Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кіраўнік ФБР Комі: у Трампа шмат агульнага з босамі мафіі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Тэлеканал CNN набыў сыгнальны асобнік мэмуараў былога дырэктара ФБР Джэймса Комі і абнародаваў некалькі ўрыўкаў зь іх. Мэмуары будуць неўзабаве апублікаваныя.

«Прэзыдэнт Трамп — чалавек амаральны. Яму абыякавая ісьціна, яму абыякавыя дэмакратычныя інстытуты. Увесь стыль яго кіраўніцтва пэрсаналізаваны. Ён эгаманьяк, які патрабуе ад навакольных безумоўнай асабістай адданасьці сабе», — піша Комі.

Як былы пракурор, Комі бачыць агульныя рысы ў Трампа з босамі мафіі, зь якімі ён прафэсійна змагаўся многія гады.

«Бос — поўны гаспадар. Яму ўсё падтакваюць. І клянуцца ў вернасьці. Ва ўяўленьні такіх людзей сьвет падзелены на сваіх і чужых. Арганізацыя ставіцца вышэй за маральныя нормы і вышэй за праўду. Адданасьць, служэньне ёй апраўдвае любую хлусьню ў пытаньнях вялікіх і малых. У зносінах з прадстаўнікамі органаў пракуратуры Трамп хлусіць і вядзе сябе вельмі ганарыста», — адзначае былы дырэктар ФБР.

Паводле Комі, прэзыдэнт у гутарках зь ім з асаблівай зацятасьцю адмаўляў сувязі з маскоўскімі прастытуткамі, якія яму інкрымінаваліся былым брытанскім выведнікам Крыстафэрам Стылам. Неяк раз ён нават заўважыў, што брудныя чуткі пра ягоныя оргіі на конкурсе «Міс Сусьвет» псыхалягічна траўмуюць першую лэдзі. Стыл на заданьне праціўнікаў Трампа зьбіраў у 2015-2016 гадах кампрамат на тагачаснага кандыдата ад Рэспубліканскай партыі.

Комі быў вызвалены ад пасады ў траўні мінулага году. Пазьней на слуханьнях у Сэнаце Комі выказаў упэўненасьць, што Трамп звольніў яго праз расьсьледаваньне сувязяў амэрыканскіх афіцыйных асобаў з высокапастаўленымі прадстаўнікамі Расеі, якое вядзецца ФБР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG