Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: дырэктара «РИА Новости Украина» вінавацяць у дзяржаўнай здрадзе


Намесьнік кіраўніка СБУ Віктар Кананенка выступае на брыфінгу па справе Кірыла Вышынскага
Намесьнік кіраўніка СБУ Віктар Кананенка выступае на брыфінгу па справе Кірыла Вышынскага

Супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны сёньня ў Кіеве затрымалі Кірыла Вышынскага, дырэктара інфармацыйнага агенцтва «РИА Новости Украина». У 2015 годзе ён атрымаў грамадзянства РФ, але не выйшаў з украінскага. Вышынскаму інкрымінуюць дзяржаўную здраду і правядзеньне падрыўной інфармацыйнай дзейнасьці супраць Украіны. Пра гэта заявіў на брыфінгу ў Кіеве намесьнік кіраўніка СБУ Віктар Кананенка.

Паводле дадзеных сьледзтва, журналіст па заданьні Масквы рыхтаваў спачатку інфармацыйныя матэрыялы ў Крыме для апраўданьня анэксіі Расеяй паўвострава, а потым у Кіеве — у падтрымцы сэпаратысцкіх ДНР і ЛНР. Паводле СБУ, ён штомесяц атрымліваў на антыўкраінскую дзейнасьць 53 тысячы эўра, грошы паступалі з Расеі ва Ўкраіну праз Сэрбію.

Па справе «РИА Новости Украина» СБУ сумесна з пракуратурай Аўтаномнай рэспублікі Крым (дзейнічае ў Кіеве) правяла ператрусы па пяці кіеўскім адрасах.

«Мы трапілі ў кропку, я даўно не памятаю, каб праз гадзіну пасьля пачатку ператрусаў была рэакцыя і кіраўніка МЗС РФ Лаўрова, і прэсавага сакратара расейскага прэзыдэнта Пяскова» — заявіў Віктар Кананенка. Па яго словах, затрыманы Вышынскі зарэгістраваў ва Ўкраіне шэраг кампаніяў, у тым ліку «Тор Інтер селект», якая дзейнічае пад брэндам «РИА Новости Украина» каб схаваць мэханізм фінансаваньня з Расеі і супрацоўніцтва зь інфармацыйнымі агенцтвамі «РИА Новости » і «Россия сегодня».

Кананенка таксама паведаміў, што па Вышынскаму ішла распрацоўка спэцслужбы «як па ўкраінскім грамадзяніну, прыцягнутыма да супрацы расейскіми структурамі, але затым у ходзе ператрусаў у яго быў знойдзены пашпарт грамадзяніна РФ, а таксама расейскія дзяржаўныя ўзнагароды, у прыватнасьці, мэдаль Расейскай Фэдэрацыі «За вяртаньне Крыму». Як сьведкі па справе «РИА Новости Украина» праходзяць 20 грамадзянаў Украіны.

У офіс украінскага амбудсмэна Людмілы Дзянісавай ўжо зьвярнулася яе расейская калега Тацьцяна Маскалькова адносна абароны расейскага грамадзяніна Кірылы Вышынскага.

Раней за асьвятленьне дзейнасьці сэпаратыстаў Данбасу Вышынскі быў унесены ў базу ўкраінскага сайту «Міратворац», а ў 2014 годзе пасьля анэксіі Крыму яго ўзнагародзілі ў Расеі мэдалём «За заслугі перад Айчынай» «за абʼектыўнае асьвятленьне падзеяў у Крыме».

У рэестры ўкраінскіх друкаваных СМІ і інфармацыйных агенцтваў выданьне «РИА Новости Украина» не значыцца. Яшчэ ў 2011 годзе ва Ўкраіне скасавалі абавязковую акрэдытацыю для замежных журналістаў і замежных СМІ, таму ў МЗС і ў міністэрстве інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны карэспандэнту Радыё Свабода не змаглі пацьвердзіць, ці зьяўляецца гэтае выданьне філіялам расейскага агенцтва. Як сказала Радыё Свабода прэсавая сакратарка СБУ Алена Гітлянская, «па сутнасьці „РИА Новости Украина“ — расейскі філіял, які прыкрываўся ўкраінскай шыльдай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG