Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апошнія 5 гадоў менчукі сталі менш піць


Ілюстрацыйнае фота

Апошнія пяць гадоў у Менску назіраецца зьніжэньне спажываньня алькаголю на душу насельніцтва, паведаміў 2 траўня на прэс-канфэрэнцыі галоўны лекар Гарадзкога клінічнага наркалягічнага дыспансэра Аляксандар Алішэвіч, піша БелаПАН.

Паводле яго, калі ў 2013 годзе гэты паказьнік складаў 12 літраў умоўнага чыстага сьпірту у год на аднаго жыхара сталіцы, дык па выніках 2017 году — 8,8 літра ў год. У апошнія гады паменшылася колькасьць менчукоў, якія стаяць на ўліку ў гарадзкім наркалягічным дыспансэры: калі ў 2012 годзе на ўсіх відах уліку стаялі 38 тысяч менчукоў, дык у 2017 годзе — 34 тысячы.

З 2013 году ў Менску таксама зьніжаецца колькасьць падлеткаў, якія стаяць на ўліку: з 4.600 да 4.337 на сёньняшні дзень.

Чвэрць усіх расьсьледаваных у Менску злачынстваў зьдзейсьненая ў стане алькагольнага ап’яненьня

Тым ня менш, за 2017 год у Менску было зьдзейсьнена больш за 2,7 тысячы злачынстваў у стане алькагольнага ап’яненьня, паведаміў прадстаўнік упраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі ГУУС Менгарвыканкаму Вадзім Аніперка, паведамляе БелаПАН.

Паводле спэцыяліста, іх удзельная вага склала 24,4% ад усіх расьсьледаваньняў. Алькаголь зьяўляецца адной з прычын зьдзяйсьненьня цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў: забойстваў, наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, згвалтаваньняў, злосных хуліганстваў, рабаваньняў і разбойных нападаў.

Вадзім Аніперка адзначыў, што ГУУС падтрымлівае ініцыятывы МУС па абмежаваньні часу і месцаў продажу сьпіртовых напояў (забарона на продаж алькаголю ў начны час, вылучэньне аддзела продажу алькаголю), а таксама падняцьце абмежаваньня ўзросту для продажу з 18 да 21 году. «На жаль, ні адна з гэтых ініцыятываў пакуль не рэалізаваная», — заўважыў прадстаўнік ГУУС.

Беларусы застаюцца аднымі з самых пітушчых у сьвеце. Беларусь заняла 4-е месца ў рэйтынгу 2017 году самых нездаровых краінаў сьвету — пасьля Чэхіі, Расеі і Славеніі, паводле дасьледаваньня арганізацыі Clinic Compare, якая прааналізавала зьвесткі аб шкодных звычках насельніцтва ў 179 краінах сьвету.

Толькі 1 зь 5 беларусаў цэлы месяц ня піў алькаголю.

Са 160 тысяч алькагольна залежных штогод 8 тысяч адпраўляюць у прафілякторыі. На алькаголь прыпадае амаль 10% ад агульнага гандлю ў краіне.

За 2017 год беларусы сталі купляць толькі больш алькаголю. Вырасьлі продажы вінаградных вінаў — на 2,9%, пеністых вінаў — на 3,8%, гарэлкі — на 0,5%, каньяку — на 18,0%, піва — на 3,4%, лікёраў і лікёра-гарэлачных вырабаў — на 10,2%, слабаалькагольных напояў — на 8,6%. Упаў толькі продаж пладовых вінаў — на 8,4%.

У Беларусі будзе разглядацца абмежаваньне продажу алькаголю з 21 году (цяпер не прадаюць да 18) і іншыя антыалькагольныя захады, але Аляксандар Лукашэнка казаў, што «ў барацьбе з п’янствам нельга пераціснуць». Тым часам выпуск айчынных вінаў у 2018 годзе павялічаць на 80%.

Усясьветны досьвед для Беларусі. Як змагаюцца з алькаголем у суседніх краінах і ня толькі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG