Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бразыліі выдалі ордэр на арышт экс-прэзыдэнта Лулы да Сілвы


Былы прэзыдэнт Бразыліі Лула да Сілва

72-гадовы палітык павінен на працягу 24 гадзін зьявіцца ў паліцыю. Яго прызналі вінаватым у карупцыі. Да Сілва заяўляе, што працэс быў закліканы перашкодзіць яму вылучыць кандыдатуру на новых выбарах, паведамляе DW.

Бразыльскі судзьдзя Сэржу Мору выпісаў ордэр на арышт былога прэзыдэнта Бразыліі Лулы да Сілвы. Палітык, якому раней прысудзілі 12 гадоў пазбаўленьня волі праз абвінавачаньні ў карупцыі, павінен зьявіцца ў паліцыю гораду Курытыба на поўдні краіны. 24-гадзінны тэрмін для добраахвотнай яўкі скончыцца ўвечары ў пятніцу, 6 красавіка.

«Улічваючы тую функцыю, якую ён раней выконваў», 72-гадоваму да Сілву дадзена магчымасьць добраахвотна зьявіцца ў паліцыю, заявіў судзьдзя, які выпісаў ордэр. Напярэдадні Вярхоўны суд Бразыліі адхіліў апэляцыю Лулы да Сілвы супраць вынесенага яму прысуду і даў дабро на ўзяцьце пад варту былога прэзыдэнта.

Луіс Інасью Лула да Сілва займаў пасаду прэзыдэнта Бразыліі з 2003 па 2010 год. Ён адхіляе ўсе абвінавачаньні, сьцьвярджаючы, што цяперашні працэс супраць яго вядзецца з мэтай перашкодзіць яму зноў выставіць сваю кандыдатуру на выбарах. Прэзыдэнцкія выбары ў Бразыліі павінны прайсьці ў кастрычніку 2018 году, экс-прэзыдэнт пры гэтым мае высокі рэйтынг і мог бы лічыцца фаварытам.

Бразылія перажывае зацяжны ўрадавы крызіс у сувязі з маштабнымі антыкарупцыйнымі расьсьледаваньнямі, якія прымусілі пазбавіцца прэзыдэнцкага крэсла пераемніцу да Сілвы — 68-гадовай Дзілме Русэф быў абвешчаны імпічмэнт у жніўні 2016 году. Пасьля гэтага да прысягі ў якасьці прэзыдэнта быў прыведзены віцэ-прэзыдэнт Бразыліі Мішэль Тэмэр, аднак і супраць яго вялося расьсьледаваньне.

У кастрычніку 2017 году Вярхоўны суд Бразыліі адмовіўся разглядаць абвінавачваньні ў карупцыі, выстаўленыя супраць Тэмэра. Тым ня менш ягоны цяперашні рэйтынг не перавышае 5 адсоткаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG