Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 траўня ЗША пераносяць сваю амбасаду ў Ізраілі ў Ерусалім. Плошчу побач назавуць у гонар Трампа


У Ерусаліме 14 траўня адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцьця амэрыканскай амбасады, перанесенай з Тэль-Авіву. Адкрыцьцё прымеркавалі да 70-годзьдзя ўтварэньня Ізраілю.

Чакаецца, што амэрыканскую афіцыйную дэлегацыю ўзначаліць намесьнік дзяржсакратара ЗША Джон Саліван. У склад дэлегацыі таксама ўвойдуць амбасадар ЗША ў Ізраілі Дэвід Фрыдман, кіраўнік міністэрства фінансаў ЗША Стывэн Мнучын і спэцпрадстаўнік ЗША на міжнародных перамовах Джэйсан Грынблат, паведамляе «Настоящее время».

Адкрыцьцё амбасады таксама наведаюць дачка і дарадчыца прэзыдэнта ЗША Іванка Трамп і яе муж — старшы дарадца прэзыдэнта Джарэд Кушнэр. Дональда Трампа на цырымоніі ня будзе.

Плошчу, разьмешчаную побач з новай амбасадай ЗША ў Ерусаліме, у хуткім часе пераймянуюць у гонар прэзыдэнта ЗША: яна атрымае назву «плошча Злучаных Штатаў імя прэзыдэнта Дональда Трампа», паведаміў мэр горада Нір Баркат.

Амэрыканскі прэзыдэнт заявіў аб прызнаньні Ерусаліму сталіцай Ізраілю 6 сьнежня 2017 году і абвясьціў аб пераносе туды амэрыканскай амбасады з Тэль-Авіву.

Пазьней на экстраным пасяджэньні ААН 128 краінаў выказаліся супраць прызнаньня Ерусаліма сталіцай Ізраілю, 35 краінаў устрымаліся, яшчэ дзевяць падтрымалі ЗША.

Дзяржава Ізраіль называе Ерусалім сваёй сталіцай, як і старажытнай сталіцай усяго габрэйскага народа, з 1948 году, калі яна была заснаваная.

Падчас Шасьцідзённай вайны 1967 году Ізраіль анэксаваў усходні сэктар гораду. Міжнародная грамадзкасьць анэксію не прызнала.

Сёньня міністэрствы і дзяржустановы Ізраілю разьмешчаныя ў Ерусаліме, а ізраільцяне розных палітычных поглядаў лічаць горад сваёй сталіцай.

Палестынцы таксама прад’яўляюць правы на Ерусалім і хочуць, каб усходняя частка гораду стала сталіцай іх будучай дзяржавы. У той частцы горада жывуць каля 200 тысяч палестынцаў.

У Старым горадзе, ва ўсходнім Ерусаліме, знаходзяцца сьвятыя месцы як для габрэяў, так і для мусульман і хрысьціян. Напрыклад, Сьцяна Плачу — найвялікшая сьвятыня, дзе габрэі могуць маліцца, і мячэт Эль-Акса, трэцяя паводле важнасьці сьвятыня ісламу.

Статус Ерусаліму — адна з самых гарачых праблемаў ізраільска-палестынскага канфлікту. Да гэтага часу амбасада ЗША, як і большасьці іншых краінаў, разьмяшчалася ў Тэль-Авіве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG