Дзейны прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Обран абвясьціў аб перамозе сваёй кааліцыі на парлямэнцкіх выбарах у Вугоршчыне, якія прайшлі 8 красавіка. Яўка склала нямалыя па вугорскіх мерках 69%.
Паводле папярэдніх зьвестак, ягоная правая партыя Fidesz у кааліцыі з хрысьціянскімі дэмакратамі KDNP атрымліваюць каля 48,5–48,7% галасоў, што дае ім канстытуцыйную бальшыню: 133 месцы ў 199-мясцовай аднапалатнай Нацыянальнай асамблеі — на два месцы больш, чым мелі раней. Віктар Обран мае пайсьці на чацьвёрты (трэці запар) прэм’ерскі тэрмін.
Напярэдадні выбараў, адзначае BBC, Орбан адмовіўся ад дэбатаў з апанэнтамі і ад гутарак зь незалежнымі СМІ, толькі выступаў на мітынгах уласнай партыі.
Асноўнай тэмай ягоных выступаў было спыненьне іміграцыі, якую ён называў «іржой, што разьядае Вугоршчыну», сярод абяцаньняў таксама былі скарачэньне падаходнага падатку і далейшы рост эканомікі. Пад ягоным кіраўніцтвам дзяржава ўжо збудавала плот на мяжы з Сэрбіяй і Харватыяй. Орбан таксама выступае супраць далейшай інтэграцыі ў Эўразьвяз, хваліць Уладзіміра Пуціна.
Эўрапейскія ўльтраправыя тым часам віншуюць Орбана зь перамогай — так зрабілі, напрыклад, прадстаўнікі крайне правых партыяў Даніі, Нямеччыны, Францыі...
Крайне правая партыя Jobbik, што спрабуе зьмяніць імідж на бліжэйшы да ўмерана-кансэрватыўнага, займае другое месца з прыблізна 19,54% галасоў і 26 месцамі ў Нацыянальнай асамблеі — гэта крыху горшы вынік за мінулыя выбары ў долі галасоў, але плюс два дэпутацкія мандаты. Лідэр партыі Габор Вона застаўся расчараваным перамогай Fidesz, заявіў аб намеры падаць у адстаўку.
Канкурэнт Орбана кукарэкаў у тэлестудыі. Як у Вугоршчыне праходзіла перадвыбарчая кампанія
Сацыял-дэмакраты MSZP у кааліцыі зь «зялёнымі» лібэраламі Párbeszéd («Дыялёг»), паводле папярэдніх вынікаў, страчваюць 9 месцаў у парлямэнце — 12,33% галасоў і 20 мандатаў.
Яшчэ адна «зялёная» лібэральная партыя LMP мае каля 7% галасоў і 8 месцаў, левацэнтрысты DK маюць каля 5,6% і 9 месцаў. Па адным месцы маюць правацэнтрысты Momentum, лібэральныя цэнтрысты Együtt («Разам») і жартаўлівая партыя «Двухвосты сабака» (MKKP).