Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вырасла запазычанасьць насельніцтва за жыльлёва-камунальныя паслугі


За тры месяцы гэтага 2018 году доўг павялічыўся на 15,4% і склаў агулам 154,9 мільёна рублёў, паведамляе партал камунальнай пісьменнасьці насельніцтва.

Яшчэ год таму запазычанасьць насельніцтва за жыльлёва-камунальныя паслугі складала 119,2 мільёна рублёў — за год гэтая сума вырасла на 35,7 мільёна рублёў.

«Прадпрыемствы для ажыцьцяўленьня сваёй дзейнасьці, аплаты энэргарэсурсаў, працы работнікаў і пакрыцьця іншых бягучых выдаткаў вымушаныя браць крэдыты, сума якіх за 1-ы квартал склала 77,2 мільёна рублёў, а сума налічаных працэнтаў — 1,2 мільёна рублёў. Параўнайце з запазычанасьцю насельніцтва. А ёсьць жа яшчэ і дэбітарская запазычанасьць юрыдычных асобаў, якая дасягнула 696 мільёнаў рублёў», — адзначаецца на партале камунальнай пісьменнасьці насельніцтва.

У пачатку студзеня 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб плянавым павышэньні тарыфаў на камунальныя паслугі. Паведамлялася, што новыя тарыфы дазволяць у 2018 годзе кампэнсаваць 70% выдаткаў дзяржавы на камунальныя паслугі за кошт насельніцтва, а па большасьці паслуг (тэхнічнае абслугоўваньне жылых памяшканьняў, ліфтаў, водазабесьпячэньне, водаадвядзеньне, збор і вываз камунальных адходаў) — і да 100%. Але пры гэтым адзначалася, што «ў выніку ўжываньня зацьверджаных тарыфаў», жыльлёва-камунальныя плацяжы павялічацца «ў межах 5 даляраў у разьліку на тыповую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажываньні паслуг».

У сярэдзіне студзеня былі апублікаваныя новыя тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі.

Беларусы, якія падпадаюць пад дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», гарачае водазабесьпячэньне пачнуць аплачваць па поўных тарыфах зь 1 студзеня 2019 году, газазабесьпячэньне пры наяўнасьці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў і цеплазабесьпячэньне — зь 1 кастрычніка 2019 году.

Паводле Мінгадлю, у Беларусі насельніцтва ў 2017 годзе кампэнсавала 69,7% выдаткаў на жыльлёва-камунальныя паслугі, астатняе — субсыдавала дзяржава. Годам раней гэты паказьнік складаў 60,7%.

У 2018 годзе, як плянуецца, беларусы будуць кампэнсаваць 76,3% выдаткаў за аказаныя жыльлёва-камунальныя паслугі. Заплянаваны ўзровень кампэнсацыі насельніцтвам гэтых выдаткаў разьлічваецца на чарговы фінансавы год без уліку ільготаў, якія даюць асобным катэгорыям насельніцтва. Да прыкладу, на 2017 год гэты паказьнік прагназаваўся на ўзроўні 69,2%, а пасьля пераразьліку фактычны ўзровень кампэнсацыі склаў 69,7%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG