Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады адказалі на трохтысячную пэтыцыю пра беларускія дзіцячыя садкі


Колькасьць беларускамоўных груп адпавядае запытам бацькоў, гаворыцца ў адказе камітэту адукацыі Менгарвыканкаму на пэтыцыю супраць «дыскрымінацыі дзетак паводле моўнай прыкметы».

Што патрабавалі аўтары пэтыцыі?

  • Весьці адкрытую статыстыку пажаданьняў бацькоў наконт мовы навучаньня ў садках.
  • Стварыць блянкі на беларускай мове.
  • Сфармаваць асобную чаргу для бацькоў, якія хочуць беларускамоўнай дашкольнай адукацыі для сваіх дзяцей.
  • Разьмяркоўваць дзяцей з асобнай чаргі разам.
  • Увесьці і замацаваць законамі паняцьце «група зь беларускай мовай навучаньня».
  • Увесьці патрабаваньні наконт валоданьня беларускай мовай да пэдагагічных работнікаў.
  • Укамплектаваць садкі настаўнікамі музыкі і фізкультуры, якія б валодалі беларускай мовай.
  • Спыніць штогадовую ратацыю групаў зь беларускай мовай.
  • Сварыць у кожным раёне Менску хаця б адзін цалкам беларускамоўны садок.
  • Стварыць рознаўзроставыя групы навучаньня.

«Упраўленьне адукацыі раёну адкрывае групы (садкі) зь беларускай мовай навучаньня ў тых установах дашкольнай адукацыі, у якія большасьць бацькоў жадае ўладкаваць сваіх дзяцей», — гаворыцца ў адказе Менгарвыканкаму.

Аднак аўтары пэтыцыі сьцьвярджаюць, што беларускамоўных садкоў няма ў сямі зь дзевяці раёнах Менску. Па-беларуску працуюць дзіцячыя садкі № 534 і № 187.

Паводле адказу на пэтыцыю, цягам дня пэдагогі і музычныя кіраўнікі беларускамоўных садкоў (групаў) камунікуюць зь дзецьмі, бацькамі і калегамі па-беларуску. Гэта супярэчыць з думкай аўтараў пэтыцыі, што пэрсанал ня ведае беларускай мовы, а «заняткі, якія павінны праводзіцца па-беларуску, уяўляюць сабой расповед па-расейску пра беларускую мову».

Каб вывучаць у школе беларускую мову, дастаткова 7 дзяцей. Як суседнія краіны спрыяюць беларускай мове

Зварот аб праблемах з уладкаваньнем дзяцей у беларускамоўныя садкі сабраў на сайце petitions.by больш за 3 000 подпісаў. Паводле аўтараў звароту, у атрыманьні дзецьмі дашкольнай адукацыі па-беларуску ёсьць значныя перашкоды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG