Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ пра «дужаньне» на перамовах: Трамп занепакоены магчымым правалам саміту з КНДР


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказвае ўсё большую занепакоенасьць, што яго сустрэча з лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам ў Сынгапуры можа абярнуцца «палітычным канфузам».

Як паведамляе газэта «The New York Times», Трамп узмоцнена кансультуецца са сваімі дарадцамі, ці варта рызыкаваць і ці варта ісьці на гэтую сустрэчу.

Трамп быў зьдзіўлены і абураны заявай, апублікаванай у сераду галоўным ядзерным перамоўнікам КНДР, які сказаў, што Пхэньян ніколі не адмовіцца ад свайго ядзернага патэнцыялу наўзамен на эканамічную дапамогу. Заява была ў рэчышчы вядомай тактыкі КНДР і ўяўляла сабой рэзкі зрух у танальнасьці пасьля прымірэнчых жэстаў, зробленых кагадзе.

У чацьвер і пятніцу Трамп літаральна закідаў памочнікаў пытаньнямі наконт таго, як адбываецца падрыхтоўка да саміту, піша газэта. У суботу ўвечары Трамп патэлефанаваў прэзыдэнту Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Іну, каб спытаць, чаму публічныя заявы КНДР супярэчаць прыватным абяцаньням, атрыманым Мунам падчас сустрэчы з Кім Чэн Ынам у дэмілітарызаванай зоне ў канцы красавіка.

Гутарка прэзыдэнта ЗША з Мун Чжэ Інам адбылася за тры дні да таго, як паўднёвакарэйскі лідэр меў прыбыць у Вашынгтон. Памочнікі Трампа лічаць, што прэзыдэнт занадта моцна дэманструе сваё жаданьне правесьці сустрэчу з Кім Чэн Ынам.

«Дужаньне» з Паўночнай Карэяй на перамовах — новы досьвед ня толькі для Трампа, але і для ўсіх астатніх яго дарадцаў у шэрагах адміністрацыі. Паўднёвакарэйскія афіцыйныя асобы кажуць, што Джон Болтан, новы дарадца Трампа ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, знаходзіўся ў штодзённым кантакце са сваім калегам у Сэуле, спрабуючы распрацаваць стратэгію. Болтан ясна даў зразумець, што, на яго думку, прэзыдэнт павінен выкарыстоўваць сустрэчу ў Сынгапуры, каб заявіць: КНДР павінна адмовіцца ад усяго свайго арсэналу і ядзернай інфраструктуры да таго, як ЗША аслабяць эканамічныя санкцыі.

Аналітыкі ў ЦРУ, дзе цяперашні дзяржаўны сакратар Пампэо быў дырэктарам, шмат гадоў папярэджвалі, што ня вераць, быццам Кім абмяняе ўсе свае ядзерныя магчымасьці на дапамогу незалежна ад таго, якая прапанова будзе ад Злучаных Штатаў ды іхных хаўрусьнікаў. Аднак яны таксама лічаць, што ёсьць шанец, што Кім прыпыніць выпрабаваньні атамных бомбаў, калі даб’ецца вываду амэрыканскага вайсковага кантынгенту з рэгіёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG