Прад’юсар Гарві Вайнштэйн быў арыштаваны пасьля таго, як добраахвотна зьявіўся ў паліцэйскі ўчастак у Нью-Ёрку раніцай 25 траўня, паведамляе CNN са спасылкай на крыніцу, блізкую да расьсьледаваньня.
Вайнштэйна абвінавачваюць у згвалтаваньні адной жанчыны і прымусе другой да аральнага сэксу. Чакаецца, што пазьней у пятніцу ён паўстане перад судом у Мангэтэне, дзе будзе вырашацца пытаньне аб залогу.
Як Галівуд 30 гадоў маўчаў пра сэксуальны гвалт з боку ўплывовага прадусара
Восеньню 2017 году Гарві Вайнштэйна, аднаго з самых уплывовых прадусараў Галівуду, абвінавацілі ў дамаганьнях і сэксуальным гвалце дзясяткі жанчын. Публікацыі аб ім сталі пачаткам маштабнай кампаніі #metoo супраць дамаганьняў у ЗША і іншых краінах Захаду.
«Эфэкт Вайнштэйна». Як (не) зьмяніўся сьвет пасьля скандалу вакол сэксуальных дамаганьняў у Галівудзе
Вайнштэйна звольнілі зь яго ж уласнай кампаніі, ад яго сышла жонка, яго выключылі з Амэрыканскай і Брытанскай кінаакадэмій, вырашылі пазбавіць ордэна Ганаровага легіёну, кампанія Weinstein Co. заявіла, што прыбярэ ягонае імя з назвы.
Расьсьледаваньні ў дачыненьні да Вайнштэйна пачаліся ў Нью-Ёрку, Лос-Анджэлесе і Лёндане.
Жанчыны зьвярталіся ў паліцыю з абвінавачваньнямі ў адрас Вайнштэйна і раней, але гэта не прыводзіла да прад’яўленьня абвінавачваньняў.