Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК: на рахунак прафсаюзных лідэраў у Літве паступіла больш за 140 тысяч эўра

абноўлена

Генадзь Фядыніч, архіўнае фота
Генадзь Фядыніч, архіўнае фота

У Сьледчым камітэце ўдакладнілі акалічнасьці абвінавачаньня ў дачыненьні да старшыні незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзя Фядыніча і кіраўніка менскай арганізацыі Ігара Комліка.

Што важна ведаць

  • Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
  • Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
  • Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Сьледчыя апыталі ўжо больш за 550 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
  • Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць.

Паводле Сьледчага камітэту, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве. У 2011 годзе ад нерэзыдэнтаў Беларусі на гэты рахунак паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 000 эўра. Комлік і сябры прафсаюзу здымалі гэтыя грошы ў далярах і эўра і прывозілі ў Беларусь, дзе грошы перадаваліся Комліку і Фядынічу.

Паводле разьліку Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, сума нясплачаных падаткаў склала 22 867,1 рубля.

Прафсаюзны лідэр па-ранейшаму перакананы: справа прафсаюзаў — палітычная

Старшыня РЭП Генадзь Фядыніч 14 траўня ў размове са Свабодай сказаў, што ў яго ўзьнікла некалькі пытаньняў пасьля таго, як ён пабачыў абвінавачваньні на свой адрас і на адрас Ігара Комліка на афіцыйным сайце Сьледчага камітэту.

«Па-першае, гаворка ідзе пра 2011 год. Чаму яны так доўга чакалі, каб выставіць нам гэтыя абвінавачваньні? За гэты час нават дэнамінацыя адбылася».

Спадар Фядыніч кажа, што знаёмства з матэрыяламі справы яшчэ болей пераконвае яго, што яна палітычная.

«Сьледчыя нібы абараняюць нашых замежных партнэраў. Маўляў, гэта мы іх дурылі, выстаўляючы нейкую іншую справаздачу. Так, прыяжджалі нашы партнэры ў 2011 годзе. Яны праводзілі тут сэмінары. І кожны раз атрымлівалі на рукі афіцыйную справаздачу пра выдаткі», — адзначае прафсаюзны лідэр.

Фядыніча таксама зьдзівіла, што ў паведамленьні Сьледчага камітэту раптам ідзе гаворка і пра іншыя тэрміны «аж да 2017 году».

«Калі нешта вядзецца, дык пакажыце нам дакумэнты з разьліковых рахункаў. Хто здымаў грошы: колькі, калі? Дзе тыя банкаўскія арыгіналы? Мы іх ня бачылі».

Генадзь Фядыніч сказаў, што ён і Ігар Комлік маюць позвы ў Сьледчы камітэт аж да 25 траўня, штодня а 9.30. Але тут яшчэ ёсьць залежнасьць ад адваката, які можа ў гэтыя дні быць у іншым працэсе. А без яго прафсаюзныя лідэры адмаўляюцца ісьці да сьледчых. Працуе з прафсаюзнымі лідэрамі адвакат Антон Гатынскі.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле такога самага артыкула ў 2011 годзе пасадзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага — асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыю маёмасьці, але вызвалілі праз тры гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.

Фядыніч: «Маё сумленьне чыстае. Я ніводнай прафсаюзнай капейкі сабе ў кішэню не паклаў»

6 пытаньняў да старшыні РЭП Генадзя Фядыніча, якога вінавацяць у нясплаце падаткаў

Абвінавачаныя цяпер маюць месяц на азнаямленьне з матэрыяламі справы — суд можа адбыцца ўжо ў чэрвені. Да таго Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG