Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскія сэнатары ў Менску: «Было відаць, як Мясьніковіча напружыла пытаньне аб правах чалавека»


Францішак Бублан (у цэнтры, архіўнае фота)
Францішак Бублан (у цэнтры, архіўнае фота)

У Менску знаходзіцца афіцыйная дэлегацыя Сэнату чэскага парлямэнту на чале з старшынём камітэту замежных справаў, абароны і бясьпекі Францішкам Бубланам.

Чэскія палітыкі сустрэліся зь Міхаілам Мясьніковічам, іншымі прадстаўнікамі Савету Рэспублікі, кіраўніцтвам Міністэрства замежных справаў Беларусі. Дзяржаўныя мэдыя Беларусі, у прыватнасьці агенцтва БелТА, казалі пра плённы, амаль пераломны характар сустрэчаў і выхад на новы ўзровень у двухбаковых адносінах паміж Чэхіяй і Беларусьсю.

Аднак чэская дэлегацыя мае вельмі стрыманы аптымізм, пра што яе чальцы сказалі на сустрэчы з прадстаўнікамі незалежных мэдыя, грамадзянскай супольнасьці і палітычных партыяў, у тым ліку з Анатолем Лябедзькам, Аленай Анісім, Тацянай Караткевіч, з кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім, рэдактарам газэты «Народная воля» Ёсіфам Сярэдзічам. Сэнатары зрабілі жэст падтрымкі газэты, тут жа падпісаўшыся на яе.

У эксклюзіўнай размове з Радыё Свабода Францішак Бублан заявіў, што візыт прадстаўнікоў Сэнату ня сьведчыць пра нейкую істотную зьмену курсу Прагі.

«Мы хацелі зрабіць крок, які б паказаў, што мы ня хочам такой ізаляцыі, пры якой Беларусі нічога не застанецца, як хіліцца да Расеі. На жаль, намаганьні дзеля кантактаў з Эўрапейскім рэгіёнам вельмі слабыя».

На пытаньне, ці разумеюць беларускія чыноўнікі праблему ізаляцыі, Бублан адказаў:

«Яны нас запэўнівалі, што хацелі б зрабіць адзін крок да Расеі, а другі да Эўропы, і мець з абодвума бакамі добрую сувязь. Што з эканамічнага гледзішча трэба сувязі з Расеяй, бо гэта Эўразійскі саюз, і практычна ўвесь экспарт ідзе ў тым кірунку. Але адначасова яны хацелі б мець адчыненыя дзьверы ў бок Эўропы, і ня толькі з эканамічных прычын, але, магчыма, і з палітычных».

Бублан пачынаў палітычную дзейнасьць як чэскі дысыдэнт, быў падпісантам Хартыі’77 разам з Вацлавам Гаўлам. Сытуацыя ў цяперашняй Беларусі выклікае ў яго пэсымізм, ён параўнаў яе з тым, што адбывалася ў Чэхіі 30-40 гадоў таму. Паводле яго, пад аўтарытарным кіраваньнем Лукашэнкі наўрад ці магчыма нешта памяняць з дапамогай выбараў.

«Але калі мы ня будзем размаўляць з гэтымі палітыкамі, з гэтым беларускім парлямэнтам, будзем чакаць, калі тут будуць такія ж выбары і ўдзел грамадзкасьці, як у нас — дык нічога ня зьменім. Трэба паказваць іншыя мадэлі, іншыя сыстэмы. І тут адзіны шлях — шлях адукацыі», — лічыць сэнатар.

Бублан падкрэсьліў, што падчас сустрэчы зь Мясьніковічам падняў пытаньне правоў чалавека, на што той «рэагаваў цалкамі пазытыўна», хоць і ўхіліўся ад адказу на пытаньне пра сьмяротныя пакараньні:

«Было відаць, што яго напружвае, што мы зьвяртаем увагу на такія пытаньні. Але калі яны хочуць эканамічнай супрацы, супольных прадпрыемстваў, інвэстыцыяў, дык трэба мець на ўвазе, што пры кожнай спробе эканамічных угодаў будзе падымацца пытаньне правоў чалавека».

Паводле Бублана, было б памылкай забыцца пра пытаньне правоў чалавека і глядзець толькі на эканамічны бок справы — ці можна на гэтым зарабіць.

«Гэта трэба зьвязваць», — лічыць чэскі сэнатар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG