Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вугоршчыне дзясяткі тысяч людзей пратэставалі супраць урадавага кантролю над СМІ


Папярэдні пратэст вугорцаў супраць прэм'ер-міністра Віктара Орбана. Будапэшт, 14 красавіка 2018 году
Папярэдні пратэст вугорцаў супраць прэм'ер-міністра Віктара Орбана. Будапэшт, 14 красавіка 2018 году

Дзясяткі тысяч вугорцаў пратэставалі 21 красавіка супраць урадавага кантролю над сродкамі масавай інфармацыі, якія, як яны кажуць, дапамаглі прэм’еру Віктару Орбану перамагчы на выбарах у пачатку гэтага месяца, паведамляе агенцтва Reuters.

Перад мітынгам арганізатары пратэсту заявілі ў Facebook, што дзяржаўныя меэдыя ператварыліся ў прапагандысцкую машыну, дзякуючы якой правая партыя «Фідэс» на чале з прэм’ер-міністрам Віктарам Орбанам перамагла на выбарах.

Пратэстоўцы таксама заклікалі зьмяніць выбарчае заканадаўства.

Гэта ўжо другая масавая акцыя пратэсту вугорцаў пасьля парлямэнцкіх выбараў. 14 красавіка дзясяткі тысяч чалавек пратэставалі супраць несправядлівай, на іх думку, сыстэмы выбараў. Мітынгоўцы трымалі плякаты зь лёзунгамі «Віктар, вярніце нам дэмакратыю», «Мы хочам свабоды прэсы» і «зьмена рэжыму».

З 2010 году вугорскі прэм’ер-міністар узмацніў кантроль над сродкамі масавай інфармацыі і прызначыў сваіх саюзьнікаў на чале раней незалежных інстытутаў.

Напярэдадні ў Вугоршчыне спынілі існаваньне два апазыцыйныя СМІ — газэта Magyar Nemzet ( «Вугорская нацыя») і радыё Lánchíd ( «Ланцуговы мост»).

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Обран трэці раз перамог на парлямэнцкіх выбарах у Вугоршчыне, якія прайшлі 8 красавіка 2018 году.

Віктар Обран на мітынгу партыі Fidesz абвяшчае аб перамозе на выбарах
Віктар Обран на мітынгу партыі Fidesz абвяшчае аб перамозе на выбарах

Напярэдадні выбараў Орбан адмовіўся ад дэбатаў з апанэнтамі і ад гутарак зь незалежнымі СМІ, толькі выступаў на мітынгах уласнай партыі. Асноўнай тэмай ягоных выступаў было спыненьне іміграцыі, якую ён называў «іржой, што разьядае Вугоршчыну», сярод абяцаньняў таксама былі скарачэньне падаходнага падатку і далейшы рост эканомікі. Пад ягоным кіраўніцтвам дзяржава ўжо збудавала плот на мяжы з Сэрбіяй і Харватыяй. Орбан таксама выступае супраць далейшай інтэграцыі ў Эўразьвяз, хваліць Уладзіміра Пуціна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG