Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаванага журналіста Зьмітра Галко павезьлі па этапе


Журналіст Зьміцер Галко

Журналіста Зьмітра Галко, затрыманага 22 красавіка на ўкраінска-беларускай мяжы, па этапе са Століна даставілі ў Баранавічы. Пакуль дакладна невядома, дзе ён будзе ўтрымлівацца — у менскім СІЗА № 1 ці ў жодзінскай турме № 8.

Пра гэта Свабоде паведаміў бацька Зьмітра Мікалай Галко.

Афіцыйная прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту Менску Марына Дранькова расказала Свабодзе, што ў рабоце Савецкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Менску знаходзіцца крымінальная справа па абвінавачваньні 38-гадовага мужчыны ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэксу — гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў унутраных спраў.

«Гэты грамадзянін знаходзіўся ў вышуку і, па інфармацыі МУС, быў затрыманы. Пасьля дастаўленьня грамадзяніна ў вызначаным парадку для правядзеньня сьледчых дзеяньняў дадаткова будзе паведамлена аб працэсуальных рашэньнях у справе», — сказала Марына Дранькова.

Зьмітра Галко затрымалі 22 красавіка на Століншчыне, калі ён ехаў у Беларусь з Львова.

У канцы лістапада 2017 году Галко арганізаваў дзень народзінаў свайго непаўналетняга сына Яна. Паводле вэрсіі міліцыі, у кватэры была гучная музыка, хтосьці выклікаў участковага. Калі ўчастковы зьявіўся, то ў яго нібыта адбылася сутычка з Галко, у выніку якой у міліцыянта быў разьбіты мабільны тэлефон. Участковы выклікаў дапамогу, удзельнікаў затрымліваў АМАП. Сам Зьміцер Галко казаў, што проста ўзяў міліцыянта за рукі, ніякай бойкі не было.

Празь нейкі час пасьля таго інцыдэнту Галко з сынам Янам зьехаў ва Ўкраіну, у Марыюпаль, дзе жыве ягоная жонка і 2-гадовы сын Нестар. Старэйшы сын Ян раней вярнуўся ў Беларусь, а бацьку пры вяртаньні праваахоўныя органы затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG