Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раулю Кастра вылучылі замену. Чым Кастра падобны з Лукашэнкам


Рауль Кастра
Рауль Кастра

19 красавіка ў Гаване адбудзецца пасяджэньне Нацыянальнай Асамблеі Кубы. На ім будзе абраны кіраўнік дзяржавы – старшыня Дзяржаўнага савету. Дзейны кіраўнік Кубы Рауль Кастра загадзя абвясьціў, што сыдзе са сваёй пасады і 19 красавіка 2018 году Кубу ўзначаліць новы лідэр. Скончыцца 59-гадовы пэрыяд кіраваньня братоў Фідэля і Рауля Кастра.

На пасаду старшыні дзяржаўнага савету 18 красавіка вылучылі толькі аднаго кандыдата — Мігеля Дыяс-Канэля, цяперашняга першага намесьніка старшыні. 20 красавіка таму мае споўніцца 58 гадоў. Ён інжынэр паводле адукацыі, служыў у войску, а потым рабіў партыйную кар'еру.

Мігель Дыяс-Канэль (справа) паціскае руку тагачаснаму прэзыдэнту Францыі Франсуа Алянду, падчас сустрэчы ў Гаване 11 траўня 2015 году
Мігель Дыяс-Канэль (справа) паціскае руку тагачаснаму прэзыдэнту Францыі Франсуа Алянду, падчас сустрэчы ў Гаване 11 траўня 2015 году

Праўда, невядома, ці зьменіцца разьмеркаваньне рэальнай улады. Паведамляецца, што Рауль Кастра застанецца старшынём кіроўнай камуністычнай партыі. Куба – адзін з самых жорсткіх у сьвеце аднапартыйных аўтарытарных рэжымаў.

Параўнайма лідэраў дзьвюх дзяржаваў — Кубы і Беларусі.

Сын землеўладальніка і кухаркі

Рауль Кастра нарадзіўся 3 чэрвеня 1931 году ў кубінскай правінцыі Ар'ента ў сям'і буйнога землеўладальніка Анхеля Кастра Аргіса. Маці, Ліна Рус Гансалес, была кухаркай у маёнтку Анхеля. Яна нарадзіла Анхелю Кастра пяцёх дзяцей, перш чым ён зь ёй ажаніўся.

Бацькі Рауля Кастра былі непісьменныя. Сам ён скончыў езуіцкі каледж, вучыўся ў Гаванскім унівэрсытэце.

Паўстанец

Зь юнацтва ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху. У ліпені 1953 году група маладых рэвалюцыянэраў, у тым ліку і Рауль, на чале зь яго братам Фідэлем удзельнічала ў штурме казармы Манкада ў горадзе Сантʼяга дэ Куба.

Фідэль пра ролю Рауля пры штурме казармы Манкада:

«Рауль вырваў пісталет у начальніка патруля і сам здолеў узяць у палон патруль, які арыштаваў яго таварышаў. Калі б ён гэтага не зрабіў, празь некалькі гадзін яны былі б забітыя ў Манкадзе».

За ўдзел у штурме казармаў Манкада Рауль Кастра быў асуджаны да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня. У 1955 годзе быў амніставаны і неўзабаве эміграваў у Мэксыку.

У 1956-1959 годзе рэвалюцыянэры вялі ўзброеную барацьбу супраць аўтарытарнага рэжыму Фульгенсія Батысты. Галоўнакамандуючым паўстанцаў стаў брат Рауля Фідэль.

У 1958 годзе атрад паўстанцаў на чале з Раулем учыніў пераход па кантраляванай урадавымі войскамі тэрыторыі з гораў С'ера-Маэстра ў горы С'ера-дэль-Крыстабаль, дзе неўзабаве быў арганізаваны другі лягер кубінскіх рэвалюцыянэраў.

Кубінскія паўстанцы, Фідэль Кастра (другі справа), Эрнэста Чэ Гевара (другі зьлева), Рауль Кастра (сядзіць унізе). 1957
Кубінскія паўстанцы, Фідэль Кастра (другі справа), Эрнэста Чэ Гевара (другі зьлева), Рауль Кастра (сядзіць унізе). 1957

Кіраўнік войска, партыйны сакратар, урадовец

Пасьля перамогі кубінскай рэвалюцыі Рауль Кастра стаў галоўнакамандуючым узброенымі сіламі, пазьней міністрам узброеных сілаў, якім заставаўся на працягу амаль 50 гадоў.

У прыватнасьці, Рауль Кастра кіраваў кубінскім вайсковым кантынгэнтам, які ўдзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Анголе на баку камуністычных уладаў гэтай краіны.

У 1965 годзе стаў намесьнікам брата на пасадзе кіраўніка кіруючай партыі, у 1976 году – яго намесьнікам на пасадзе старшыні найвышэйшага выканаўчага органу, Дзяржаўнага савету.

Аляксандар Лукашэнка ніколі ня быў другім нумарам у палітычнай сыстэме Беларусі, ён адразу ўзьляцеў на самы верх уладнай піраміды са сьціплага крэсла дэпутата парлямэнту.

Рауль і Фідэль Кастра на сьвяткаваньні 20-годзьдзя перамогі рэвалюцыі, 1979
Рауль і Фідэль Кастра на сьвяткаваньні 20-годзьдзя перамогі рэвалюцыі, 1979

Лібэралізатар-1

Пасьля краху сусьветнай камуністычнай сыстэмы на Кубе пачаліся асьцярожныя рынкавыя рэформы, якія зьвязваюць з Раулем Кастрам. Пакет эканамічных законаў 1992-1996 гадоў забясьпечыў пэўную дэцэнтралізацыю эканомікі, дазволіў пэўныя элемэнты рынкавай эканомікі.

У Беларусі пэрыядычна абвяшчаюцца праграмы і праекты лібэралізацыі эканомікі. Пэўныя посьпехі ў гэтым кірунку ёсьць, але яны даволі сьціплыя.

Пераемнік

Яшчэ ў 1997 годзе Фідэль Кастра ўпершыню назваў Рауля сваім пераемнікам:

«У асобе Рауля мы маем чалавека, здольнага замяніць любога з нас, і асабліва мяне».

31 ліпеня 2006 году Фідэль Кастра склаў з сябе ўладныя паўнамоцтвы ў сувязі са сваёй шпіталізацыяй. Выканаўцам абавязкаў лідэра Кубы стаў Рауль Кастра.

24 лютага 2008 году парлямэнт Кубы з вынікам 97,7% галасоў абраў Рауля Кастра новым старшынём Дзяржаўнага савету Кубы. У лютым 2013 года быў пераабраны на другі пяцігадовы тэрмін у якасьці старшыні Дзяржсавету.

Неаднаразова заяўляў, што другі тэрмін яго кіраваньня дзяржавы – апошні. Ён сканчаецца 19 красавіка 2018 году.

Аляксандар Лукашэнка – першы і пакуль апошні прэзыдэнт Беларусі. Яго прыход да ўлады азначаў зьмену палітычнай сыстэмы, а не яе пераемнасьць. Рауль Кастра абвясьціў, што будзе займаць пасаду кіраўніка дзяржавы толькі два тэрміны. Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ўжо чацьвёрты тэрмін.

Раўль Кастра публічна абвяшчае пра сьмерць свайго брата Фідэля, 26 лістапада 2016
Раўль Кастра публічна абвяшчае пра сьмерць свайго брата Фідэля, 26 лістапада 2016

Лібэралізатар-2

Падчас кіраваньня Кубай Раулем Кастра была зьнятая забарона на выкарыстаньне мабільных тэлефонаў і мікрахвалёвых печак, фармальна ня трэба атрымліваць дазвол для карыстаньня інтэрнэтам. Кубінцам дазволілі спыняцца ў гатэлях, браць напракат машыны. Куба падпісала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

Такімі дабротамі, як мабільныя тэлефоны і інтэрнэт, беларусам дазволена карыстаюцца ўжо даўно. 30% беларускага ВУП вытвараецца ў прыватным сэктары. Ступень эканамічнай свабоды ў Беларусі невялікая, але яна вышэйшая, чым на Кубе.

Паводле Індэксу эканамічнай свабоды за 2017 год, складзенага Wall street Journal і Heritage Foundation, сярод 180 краінаў Беларусь заняла 108-е месца, Куба – 178-е.

Палітвязьні і правы чалавека

Паводле дадзеных кубінскай праваабарончай Камісіі па правах чалавека, летась у траўні ў краіне налічвалася 140 палітычных вязьняў. Камісія таксама паведамляла пра 475 асобаў, арышты якіх былі палітычна матываваныя.

Аднак маштаб палітычных рэпрэсіяў на Кубе зьменшыўся ў параўнаньні з папярэднім пэрыядам. Паводле падлікаў амэрыканскіх праваабаронцаў у пэўныя пэрыяды кіраваньня Фідэля Кастра адначасова ў турмах па палітычных матывах знаходзіліся сто тысячаў чалавек.

Паводле індэксу «Свабода ў сьвеце» за 2017 год, складзенага Freedom House, сярод 211 дзяржаваў Беларусь заняла 191-е месца, Куба – 196-е.

Маніфэстацыя апазыцыйнай арганізацыі "Жанчыны ў белым", Гавана, лістапад 2010
Маніфэстацыя апазыцыйнай арганізацыі "Жанчыны ў белым", Гавана, лістапад 2010

Нармалізацыя адносінаў са сьветам

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама прыняў рашэньне аб нармалізацыі адносінаў з Кубай, былі адноўленыя дыпляматычныя адносіны, зьнятыя некаторыя санкцыі, абмежаваньні на турызм і бізнэс з Кубай для амэрыканскіх грамадзянаў і кампаніяй. 20 сакавіка 2016 году прэзыдэнт Абама наведаў Кубу, дзе сустрэўся з Раулем Кастрам.

Пасьля прыходу да ўлады ў ЗША Дональда Трампа, з прычыны таго, што становішча з правамі чалавека не палепшылася, прэзыдэнт ЗША аднавіў некаторыя санкцыі і абмежаваньні, якія былі скасаваныя пры Абаму.

У Беларусі адбываецца працэс нармалізацыі адносінаў з ЗША і Эўразьвязам. Санкцыі адносіна Беларусі ніколі не былі такімі жорсткімі, як адносна Кубы, у апошнія гады санкцыі адносна Беларусі з боку Эўразьвязу былі скасаваныя, санкцыі з боку ЗША – скарочаныя.

Лідэры ЗША і Кубы Барак Абама і Рауль Кастра, Гавана, сакавік 2016
Лідэры ЗША і Кубы Барак Абама і Рауль Кастра, Гавана, сакавік 2016

Сямʼя: Ром і рэвалюцыя

Рауль Кастра пазнаёміўся са сваёй будучай жонкаю Вільмэ Эспін у гады барацьбы з рэжымам Батысты ў лягеры паўстанцаў у гарах С'ера-Маэстра. Бацька Эспін быў адным зь кіраўнікоў кампаніі па вытворчасьці рому Bacardi.

Рауль і Вільме пабраліся шлюбам у 1959 года годзе ў Гаване пасьля падзеньня рэжыму Батысты. У іх чацьвёра дзяцей – тры дачкі і сын.

Рауль Кастра і Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі
Рауль Кастра і Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі

Раўль Кастра ў цытатах

Для краіны хлеб важнейшы за гарматы.

Спробы здушыць кубінскую рэвалюцыю асуджаныя на правал.

Гавана працягне абараняць ідэі, якія наш народ атрымаў праз пакуты і небясьпеку. Мы працягнем працэс мадэрнізацыі кубінскай эканомікі, каб разьвіваць наш сацыялізм і дамагацца справядлівасьці для нашага народу.

Я чарговы раз пацьвярджаю прэзыдэнту Абаму наш намер удзельнічаць у дыялёгу і працаваць над адносінамі нашых краінаў, як гэта прынята ў цывілізаваным сьвеце. Словы амэрыканскага лідэра аб выключэньні Кубы са сьпісу краінаў – фундатараў тэрарызму – зьяўляюцца пазытыўным крокам – нашая краіна наогул не павінна была ў ім апынуцца.

Будучым лідэрам камуністычнай партыі павінен стаць чалавек не старэйшы за 70 гадоў. Час даць дарогу маладым, а старым трэба пацясьніцца, каб саступіць месца сваім унукам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG