Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Зьмітра Галко трымаюць у столінскім ізалятары


Журналіст Зьміцер Галко
Журналіст Зьміцер Галко

Затрыманы пры перасячэньні ўкраінска-беларускай мяжы журналіст Зьміцер Галко застаецца ў памяшканьні Столінскага ізалятару часовага ўтрыманьня.

Пра гэта Свабодзе паведаміў ягоны бацька, Мікалай Галко. Зьмітра Галко зьнялі з цягніка Львоў — Магілёў.

Мікалай Галко расказаў Свабодзе, што ягоны сын у Львове працягваў займацца журналісцкімі справамі, у тым ліку дапамагаў журналісту з Італіі, які вывучаў праблему незаконнага высяканьня лясоў.

22 красавіка Зьміцер Галко, на якога, як паведамлялі СМІ, нібыта завялі крымінальную справу аб гвалце супраць міліцыянта, вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Паводле Мікалая Галко, дакладнай інфармацыі пра крымінальную справу ў сям’і не было:

«Тут у яго нічога не было, ані позвы, ані званкоў. Да нас таксама ніхто не званіў і нічога не дасылаў, а ён жа ў нас прапісаны. Зьвестак пра тое, што на яго была заведзеная крымінальная справа, не было. Ці ёсьць яна цяпер, мне невядома».

Тым ня меней Мікалаю Галко паведамілі, што ягоны сын Зьміцер быў затрыманы ў статусе падазраванага.

«Але супрацоўніца Сьледчага камітэту, якая ім займаецца, кажа, што яшчэ разьбіраецца і абяцае паведаміць, калі разьбярэцца», — кажа Мікалай Галко.

Зьміцер Галко ва Ўкраіне, 2014 год
Зьміцер Галко ва Ўкраіне, 2014 год

Ён мяркуе, што справу на яго маглі завесьці ў Савецкім РУУС Менску, але там нічога не кажуць.

Паводле бацькі затрыманага журналіста, той ведаў, што рызыкуе, вяртаючыся на радзіму.

«Я ня раіў ехаць, пакуль няма яснасьці. Але парады парадамі, а жыцьцё вось гэтак складваецца... Там, апроч гэтай справы, актывізаваўся ў дачыненьні яго Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва».

Зьміцер Галко ў пачатку 2000-х зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік, але нічым пэўна не займаўся. Цяпер яму прыслалі рахунак за 2016 ці 2017 год на 900 рублёў зь пеняй.

«Вось ён і сказаў, што зьбіраецца прыехаць і разабрацца з гэтым, маўляў, бо немагчыма так жыць, хаваючыся ўвесь час», — кажа бацька.

Зьміцер ехаў ён цягніком Львоў — Магілёў. На мяжы сувязь зь ім зьнікла, цэлы дзень сваякі нічога ня ведалі. Бліжэй да поўначы зь бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў нам паведамілі, што Зьміцер у Столінскім РАУС. Зьнялі зь цягніка яго памежнікі.

«Больш пра яго нічога ня ведаю, ані пра ўмовы, пра здароўе — нічога. У столінскай міліцыі нічога не кажуць, а іншай сувязі няма. Спачатку нам казалі, што ў панядзелак будуць вырашаць, куды яно падзенуць, але цяпер і гэтага ня кажуць», — сказаў Свабодзе Мікалай Галко.

Дзяжурны Столінскага РУУС пацьвердзіў карэспандэнту Свабоды, што Зьміцер Галко з 22 красавіка знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ, на іншыя пытаньні адказваць адмовіўся.

Інцыдэнт, за які маглі затрымаць Зьмітра Галко

Беларускі журналіст Зьміцер Галко быў затрыманы на беларуска-ўкраінскай мяжы ў ноч на 22 красавіка. Пра гэта ў «Фэйсбуку» паведаміла ягоная жонка Юлія Гаркуша. Паводле артыкулу аб ужываньні гвалту да супрацоўніка міліцыі журналісту пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Інцыдэнт адбыўся ў Менску ў лістападзе 2017 году на кватэры, дзе жыў Зьміцер Галко з сынам Янам.

Ян Галко
Ян Галко

Падчас адзначэньня дня народзінаў юнака ў кватэру нехта з суседзяў выклікаў міліцыю нібыта з прычыны шуму, які даносіўся з кватэры, дзе сабралася кампанія моладзі. Зьміцер Галко адчыніў дзьверы. Паводле вэрсіі міліцыі, у яго адбыўся канфлікт зь міліцыянтам, у выніку якога быў разьбіты мабільны тэлефон супрацоўніка. Зьміцер Галко казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку. Пазьней адбыўся адміністрацыйны працэс, журналіста пакаралі за нецэнзурную лаянку.

Нагадваючы пра гэты працэс, бацька Зьмітра Галко Мікалай кажа, што на працэсе пра бойку сына зь міліцыянтам зьвестак не гучала.

Неўзабаве пасьля інцыдэнту Зьміцер Галко і ягоны сын Ян зьехалі зь Беларусі ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG