Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам тут жыць». Да 2000 берасьцейцаў выйшлі на мітынг супраць «бруднага» заводу. ФОТА

абноўлена

Мітынг супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр» у Берасьці, 29 красавіка
Мітынг супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр» у Берасьці, 29 красавіка

Удзень 29 красавіка ў берасьцейскім парку воінаў-інтэрнацыяналістаў мясцовыя жыхары выйшлі на санкцыянаваны мітынг супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр» — людзі лічаць, што ён будзе шкодны для здароўя людзей і навакольнага асяродзьдзя.

На мітынгу, паводле арганізатараў, было 1500–2000 людзей. Вядоўцамі мітынгу былі блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў. Людзі выступалі са сцэны, скандавалі лёзунгі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Міліцыянты ня ўмешваліся, бо акцыя санкцыянаваная ўладамі.

Мітынг завяршыўся прыняцьцем рэзалюцыі. Берасьцейцы патрабуюць ад чыноўнікаў прызнаць парушаным права жыхароў гораду вырашаць, ці можа быць пабудаваны завод, і прыцягнуць да адказнасьці чыноўнікаў, якія дапусьцілі будаўніцтва заводу і звоз сьвінцовых адкідаў да пасёлку Зялёны Бор. Яны таксама патрабуюць абвясьціць тэрыторыю каля Зялёнага Бору зонай экалягічнай катастрофы ў сувязі з тым, што туды зьвезеныя адкіды са сьвінцовага заводу. Таксама ў рэзалюцыі патрабуецца ўсталяваць кантроль над вывазам адкідаў акумулятарнай кампаніі.

Падчас мітынгу берасьцейцаў заклікалі працягваць актыўныя дзеяньні супраць заводу, па-ранейшаму выходзіць на акцыі па «кармленьні галубоў» на цэнтральнай плошчы Берасьця.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.​

Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG