Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускамоўны спэктакль цяжэй прадаць». Рэжысэр з Магілёва Ўладзімер Пятровіч пра лёс беларускіх пастановак


Рэжысэр Уладзімер Пятровіч
Рэжысэр Уладзімер Пятровіч

Магілёўскі драматычны тэатар упершыню за 6 гадоў паставіў спэктакль на беларускай мове. Прэм’ерай пастаноўкі «Таямніцы старой ратушы» 15 траўня тэатар адзначыць 130-гадовы юбілей.

У цяперашнім рэпэртуары тэатру, які паставіў «Тутэйшых» пасьля 55 гадоў забароны савецкай цэнзурай у 1982-м, беларускамоўных спэктакляў няшмат. Прэм’еру апошняга — «Камэдыя» паводле Каэтана Марашэўскага, Францішка Аляхновіча і Ўладзіміра Рудава (рэжысёр Віктар Куржалаў) — глядач бачыў 28 верасьня 2012 году.

Афіша да спэктаклю «Таямніца старой ратушы»
Афіша да спэктаклю «Таямніца старой ратушы»

Між тым менавіта спэктакль на беларускай мове «Трышчан ды Іжота» дапамог тэатру пераадолець працяглае творчае забыцьцё. Пастаноўка не пакідала сцэну амаль дзесяць гадоў і неаднойчы перамагала на тэатральных фэстывалях. Яе прадставілі гледачу 11 траўня 2000 году.

У 2002 годзе тэатралы пабачылі яшчэ адну беларускую пастаноўку магілёўцаў — «Сёстры Псыхеі». 4 сьнежня 2003 году адбылася прэм’ера спэктаклю «Легенда пра Машэку».

10 кастрычніка 2007 году тэатар зрабіў прэм’ерны паказ спэктаклю паводле твораў Янкі Купалы «Яна і я».

Новы спэктакль пра задушлівае жыцьцё і барацьбу са злом

Спэктакль «Таямніцы старой ратушы» паставіў рэжысэр Уладзімер Пятровіч. Яго аўтарству належыць першая ў Беларусі пастаноўка паводле твору нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд». Зь ёй магілёўскія акторы наведалі 8 фэстываляў, на якіх перамагалі ў розных намінацыях і адзначаліся адмысловымі дыплёмамі. Спэктакль быў на расейскай мове.

Уладзімер Пятровіч чакае, што новую ягоную работу ўпадабае глядач. Пастаноўка разьлічаная на падлеткавую аўдыторыю, што ўскладае дадатковую адказнасьць на акторскую трупу.

«Нам давядзецца добра папрацаваць, каб глядач не засумаваў на ёй. Хочам вывесьці спэктакль на ўзровень сурʼёзнай гутаркі пра важныя рэчы ў жыцьці, бо за гэтай катэгорыяй гледачоў беларуская будучыня», — сфармуляваў свае чаканьні ў размове са Свабодай аўтар спэктаклю.

Уладзімер Пятровіч
Уладзімер Пятровіч

П’есу «Таямніцы старой ратушы», кажа ён, напісаў драматург Сяргей Кавалёў. Ён нарадзіўся ў Магілёве і цяпер працуе ў Любліне. Ягонаму аўтарству належаць творы, зь якімі працаваў магілёўскі тэатар: «Трыстан ды Іжота», «Сёстры Псыхеі» ды «Легенда пра Машэку». Піша Сяргей Кавалёў на беларускай мове.

Падзеі ў спэктаклі адбываюцца ў XVI- XVIІ стагодзьдзі ў любым горадзе, у якім ёсьць ратуша, удакладняе Ўладзімер Пятровіч.

«Мы, аднак, не трымаемся дакладна той эпохі. Для нас важна перадаць атмасфэру таго часу, які ў пэўным сэнсе ня дужа адрозьніваецца ад часу цяперашняга, калі жывеш у невыносна задушлівых абставінах — і падзецца няма куды, даводзіцца жыць», — адзначае ён.

Героі спэктаклю, працягвае суразмоўца, разумеюць, што са злом паасобку ня справіцца, таму аб’ядноўваюцца і, як ім здаецца, яго перамагаюць. Зло ў пастаноўцы не канкрэтызаванае. Барацьба поўніцца сяброўствам, здрадай, забойствамі.

Не хапае беларускамоўных аўтараў для тэатру

У актораў, якія ў жыцьці па-беларуску не гавораць, праблемаў з маўленьнем у спэктаклі амаль што няма, запэўнівае Ўладзімер Пятровіч.

«Беларускасьць сядзіць у кожнага з нас у падсьвядомасьці, і актор без асаблівых цяжкасьцяў вяртаецца да свайго роднага», — кажа ён.

Разам з тым, сьцьвярджае рэжысэр-пастаноўшчык, спэктакль на беларускай мове прадаць цяжэй. Паводле яго, беларускасьць не заўжды спрыяе цікавасьці гледача. «Пытаньні, на якой мове спэктакль, нярэдка даводзіцца, на жаль, чуць у касе тэатру», — адзначае ён.

«Тое, што публіка з асьцярожнасьцю ставіцца да беларускай мовы ў тэатры, зьвязана наагул з сытуацыяй з нацыянальнай мовай беларусаў у Беларусі, — кажа далей суразмоўца. — Не сакрэт, што прыярытэт у моўнай палітыцы дзяржава надае расейскай мове, хоць апошнім часам ляяльнасьці да беларускасьці пабольшала. Але адсутнасьць беларускіх школ і клясы з двума вучнямі, якія вучацца па-беларуску, сьведчаць пра рэальную сытуацыю».

Будынак Магілёўскага драматычнага тэатру
Будынак Магілёўскага драматычнага тэатру

Сярод прычынаў, якія перашкаджаюць ставіць больш спэктакляў па-беларуску, Уладзімер Пятровіч называе недахоп аўтараў, якія пішуць на беларускай мове і здольныя спраектаваць твор на цяперашні час.

«Сучасныя драматургі, якія „стрэлілі“ ў Расеі (Павал Пражко, Мікалай Рудкоўскі, Канстанцін Сьцешык, Дзьмітры Багаслаўскі) — расейскамоўныя, — даводзіць суразмоўца. — Застаецца хіба Аляксей Дудараў, які піша і па-беларуску, і па-расейску, ды Сяргей Кавалёў, які прапануе тэатрам выключна беларускамоўныя творы».

Сьмеласьці паставіць «Тутэйшых» хопіць

Уладзімер Пятровіч кажа: раней Магілёўскі тэатар ставіў спэктакляў на беларускай мове больш. Ён параўноўвае цяперашнюю сытуацыю з савецкімі часамі.

«Як ні дзіўна, у савецкія часы было болей пастановак на беларускай мове. Тады было фінансаваньне для такіх спэктакляў. Цяпер жа мы пастаянна чуем: „Самі зарабляйце сябе грошы“, але ж мы ня ставім, напрыклад, м’юзіклы, на якіх у Амэрыцы зарабляюць. Мы мусім адпавядаць патрабаваньням густу тэатралаў, якія чакаюць якаснага тэатральнага прадукту, а таксама завабліваць новых гледачоў», — тлумачыць Уладзімер Пятровіч.

У 1982 годзе Магілёўскі тэатар першым пасьля 55 гадоў забароны паставіў «Тутэйшых», згадаў ён. Гэта была адна з найлепшых, паводле крытыкаў, пастановак рэжысёра Валерыя Масьлюка, які тады кіраваў тэатрам. Ён жа сыграў галоўную ролю ў ёй — Янкі Здольніка. Паглядзець спэктакль багата гледачоў прыяжджалі зь Менску.

«Сьмеласьці зноў паставіць „Тутэйшых“ хопіць, але ёсьць рызыка, што новая пастаноўка будзе капіяваць папярэднія, таму яе мастацкая значнасьць будзе горшай», — разважае Ўладзімер Пятровіч.

«Гэта клясыка, і працаваць зь ёю асаблівая адказнасьць, — дадае ён. — Хаця, калі будзе добры рэжысёр з добрым бачаньнем таго, як спэктакль паставіць, то можна паспрабаваць. Зразумела, у ім будуць агучвацца небясьпечныя для ўлады рэчы, што можа адбіцца на лёсе спэктаклю».

Беларуская пастаноўка «Трышчан і Іжота» адрадзіла тэатар

Па словах Уладзімера Пятровіча, найбольш папулярным беларускамоўным спэктаклем Магілёўскага драмтэатру застаецца «Трышчан ды Іжота» (рэжысёр Алег Жугжда). Яго зрабілі пасьля працяглага пэрыяду застою ў тэатры.

Фрагмэнт са спэктаклю «Трышчан ды Іжота». Фота Ўладзімера Пятровіча
Фрагмэнт са спэктаклю «Трышчан ды Іжота». Фота Ўладзімера Пятровіча

«У 1990 гадах магілёўскі тэатар ляжаў у руінах, — згадаў ён. — Мы выступалі ў будынку былой савецкай установы палітычнай асьветы. Пра нас забылі, і калі ўспаміналі тэатральны Магілёў, то толькі таму, што ў ім быў лялечны тэатар».

Прэмʼера спэктаклю адбылася 11 траўня 2000 году. У 2001-м, пасьля амаль дзесяцігодзьдзя забыцьця і няўдзелу тэатру ў фэстывалях, яго паказалі на фэсьце «Маладэчанская сакавіца — 2001».

Пастаноўка «Трышчан ды Іжота» добра прадаваўся, заўважыў суразмоўца, бо ў ёй быў сьціслы, цікавы сюжэт зь невялікай акторскай трупай. Яе вобразнае рашэньне стымулявала ў гледача інтарэс.

Упадабала магілёўская публіка і спэктакль «Легенда пра Машэку», які паставіў рэжысёр Аляксандар Гарцуеў. Пастаноўка закранала ў гледача патрыятычныя струны, кажа Ўладзімер Пятровіч. Гледачу імпанавала, што яны праз спэктакль далучаныя да легенды пра паходжаньне гораду.

Фрагмэнт з спэктаклю «Легенда пра Магілёў». Фота Ўладзімера Пятровіча
Фрагмэнт з спэктаклю «Легенда пра Магілёў». Фота Ўладзімера Пятровіча

«На жаль, акторы, якія былі задзейнічаныя ў спэктаклі, сышлі — і яго давялося сьпісаць. Але глядач і цяпер пытае, а калі вернеце «Машэку», — прызнаўся суразмоўца, якому ў пастаноўцы далі ролю ваяводы Богшы.

Такі ж лёс напаткаў і пастаноўку «Трыстан ды Іжота». Непрацяглым выпала жыцьцё і ў спэктакляў «Яна і я» ды «Камэдыя».

Уладзімер Пятровіч працуе ў Магілёўскім тэатры 38 гадоў. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Акадэмія мастацтваў) па спэцыяльнасьці «Актор драмы і кіно» (1980) і «Рэжысэр драматычнага тэатру» (2003). Паставіў 20 разнаплянавых спэктакляў. Жанаты. Дачка — актрыса ў Менскім тэатры беларускай драматургіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG