Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павялічыў камунальныя тарыфы «ў межах 5 даляраў»


Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 473 «Аб усталяваньні тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2018 год», піша БелТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.

«У выніку ўжываньня зацьверджаных тарыфаў», гаворыцца ў паведамленьні, жыльлёва-камунальныя плацяжы павялічацца «ў межах 5 даляраў у разьліку на тыповую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажываньні паслуг».

Плянуецца, што новыя тарыфы дазволяць у 2018 годзе кампэнсаваць 70% выдаткаў дзяржавы на камунальныя паслугі за кошт насельніцтва, а па большасьці паслуг (тэхнічнае абслугоўваньне жылых памяшканьняў, ліфтаў, водазабесьпячэньне, водаадвядзеньне, збор і вываз камунальных адходаў) — і да 100%.

Такім чынам, пацьвярджаюцца пляны, пра якія ў 2016 годзе казаў міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі выйсьці на 100-адсоткавае пакрыцьцё насельніцтвам выдаткаў на «камуналку» да канца 2018 году.

Ва ўмовах павелічэньня тарыфаў на паслугі ЖКГ дзяржава абяцае забясьпечваць насельніцтва, якое мае ў гэтым патрэбу, безнаяўнымі жыльлёвымі субсыдыямі. Такія субсыдыі будуць давацца грамадзянам і сем’ям у выпадку, калі штомесячная сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сукупнага сярэднемесячнага прыбытку ў горадзе і 15% — у сельскай мясцовасьці.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG