Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я нікога не забіваў». Падрабязнасьці з суду па справе, якую «дапамог раскрыць» Лукашэнка


Падсудны Юры Іваноў
Падсудны Юры Іваноў

Абвінавачаны Юры Іваноў катэгарычна адмаўляе сваю датычнасьць да забойства Сьвятланы Паддубскай, якое адбылося больш за 9 гадоў таму.

Пра тое, што незадаволены выракам суду бацька забітай у 2009 годзе магіляўчанкі дайшоў да кіраўніка краіны, Лукашэнка расказаў 1 лютага. Тады ж ён прызнаўся, што вывучыў матэрыялы справы «за адну ноч» і загадаў нанава расьсьледаваць. Справай заняўся КДБ. Апраўданага Магілёўскім абласным судом Юрыя Іванова 8 жніўня 2017 году знайшлі ў Санкт-Пецярбургу і прымусова вярнулі ў Беларусь, дзе адразу пасадзілі ў СІЗА на Валадарскага. У студзені 2018 году новае сьледзтва было скончанае, суд пачаўся раніцай 27 сакавіка.

Справу Іванова разглядаюць у Вярхоўным судзе
Справу Іванова разглядаюць у Вярхоўным судзе

«Спадзяюся, на гэты раз вінаватага пакараюць»

Пацярпелымі па справе прызнаныя бацька забітай Сьвятланы Паддубскай Леанід Сьляпнёў і яе сын Аляксей Паддубскі. Разам зь імі на першы дзень працэсу прыйшлі сястра і брат Сьляпнёва. Абодва пацярпелыя жывуць у Магілёве (сын Аляксей — у тым самым будынку, дзе забілі яго маці). Пасьля апытаньняў у першы дзень яны прасілі судзьдзю дазволіць ім не прыяжджаць на кожны дзень разгляду справы.

«Я восем гадоў дабіваўся таго, каб апраўдальны прысуд перагледзелі, — казаў Сьляпнёў журналістам перад пачаткам паседжаньня. — Спадзяюся, на гэты раз вінаватага пакараюць».

Адказваючы на пытаньні судзьдзі і пракурора, Леанід Сьляпнёў пастаянна спасылаўся на тое, што ня можа дакладна ўзгадаць падзеі 9-гадовай даўнасьці. Праз гэта пракурор мусіў некалькі разоў зьвяртацца да матэрыялаў справы і агучваць паказаньні пацярпелага, якія ён даваў неўзабаве пасьля забойства дачкі. Тое самае паўтарылася і падчас апытаньня сына Сьвятланы Паддубскай Аляксея.

«Гэта было даўно, я ня ўпэўнены, не магу ўзгадаць», — пастаянна паўтаралі пацярпелыя.

Абодва яны ў якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды патрабуюць спагнаць з абвінавачанага па 300 тысяч рублёў.

Леанід Сьляпнёў, бацька забітай у 2009 годзе жанчыны
Леанід Сьляпнёў, бацька забітай у 2009 годзе жанчыны

«Маці дыстанцыявалася ад нас, жыла сваім уласным жыцьцём»

Пра загінулую Сьвятлану Паддубскую вядома няшмат, нават нягледзячы на тое, што паказаньні пра яе на судзе даюць бацька і сын. У дзяцінстве пачала займацца конным спортам, затым скончыла фізкультурны інстытут. Нейкі час працавала настаўніцай фізкультуры, але ў сярэдзіне 90-х падалася ў бізнэс. Спачатку разам зь першым мужам гандлявала рыбай, у той жа пэрыяд захапілася ідэямі сьведак Яговы. Пасьля трагічнай сьмерці першага мужа (ён загінуў у аўтакатастрофе) выйшла замуж другі раз. З новым мужам Сяргеем Посахавым пачала будаваць побач з бацькоўскім уласны вялікі трохпавярховы дом, на які ішлі ўсе заробленыя грошы. У гэты ж час пачынае працаваць у фірме, якая гандлюе біялягічнымі дабаўкамі. У новым шлюбе нараджаецца дачка Вольга, хворая на аўтызм.

«З Посахавым маці разьвялася, таму што ён даведаўся пра тое, што маці здрадзіла яму з Русланам Дзем’янюком, — кажа на судзе сын забітай. — Ён сышоў, а маці неўзабаве пачала зь Дзем’янюком жыць, а пасьля выйшла за яго замуж... Жылі яны разам нядоўга, зь Дзем’янюком у маці былі вялікія праблемы».

Родныя забітай расказваюць, што трэці муж Сьвятланы Паддубскай жыў зусім побач, за некалькі аўтобусных прыпынкаў. Па іх словах, Дзем’янюк ужо быў судзімы за забойства, і яны бачылі, як ён біў Сьвятлану Паддубскую і нават пагражаў ёй нажом. Разышлася загінулая са сваім трэцім мужам прыкладна за год да сьмерці. Згодна з матэрыяламі справы, менавіта Дзем’янюка бацька загінулай падазраваў у сьмерці сваёй дачкі ў першыя дні пасьля забойства.

Як расказаў у першы дзень суду сын загінулай, Сьвятлана Паддубская пасьля разводу з трэцім мужам пачала жыць вельмі адасоблена. Час ад часу наведвала дзяцей, якія жылі разам зь яе бацькамі, аднак блізкіх адносінаў зь дзецьмі не падтрымлівала. Ні яны, ні бацькі Паддубскай ня ведалі, з кім яна сябруе і як праводзіць вольны час. Адзінае, што ведалі пра яе родныя, — гэта сувязь са сьведкамі Яговы, якая вельмі не падабалася бацьку забітай.

Маці абвінавачанага Сьвятлана Іванова прыйшла на суд зь невядомым маладым чалавекам.
Маці абвінавачанага Сьвятлана Іванова прыйшла на суд зь невядомым маладым чалавекам.

«Я не вінаваты ў яе сьмерці»

Падтрымаць абвінавачанага Юрыя Іванова на працэс прыйшла яго маці Сьвятлана. Яна паводзілася вельмі эмацыйна, пэрыядычна зьвяртаючыся да прысутных журналістаў з абяцаньнямі «расказаць усё як ёсьць на самой справе». Аднак урэшце вырашыла перанесьці размову з журналістамі на дзень прысуду.

«Што пра гэта ўсё можна напісаць, што яны вам тут парасказвалі», — задавала рытарычныя пытаньні Сьвятлана Іванова.

Яе сын, які ўвесь дзень правёў у клетцы, паводзіў сябе больш упэўнена і нават з выклікам адказваў на пытаньні судзьдзі. Паводле прынятага парадку апытваць Іванова будуць напрыканцы разгляду справы, таму ў першы дзень ён змог толькі заявіць, што зноў не прызнае сваёй віны ў забойстве Сьвятланы Паддубскай.

«Я не вінаваты ў яе сьмерці, — сказаў Іваноў. — Кампэнсаваць пацярпелым маральную шкоду таксама ня буду. Я нікога не забіваў».

Зь першага дня паседжаньня стала вядома, што ніхто з родных забітай Сьвятланы Паддубскай да першага суду ў 2010 годзе Іванова ня ведаў. Ня бачылі яго ні бацька загінулай, ні яе сын. Неўзабаве пасьля апраўданьня Іваноў зьехаў працаваць у Санкт-Пецярбург, жыў там у гатэлі побач з працай, займаўся будаўніцтвам. Затрымалі яго 8 жніўня 2017 году, пасьля чаго прывезьлі ў СІЗА на Валадарскага.

Падчас першага сьледзтва Іваноў амаль адразу пасьля затрыманьня напісаў яўку з павіннай, ад якой пасьля адмовіўся. Кажа, што пагадзіўся прызнацца ў забойстве пад ціскам сьледчых, у тым ліку пасьля фізычных катаваньняў.

Юры Іваноў катэгарычна адмаўляецца прызнаваць віну
Юры Іваноў катэгарычна адмаўляецца прызнаваць віну

Што вядома пра акалічнасьці забойства

Жывой Сьвятлану Паддубскую апошні раз бачылі 1 лютага 2009 году, калі яна разам з сынам была на сходзе сьведак Яговы ў Магілёве. Першымі шукаць жанчыну пачалі ўдзень 5 чысла яе калегі па працы. Паддубская мелася была ехаць у камандзіроўку, аднак не адказвала на тэлефанаваньні. Бацькі разам зь міліцыянтамі вырашылі ўскрыць дом, дзе Паддубская жыла адна. Галоўныя дзьверы не ўдалося адчыніць нават запасным камплектам ключоў. Міліцыянты адчынілі дзьверы чорнага ходу, адкуль адразу пачуўся моцны пах газу. На месца выклікалі аварыйную службу, у дом змаглі ўвайсьці толькі пасьля праветрываньня. Цела Сьвятланы Паддубскай знайшлі ў яе спальні. На ім было 41 нажавое раненьне.

Больш падрабязна акалічнасьці забойства Сьвятланы Паддубскай будуць агучаныя на пазьнейшых паседжаньнях. Па словах судзьдзі, разгляд справы будзе доўжыцца прыкладна два тыдні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG