Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная сьледчая група назвала расейскую брыгаду, з устаноўкі якой зьбілі малайзійскі «Боінг» на Данбасе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнік нідэрляндзкай пракуратуры на прэс-канфэрэнцыі Міжнароднай аб’яднанай сьледчай групы (JIT), якая расьсьледуе катастрофу «Боінга-777» MH17 Малайзійскіх авіялініяў, заявіў, што самалёт быў зьбіты з ракетнай устаноўкі «Бук», якая належала 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе расейскіх Узброеных сілаў, піша «Настоящее время».

Раней Міжнародная сьледчая група, спасылаючыся на зьвесткі крыміналістаў, паведаміла, што «Боінг» а 16:20 17 ліпеня 2014 году быў зьбіты над Данецкай вобласьцю ракетай тыпу 9M38 з баявой часткай 9N314M, якая выкарыстоўваецца ў ракетных устаноўках «Бук». Якой частцы належала ракетная ўстаноўка і ці былі гэта расейскія вайскоўцы, сьледчыя раней адмаўляліся паведамляць.

Аднак у гэты раз сьледчыя прадэманстравалі відэаматэрыялы, зь якіх вынікае, што канвой вайсковай тэхнікі, у якім было ня менш за 6 установак «Бук», пакінуў базу 53-й брыгады ў раёне Курску ў канцы чэрвеня. Адна з установак з нумарам 332 была пасьля перапраўленая празь мяжу на тэрыторыю Ўкраіны, у раён, кантраляваны прарасейскімі «сэпаратыстамі» так званай «ДНР».

Сьледчыя сьцьвярджаюць, што ў іх атрымалася вызначыць: менавіта з гэтай устаноўкі і быў зьбіты «Боінг». У ходзе прэзэнтацыі яны пералічылі канкрэтныя ўнікальныя асаблівасьці гэтай устаноўкі, якія адрозьніваюць яе ад іншых.

18 ліпеня гэтая ўстаноўка, паводле зьвестак JIT, была перапраўленая назад у Расею. Прадстаўнік нідэрляндзкай пракуратуры падкрэсьліў, што сьледзтва пакуль ня можа адказаць на пытаньне, чаму быў зьбіты «Боінг» і хто канкрэтна нясе за гэта адказнасьць. Паводле яго словаў, у сьледзтва ёсьць сьпіс з прыкладна 100 падазраваных, але ён ня можа адказаць, хто канкрэтна аддаваў загады аб адпраўцы «Бука» на Украіну і аб стрэле па «Боінгу».

Да аналягічных высноваў аб тым, што ўстаноўка належала 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе расейскіх узброеных сіл, раней прыйшлі сьледчыя групы Bellingcat.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG