіча плянуе пачаць набор слухачоў ужо сёлета. Застаецца знайсьці 7-8 мільёнаў даляраў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG