У сталіцы Аўганістану, Кабуле, адбыўся тэракт, пры якім загінулі больш за 30 чалавек і больш за 50 параненыя. Сьмяротнік падарваў бомбу ў цэнтры горада. Пра гэта паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў Аўганістану.
Як паведаміў прадстаўнік міністэрства аховы здароўя, выбух, зьдзейсьнены тэрарыстам-сьмяротнікам у поясе шахіда, прывёў да гібелі сама меней 31 чалавек і параніў яшчэ 54 чалавекі.
Экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за выбух, паведамляе Reuters са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва AMAQ.
Напад адбыўся ў цэнтры выдачы дакумэнтаў для выбарнікаў. Туды жыхары горада прыходзілі для рэгістрацыі перад выбарамі ў парлямэнт, якія маюць адбыцца ў кастрычніку 2018 году. Сярод ахвяраў тэракту мноства жанчын і дзяцей. Відавочцы заяўляюць, што загінулых можа быць нашмат больш, чым паведамляюць улады.
Пазьней мясцовае агенцтва Khaama Press са спасылкай на супрацоўнікаў органаў бясьпекі паведаміла пра яшчэ адзін выбух — гэтым разам у цэнтры рэгістрацыі выбарнікаў у правінцыі Баглан на паўночным усходзе Аўганістану.
Як піша агенцтва, па словах мясцовых чыноўнікаў у Баглане, прынамсі шэсьць чалавек загінулі і пяцёра атрымалі раненьні ў выніку выбуху. Іншы супрацоўнік службы бясьпекі кажа, што прынамсі сем чалавек загінулі і дзесяць атрымалі раненьні.