Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачанаму ў забойстве, якое «дапамог раскрыць» Лукашэнка, пагражаюць 22 гады калёніі

Падсудны Юры Іваноў
Падсудны Юры Іваноў

Дзяржаўнае абвінавачваньне запатрабавала 22 гады пазбаўленьня волі для 32-гадовага Юрыя Іванова — абвінавачанага па справе аб забойстве 9-гадовай даўнасьці ў Магілёве, якое «дапамог раскрыць» Аляксандар Лукашэнка. Прысуд будзе абвешчаны 11 мая.

8 траўня падчас спрэчак па справе, якая з ініцыятывы прэзыдэнта паўторна слухаецца ў Вярхоўным судзе, дзяржабвінаваўца Сяргей Гіргель папрасіў прысудзіць абвінавачанаму 22 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе БелаПАН.

Іванова абвінавачваюць у жорсткім забойстве (п. 6 ч. 2 арт. 139 КК) 3 лютага 2009 году ягонай сяброўкі Святланы Паддубскай у ейным катэджы. Па вэрсіі сьледзтва, ён нанёс жанчыне ня менш як 41 удар нажом. Таксама мужчыну ставіцца ў віну крадзеж (ч. 1 арт. 205 КК), наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці (ч. 3 арт. 218 КК) і крадзеж асабістых дакумэнтаў (арт. 378 КК). Згодна з матэрыяламі справы, Іваноў выкраў у забітай залатыя ўпрыгожаньні, мабільны тэлефон і грошы, зьнішчыў яе пашпарт і спрабаваў падарваць дом, у якім адбылося злачынства.

Забойства, якое «дапамог раскрыць» Лукашэнка: падазраваны нанёс 50 удараў нажом

У судзе Іваноў не прызнаў сябе вінаватым па ніводным пункце абвінавачаньня і заявіў, што раней абгаварыў сябе пад ціскам.

Сёньня пракурор папрасіў суд вызваліць абвінавачанага ад пакараньня за крадзеж і зьнішчэньне дакумэнту ў сувязі са сканчэньнем тэрміну даўнасьці. Па астатніх пунктах, як лічыць дзяржабвінавачваньне, віна Іванова даказаная.

Пацярпелыя — бацька і сын забітай — заявілі да Іванова пазовы аб матэрыяльным пакрыцьці маральнай шкоды на 600 тысяч рублёў. У спрэчках пракурор папрасіў суд задаволіць гэтыя патрабаваньні.

Бацька забітай Леанід Сьляпнёў на судзе
Бацька забітай Леанід Сьляпнёў на судзе

Што вядома пра акалічнасьці забойства

Жывой Сьвятлану Паддубскую апошні раз бачылі 1 лютага 2009 году, калі яна разам з сынам была на сходзе сьведак Яговы ў Магілёве.

Першымі шукаць жанчыну пачалі ўдзень 5 лютага яе калегі па працы. Паддубская мелася была ехаць у камандзіроўку, аднак не адказвала на тэлефанаваньні.

Бацькі разам зь міліцыянтамі вырашылі ўскрыць дом, дзе Паддубская жыла адна. Галоўныя дзьверы не ўдалося адчыніць нават запасным камплектам ключоў. Міліцыянты адчынілі дзьверы чорнага ходу, адкуль адразу моцна патхнула газам. На месца выклікалі аварыйную службу, у дом змаглі ўвайсьці толькі пасьля праветрываньня. Цела Сьвятланы Паддубскай знайшлі ў спальні. На ім было 41 нажавое раненьне.

Дом у Магілёве, дзе адбылося злачынства
Дом у Магілёве, дзе адбылося злачынства

Першы разгляд справы: падсудны прызнаўся, што агаварыў сябе пад ціскам сьледчых

Паводле бацькі забітай, апэратыўнікі дапыталі на датычнасьць да забойства блізу дзясятка знаёмых дачкі. 9 лютага 2009 году ў міліцыю выклікалі і Юрыя Іванова. Як сказана ў матэрыялах справы, «для зьняцьця адбіткаў пальцаў». Міліцыянты прапанавалі мужчыну прайсьці выпрабаваньне на паліграфе. Дэтэктар і паказаў, што Юры мае дачыненьне да забойства. Была выпісаная пастанова на яго арышт. Менш як праз суткі Іваноў прызнаўся ў забойстве.

Ад свайго прызнаньня адмовіўся ў судзе — сказаў, што агаварыў сябе пад ціскам сьледчых.

У 2010 годзе Іванова апраўдалі і вызвалілі. Тады дзяржабвінавачаньне патрабавала для яго 21 год пазбаўленьня волі.

Судзьдзя Сьвятлана Аксёненка ў сваім выраку адзначыла мноства парушэньняў, зробленых апэратыўнікамі ў ходзе расьсьледаваньня. Затрыманьне падазраванага яна палічыла незаконным, бо яно не было належным чынам аргумэнтавана. Спасылкі сьледчых на нормы законаў былі памылковыя. Абвінавачванага вызвалілі ў залі суду, а пазьней выплацілі яму кампэнсацыю. Пасьля суду мужчына жыў у Расеі і зрэдку наведваўся ў Магілёў. Прэтэнзій з боку праваахоўнікаў да яго не было.

Рашэньне Магілёўскага абласнога суду падтрымаў Вярхоўны суд.

Юры Іваноў катэгарычна адмаўляецца прызнаваць віну
Юры Іваноў катэгарычна адмаўляецца прызнаваць віну

Бацька забітай дамогся перагляду справы праз 8 год

Справа атрымала розгалас пасьля таго, як пра яе згадаў Аляксандар Лукашэнка 1 лютага на сустрэчы са старшынём Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз Андрэем Шведам, калі новае расьсьледаваньне ў дачыненьні да абвінавачанага ўжо было скончанае. Лукашэнка заявіў, што за суткі вывучыў справу.

Як даведалася Свабода, перагляду справы дамогся бацька забітай Леанід Сьляпнёў. Пасьля марных спробаў дамагчыся пакараньня забойцы ён зьвярнуўся да Лукашэнкі, каб той дапамог аднавіць справядлівасьць.

«Канваяваў зьняволеных, вучыўся на міліцыянта». Бацька забітай магіляўчанкі пра справу, якую «раскрыў» Лукашэнка

Улетку 2017 году Іванова даставілі ў Менск з Санкт-Пецярбургу, дзе ён працаваў пасьля вызваленьня з-пад варты. Сам абвінавачваны заявіў у судзе, што яго выкралі.

У Магілёве жыве маці падазраванага. Ад гутаркі з карэспандэнтам Свабоды яны адмовілася, але сказала, што «сын не вінаваты».

XS
SM
MD
LG