Беларускі журналіст Зьміцер Галко, затрыманы на мяжы з Украінай 22 красавіка, зьмешчаны ў сьледчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Паведамляючы пра гэта, агенцтва БелаПАН спасылаецца на маці журналіста, якая паведаміла навіну газэце «Новы час», зь якой Галко супрацоўнічаў некалькі гадоў.
Журналіст быў затрыманы ў Столінскім раёне Берасьцейскай вобласьці пасьля вяртаньня з Львова. «Зьміцер Галко паехаў у Менск, каб разруліць пытаньне з падатковай і, вядома ж, пабачыць сына. Але ў Мннск ён не даехаў, яго арыштавалі», — напісала тады ў «Фэйсбуку» яго жонка Юлія Гаркуша.
Паводле наяўнай інфармацыі, Галко абвінавачваецца ў гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
Раней афіцыйная прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту Менску Марына Дранькова расказала Свабодзе, што ў вытворчасьці Савецкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Менску знаходзіцца крымінальная справа па абвінавачваньні 38-гадовага мужчыны ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэксу — гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў унутраных спраў.
«Гэты грамадзянін знаходзіўся ў вышуку і, па інфармацыі МУС, быў затрыманы. Пасьля дастаўленьня грамадзяніна ў вызначаным парадку для правядзеньня сьледчых дзеяньняў дадаткова будзе паведамлена аб працэсуальных рашэньнях у справе», — сказала Марына Дранькова.
Зьмітра Галко затрымалі 22 красавіка на Століншчыне, калі ён ехаў у Беларусь з Львова.
У канцы лістапада 2017 году Галко арганізаваў дзень народзінаў свайго непаўналетняга сына Яна. Паводле вэрсіі міліцыі, у кватэры была гучная музыка, хтосьці выклікаў участковага. Калі ўчастковы зьявіўся, то ў яго нібыта адбылася сутычка з Галко, у выніку якой у міліцыянта быў разьбіты мабільны тэлефон. Участковы выклікаў дапамогу, удзельнікаў затрымліваў АМАП. Сам Зьміцер Галко казаў, што проста ўзяў міліцыянта за рукі, ніякай бойкі не было.
Празь нейкі час пасьля таго інцыдэнту Галко з сынам Янам зьехаў ва Ўкраіну, у Марыюпаль, дзе жыве ягоная жонка і 2-гадовы сын Нестар. Старэйшы сын Ян раней вярнуўся ў Беларусь, а бацьку пры вяртаньні праваахоўныя органы затрымалі.