Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве ператрусы ў інфармацыйным агенцтве «РИА-Новости». Затрыманы яго кіраўнік


Ілюстрацыйнае фота. Офіс «РИА-Новости» у Маскве

Служба бясьпекі Ўкраіны з раніцы праводзіць ператрусы ў інфармацыйным агенцтве «РИА-Новости-Украина», якое было створанае ў 2000-х гадах як прадстаўніцтва аднайменнага расейсага агенцтва і пазьней увайшло ў мэдыя-групу «Россия сегодня».

«Вырашаецца пытаньне аб затрыманьні яго кіраўніка. Мы маем абгрунтаваную доказную базу, якую мы апублікуем па завяршэньні сьледчых дзеяньняў», — паведаміла сьпікер СБУ Алена Гітлянская.

У агенцтве «РИА Новости Украина» паведамілі, што ў будынак раніцай увайшлі «людзі з дамкратам», а пасьля гэтага журналістка, якая знаходзілася ў офісе, перастала выходзіць на сувязь. Паводле агенцтва, затрыманы іхны кіраўнік Кірыла Вышынскі — ён у 2014 годзе «за аб’ектыўнае асьвятленьне падзей у Крыме» быў узнагароджаны расейскім мэдалём ордэна «За заслугі перад Айчынай».

Паводле Алены Гітлянскай, праваахоўнікі ўстанавілі, што агенцтва «РИА-Новости Украина» выкарыстоўвалася «краінай-агрэсарам у рамках гібрыднай інфармацыйнай вайны супраць Украіны».

Пазьней намесьнік кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Віктар Кананенка паведаміў, што падставай для правядзеньня ператрусаў і затрыманьня Кірылы Вышынскага стала «апэратыўная інфармацыя аб мэтанакіраванай падрыўной дзейнасьці ў Крыме з далучэньнем да яе журналістаў, грамадзян Украіны».

На дадзены момант затрыманаму інкрымінуецца дзяржаўная здрада. Паводле Віктара Кананенкі, агенцтва «РИА Новости Украина» ня мела ва Ўкраіне дзяржаўнай рэгістрацыі і фінансавалася з Расеі праз Сэрбію за пасярэдніцтвам некалькіх юрыдычных асобаў, зарэгістраваных Кірылам Вышынскім.

Прадстаўнік СБУ дадаў, што для сваёй дзейнасьці кіраўнік агенцтва атрымліваў ад 53 да 100 тысяч эўра штомесяц, якія потым разьмяркоўваліся паміж журналістамі. Найбліжэйшым часам суд мае разгледзець пытаньне аб арышце Кірыла Вышынскага.

Паводле сьледзтва, ён затрымліваўся як грамадзянін Украіны, але мае таксама і расейскае грамадзянства. Раней генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка на сваёй старонцы ў Facebook абнародаваў фатаздымкі з грашыма, знойдзенымі падчас ператрусаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG