Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праходзіць суд над псыхічна хворым магілёўцам, якога вінавацяць у экстрэмізьме

абноўлена

Магілёўская турма № 4, дзе сядзіць 25-гадовы жыхар Магілёва Аляксандар Я., архіўнае фота
Магілёўская турма № 4, дзе сядзіць 25-гадовы жыхар Магілёва Аляксандар Я., архіўнае фота

25-гадоваму жыхару Магілёва, які мае псыхічнае захворваньне і прызнаны асобай, якая ня можа адказваць за свае ўчынкі, працягнутае яшчэ на месяц утрыманьне ў сьледчым ізалятары. Там ён знаходзіцца ад леташняга 15 сьнежня праз абвінавачаньне ў распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, а таксама ў хуліганстве.

Судзьдзя: мяняць меру стрыманьня няма падставаў

Магілёўскі абласны суд ад 10 траўня разглядае крымінальную справу супраць Аляксандра Я. Паколькі прызнана, што падчас учыненьня злачынстваў той быў у стане бяспамяцтва, на суд з турмы абвінавачанага не прывозяць. Інтарэсы зьняволенага бароняць бацька, які мае 30-гадовы стаж службы ў Міністэрстве ўнутраных спраў, ды адвакат.

У Магілёве судзяць псыхічна хворага за прапаганду «радыкальнага ісламу» і экстрэмізм

Падчас судовага працэсу яны зьвярталіся з хадайніцтвам, каб меру стрыманьня для Аляксандра зьмянілі: маўляў, яго псыхічны стан вымагае пераводу з турмы ў спэцыялізаваную мэдыцынскую ўстанову, знаходжаньне на працягу 5 месяцаў у адзіночнай камэры вядзе да непапраўнай шкоды.

Судзьдзя Ірына Цяплова, аднак, не знайшла падставаў, каб зьмяніць меру стрыманьня для Аляксандра, і пакінула яго ў турме яшчэ на месяц. Сваю пастанову яна абгрунтавала характарам і ступеньню грамадзкай небясьпекі ўчыненага ім злачынства, якое падпадае пад санкцыі 1-й часткі 130-га і 339-га артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Магілёўскі абласны суд, дзе разглядаюць справу
Магілёўскі абласны суд, дзе разглядаюць справу

Аляксандар Я., як зафіксавана ў заключэньні псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы ад 9 лютага 2018 году, хворы на параноідную шызафрэнію безупыннага цячэньня. Экспэрты канстатавалі, што абвінавачаны з прычыны псыхічнага расстройства ня мог усьведамляць у пэрыяд учыненьня злачынстваў «фактычны характар і грамадзкую небясьпеку сваіх дзеяньняў і кіраваць імі».

На разглядзе справы, даводзілі ў заключэньні псыхіятры, ён ня можа ўсьведамляць значэньня дзеяньняў і самастойна бараніць свае правы і законныя інтарэсы. Паводле экспэртызы, псыхічны стан Аляксандра вымагае шпітальнага лячэньня, а з улікам інкрымінаванага яму злачынства мае патрэбу ў прымусовых захадах бясьпекі і лячэньня ў псыхіятрычным стацыянары пад звычайным наглядам.

Адвакат: экстрэмізм знайшоў экспэрт узроўню дашкольнага навучаньня

Бацькі ня бачылі Аляксандра з таго часу, як яго затрымалі. Спробы праз звароты ў розныя інстанцыі дамагчыся спатканьня не даюць плёну. Турма ня мае тых прэпаратаў, якія выпісаныя абвінавачанаму для лячэньня, іх туды перадае маці. Першую ж перадачу, паводле жанчыны, супрацоўнікі ўпраўленьня барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў зьнішчылі. Потым кіраўніцтва абласной міліцыі прызнала памылковасьць дзеяньняў падначаленых.

Бацькі сьцьвярджаюць: справу супраць сына сфабрыкавалі, а цяпер усё робіцца дзеля таго, каб «стварыць бачнасьць яго віны». Эпізод з хуліганствам, які інкрымінавалі Аляксандру праз паўтара месяца, як яго арыштавалі, бацькі лічаць прыцягнутым, каб вінаватасьць выглядала больш грунтоўнай. Інкрымінаванае «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці» не вытрымлівае, паводле іх і адваката, крытыкі.

Экспэртызу матэрыялаў, якія сьледзтва выявіла на старонцы ў сацыяльнай сетцы, кажуць бацькі, праводзіла ў тым ліку экспэрт з адукацыяй пэдагога-псыхоляга дашкольнага навучаньня.

«Гэты спэцыяліст ня можа даць належныя і кампэтэнтныя адказы на пастаўленыя імі пытаньні. Іх кампэтэнцыя не пацьвярджалася, — адзначылі на судзе абаронцы абвінавачанага. — Заключэньне аформлена з парушэньнямі заканадаўства і ня можа быць далучанае да матэрыялаў справы як доказ».

Утрыманьне сына ў турме бацькі называюць «антыгуманным, бесчалавечным і зь юрыдычнага гледзішча неабгрунтаваным». Заяўляюць, што затрыманьне адбылося «з грубымі парушэньнямі нормаў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу».

Замест стацыянарнага лячэньня адправілі ў турму

​Аляксандра арыштавалі летась 15 сьнежня, калі ён быў дома адзін. У апэрацыі ўдзельнічалі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю пры падтрымцы пяці амапаўцаў. У кватэры правялі ператрус. Мужчыну не дазволілі паведаміць бацькам, што зь ім адбываецца. Не зьвярнулі ўвагу, што ён меў накіраваньне на стацыянарнае лячэньне ў псыхіятрычны шпіталь. Не дазволілі ўзяць з сабою лекі, якія ён прымаў рэгулярна. Пазьней за парушэньне працэдуры вобшуку старшага сьледчага Магілёўскага міжраённага сьледчага камітэту Міхаіла Малчанава прыцягнулі да адказнасьці. Пакаралі і супрацоўніка ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьці.

Нагодай для крымінальнага перасьледу Аляксандра, як вынікае з матэрыялаў справы, сталі яго публікацыі на старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».

Паводле старшага ўпаўнаважанага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, які вёў праверку «апэратыўнай інфармацыі», матэрыялы на старонцы фігуранта прыцягнулі ўвагу, бо былі ў пераліку экстрэмісцкіх.

У судзе прадэманстравалі і праслухалі сьпіс аўдыёфайлаў, якія, паводле сьледзтва, зьмяшчаў абвінавачаны, і якія, нібыта мелі экстрымісцкі зьмест. Сярод такіх песень была кампазцыя «Белы легіён», якую, як адзначылі на судзе, выконваў гурт «Стары Ольса».

Як высьветліла Свабода, песьня «Белы легіён» не належыць гурту, але ў яе запісе браў удзел заснавальнік «Старога Ольсы» Зьміцер Сасноўскі.

Дырэктар інстытуту скардзіўся на студэнта ў КДБ

У матэрыялах справы ёсьць ліст у КДБ ад Івана Бажкова, дырэктара магілёўскага філіялу Беларускага інстытуту правазнаўства, у якім вучыўся Аляксандар. Кіраўнік навучальнай установы просіць, каб камітэт зрабіў належныя захады дзеля «бясьпекі жыцьця і здароўя студэнтаў». Бажкоў інфармуе, што паводзіны Аляксандра сталі агрэсіўнымі з прычыны «пагаршэньня стану здароўя». Ён, маўляў, пагражае студэнтам і выкладчыкам «фізычнай расправай». Даводзіў, што Аляксандар «празьмерна захапіўся мусульманскай рэлігіяй». Паводле падпісанага Бажковым ліста, студэнт «прыносіць з сабою Каран, моліцца, выкрыквае „Алах акбар“, малюе на дошках дзіўныя сымбалі рэлігійнага зьместу ды сядзіць за партай у характэрнай мусульманскай позе».

На пытаньне ў судзе, чаму дырэктар навучальнай установы зьвярнуўся па дапамогу ў КДБ, а ня ў іншыя ўстановы, Бажкоў адказаў: «У нас зь імі шчыльная сувязь». На допыце ў судзе кіраўнік інстытуту блытаўся і ня мог выразна адказаць на пытаньні абароны і абвінавачваньня.

Студэнты, дапытаныя судом, прызналіся, што на просьбу адміністрацыі пісалі дакладныя на Аляксандра, а таксама здымалі ягоныя паводзіны на відэа. Іх яны называлі агрэсіўнымі і неадэкватнымі. Агрэсія, казалі яны, праяўлялася праз пагрозы «забіць, спаліць габрэяў, масонаў, а таксама жыхароў Данбасу». На такія паводзіны аднагрупніка студэнты стараліся не зьвяртаць увагі. Пасьля «агрэсіўных выпадаў», казалі яны, надыходзіў пэрыяд спакою.

Магілёўскі філіял Беларускага інстытуту правазнаўства, у якім вучыўся Аляксандар
Магілёўскі філіял Беларускага інстытуту правазнаўства, у якім вучыўся Аляксандар

На пытаньне суду, у чым праявілася прапаганда Аляксандрам нацызму, фашызму і радыкальнага ісламу, студэнты выразна патлумачыць не маглі. Абаронцы інтарэсаў затрыманага заявілі, што свае тлумачэньні тыя давалі з падказкі сьледчага.

У эпізодзе з хуліганствам, паводле вэрсіі сьледзтва, Аляксандар «сьвядома» ўдарыў нагой у дзьверы аўдыторыі, якімі нанёс цялесныя пашкоджаньні дзьвюм аднакурсьніцам. Дзяўчыны прызнаныя пацярпелымі. Прычым матэрыяльных прэтэнзіяў да крыўдзіцеля яны ня маюць, пабояў не здымалі. Пра здарэньне паведамілі адміністрацыі інстытуту дакладной.

Адна з пацярпелых патлумачыла сваё нежаданьне фіксаваць пабоі тым, што палічыла пашкоджаньні нязначнымі і не хацелі псаваць рэпутацыю навучальнай установе. Як яна сьцьвярджае, быў траўмаваны палец. Ейнай аднакурсьніцы дзьверы ўдарылі па твары і назе. Яна таксама не пайшла да мэдыкаў, хоць бацька Аляксандра раіў зьняць пабоі і выклікаць міліцыю, бо «дзяўчаты не паказалі пашкоджаньняў»

Аднакурсьнікі Аляксандра зьвярнуліся да адміністрацыі, каб яго перавялі ў іншую групу, бо ён, як яны казалі, не дае ім вучыцца. Зь імі сустракалася маці і бацька Аляксандра, і канфлікт быў залагоджаны.

Перашкод для навучаньня ў інстытуце не было

Лячэбна-кансультацыйная камісія магілёўскай псыхіятрычнай лякарні, якую ў сілу захворваньня меўся рэгулярна праходзіць Аляксандар, ня бачыла перашкод для яго вучобы. Ён выдатна здаваў сэсіі і яго засмучала, калі за іспыт атрымаў «сямёрку». Пасьпяховасьць студэнта прызнавалі і самі выкладчыкі, якія, аднак, казалі, што часам у яго праяўляюцца псыхічныя асаблівасьці асобы.

Залікоўка Аляксандра Я. з адзнакамі добрымі аднакамі за іспыты
Залікоўка Аляксандра Я. з адзнакамі добрымі аднакамі за іспыты

Бацькі абвінавачанага спасылаючыся на выкладчыкаў сьвярджаюць, што ён дасьведчаны ў гісторыі, філязофіі, ангельскай і нямецкай мове. Як кажа маці Аляксандра, ён захапіўся рэлігіямі, паколькі гэта дапамагала здымаць эмацыйнае напружаньне. Да ісламу Аляксандар цікавіўся праваслаўем і каталіцызмам. Перад тым, як прыняць лекі, чытаў малітвы і выконваў рэлігійныя рытуалы.

Вучыцца ў турме Аляксандар ня можа, паколькі неабходныя падручнікі не прапускаюць. Ён мусіць карыстацца той літаратурай, якая ёсьць у турэмнай бібліятэцы.

Разгляд справы завяршаецца. Суд азнаёміўся з матэрыяламі і 28 траўня распачне спрэчкі бакоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG