Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што цягнуць кухары зь дзіцячых сталовак? Усё


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

УУС Гомельскага аблвыканкаму распаўсюдзіла па ўстановах адукацыі справаздачу аб выніках затрыманьня кухараў школьных сталовак, якія паквапіліся на «дармовыя» прадукты. За травень міліцыя зафіксавала 18 фактаў дробнага крадзяжу са сталовых устаноў адукацыі.

Згодна са справаздачай, кладаўшчык адной са школ з Гомельскага раёну трапіўся ў міліцэйскі нерат з адным літрам малака. Кухарка дзіцячага садку ў Жыткавічах несла дахаты 0,9 л малака, 240 г мяса і 300 г тварагу. У Добрускім раёне кухарка паквапілася на 300 г яблыкаў, 900 г локшыны, па кіляграму — цукру і мукі. Кухонная рабочая з Гомля зэканоміла на куплі ў краме 89 капеек — на такую суму яна вынесла са сталоўкі малако.

Трапілася міліцыі агент па забесьпячэньні аддзелу адукацыі Жлобінскага выканкаму. Пры выхадзе з адной са школаў у яе знайшлі прадукты на 11 рублёў. Кухарка дзіцячага саду ў Буда-Кашалёве несла дахаты кіляграм масла, па 0,5 кг — крухмалу, курыцы, мукі, 2 кг цукру і бутэльку алею. Мэдсястра дзіцячага садку з Мазырскага раёну прыхапіла дахаты 20 яек, 200 г масла і 1 кг яблыкаў. У тым жа дзіцячым садку быў злоўлены і кладаўшчык, які таксама нёс яйкі, хлеб, малако.

Міліцыя накіравала дакумэнт у пракуратуру і ўправу адукацыі — для прыняцьця мераў.

Крадуць і на Меншчыне

Міліцыя правяла рэйды і ў летніх школьных лягерах Менскай вобласьці, пра што ёсьць справаздача на сайце абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў.

На Валожыншчыне была затрыманая кухонная рабочая, якая прыхавала мяса, рыбу, восем слоікаў кансэрваванага гарошку, разынкі, гародніну і садавіну.

«У размове з супрацоўнікамі міліцыі жанчына не хавала, што ўладкавалася на працу з улікам магчымасьцяў папоўніць уласны халадзільнік. А яшчэ яна заўважыла — нічога страшнага не адбылося, дзецям усё роўна хапае», — адзначаецца ў паведамленьні міліцыі.

Загадчыца складу ў Маладэчанскім раёне, якую міліцыя затрымала з торбамі, дала тлумачэньні, што ў дзяцей дрэнны апэтыт.

Разам з тым арганізацыі прапануюць працу кухарам у школьныя сталоўкі з заробкам ад 305 рублёў, пра што сьведчаць вакансіі на сайце Міністэрства працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG