Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дырэктар ФБР Комі заявіў, што Трамп «маральна непрыдатны для таго, каб быць прэзыдэнтам»

Джэймс Комі.
Джэймс Комі.

Былы дырэктар ФБР Джэймс Комі заявіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп «маральна непрыдатны» для пасады, якую займае. Заявы Комі былі зробленыя ў вялікім інтэрвію тэлекампаніі ABC, 15 красавіка, якое трансьлявалася напярэдадні выхаду мэмуараў былога дырэктара ФБР «Вышэйшая ляяльнасьць: праўда, хлусьня і лідэрства». У кнізе ён падрабязна распавядае пра свае стасункі з прэзыдэнтам.

«Думаю, ён маральна непрыдатны для таго, каб быць прэзыдэнтам», — сказаў Комі ў сваім першым тэлевізійным інтэрвію, дадзеным з таго часу, як у траўні Трамп звольніў яго. Комі — былы фэдэральны пракурор, крытыкаваў тое, як Трамп «расказвае пра жанчын і ставіцца да іх, як да кавалкаў мяса». Ён сказаў, што Трамп «пастаянна хлусіць аб вялікіх і малых справах і настойвае на тым, што амэрыканцы гэтаму вераць».

Заявы Комі сталі апошнім актам вайны словаў паміж ім і Трампам, які раней у той жа дзень назваў Комі «брудным пляткаром» і сказаў, што той павінен быць заключаны ў турму. У сваёй кнізе Комі піша, што Трамп нагадвае яму несумленнага боса мафіі, якога рухае ягонае эга, і кажа, што прэзыдэнт запатрабаваў ад яго асабістага абяцаньня ляяльнасьці, што Трамп адмаўляе.

«Я ніколі не прасіў яго аб асабістай ляяльнасьці. Я нават ня ведаў гэтага хлопца. Яшчэ адна яго шматлікая хлусьня. Яго "запіскі "- гэта самаабслугоўваньне і фэйк!» — напісаў Трамп ў сэрыі твітаў, 15 красавіка, перш чым інтэрвію Комі выйшла ў эфір.

XS
SM
MD
LG