Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўганістане баевікі напалі на падатковую службу правінцыі, ёсьць ахвяры

Пасьля выбуху
Пасьля выбуху

На ўсходзе Аўганістану адбыўся скаардынаваны напад баевікоў са зброяй і сьмяротнікаў з выбухоўкай на будынак падатковых органаў правінцыі Нангархар ў цэнтры яе сталіцы, гораду Джалалабад.

Па словах прадстаўніка губэрнатара правінцыі, нападнікі забілі як найменей шэсьць чалавек і яшчэ ня менш за 30 паранілі. Колькасьць стратаў яшчэ не канчатковая, паколькі паміж нападнікамі, якія забарыкадаваліся ў будынку, і сілавікамі, якія акружылі тэрыторыю, ідзе бой.

Як заявілі ў паліцыі, яны здолелі застрэліць прынамсі аднаго баявіка падчас перастрэлкі, якая пачалася пасьля трох выбухаў, якія зрабілі нападнікі.

Паводле дэпутата савету правінцыі Сохраба Кадэры, праўдападобна, што адзін з нападнікаў падарваў сябе на брамах комплексу будынкаў, а яшчэ двое ўжо ўнутры. Яшчэ як мінімум чацьвёра нападнікаў, лічыць ён, уварваліся ў будынак, узброеныя аўтаматамі і гранатамётамі.

Адказнасьць за напад яшчэ ніхто ня ўзяў. Раней падобныя нападу ў правінцыі Нангархар бралі на сябе ісламісцкі рух «Талібан» або мясцовае падразьдзяленьне экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG