Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сырыя: свая гульня


Удар амэрыканскай ракеты па целі ў Дамаску, 14 красавіка 2018
Удар амэрыканскай ракеты па целі ў Дамаску, 14 красавіка 2018

Гэтак у прэфэрансе называецца гульня, у якой вістуючы набірае дакладна столькі ўзятак, колькі абвяшчаў – ня больш і ня менш. У гэтым сэнсе ў суботу ў Сырыі ўсе зрабілі сваю гульню – Захад, Расея і нават Беларусь.

І ўсе выдахнулі – вайны паміж ядзернымі дзяржавамі ня будзе. Усе засталіся пры сваіх, усе захавалі твары.

Казалі Дональд Трамп і іншыя заходнія лідэры, што хімічная атака Асаду не даруецца, што ён за яе будзе пакараны? Казалі. Ну вось, калі ласка. Пакараньне адбылося. І ніводная расейская ракета не зварухнулася, ні самалёты, ні караблі заходніх краінаў ня сталі аб'ектам расейскай контратакі. Расея абараняць Асада ад Захаду сілай ня стала.

А хіба нешта большае Захад абяцаў ці нечым большым рэальна пагражаў? Нават у знакамітым грозным твіты Трампа: «Рыхтуйся, Расея, ракеты паляцяць» – хіба ў ім было сказана – рыхтуйся, Расея, да ўдару па расейскіх абʼектах, пазыцыях, войсках? Не, ні слова. Рыхтуйся, Расея, да ўдару па сілах Асада.

Канцэптуальна абмежаваньні суботняй апэрацыі дакладна сфармулявала прэмʼер Брытаніі Тереза Мэй у заяве ў дзень атакі: «Гаворка не ідзе пра ўмешваньне ў грамадзянскую вайну. Гаворка ня йдзе пра зьмену рэжыму». Так нядвухсэнсоўна сказала толькі Мэй. Але ніхто іншы не аспрэчыў гэтыя абмежаваньні, ніхто не сказаў нешта прынцыпова іншага пра мэты ўдараў.

Дарэчы, калі заходнія краіны пачыналі кампаніі па зрынаньні рэжымаў, то першыя ж удары наносіліся па іншых мэтах. І ў Іраку, і ў Югаславіі, і ў Лібіі ў першую чаргу маштабна зьнішчалі сыстэму СПА, па магчымасьці, усю.
У Сырыі сёньня па інфармацыі, якая ёсьць, СПА Асада наагул не была абʼектам атакі.

Гэта толькі пацьвярджае фармат, пра які я пісаў пару дзён таму – і плянавалася, і адбылася экзэкуцыя, кепскі хлопчык Башар, які зрабіў шкоду, атрымаў па задніцы.

І ўсё. Гэтым разам больш адчувальна, у леташнім красавіку было 59 ракетаў, сёлета – прынамсі 100, у мінулым годзе была адна цэль, сёлета – некалькі. Але адрозьненьні непрынцыповыя. Гэта пакараньне, а не зьнішчэньне. А колькі трэба зьнішчыць, каб пакараць? Пэўнага крытэру няма. Колькі зьнішчылі, столькі і трэба было.

Ну а зараз – пра Расею. Расея вельмі нядвухсэнсоўна папярэджвала, што калі ахвярамі заходняга ўдару стануць яе салдаты, яна адкажа сілай. Былі, праўда, нейкія няпэўныя намёкі расейскіх дыпляматаў ня першага рангу, што Расея будзе абараняць сілай і Асада. Але мэйнстрым расейскіх папярэджаньняў быў такі, што Масква адкажа сілай менавіта на ўдар па яе грамадзянах, па яе салдатах.

Зь іх волас не ўпаў. Свае твіты Трамп пісаў напачатку тыдня, удар адбыўся ў суботу. За гэты час расейцы перавялі ўсіх сваіх на свае базы ў Сырыі, караблі вывелі ў мора. Удары ў суботу наносіліся адмыслова па абʼектах, дзе расейскіх сілаў ня мусіла быць.

Пасьля завяршэньня апэрацыі кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрал Джозэф Дэнфард паведаміў, што расейскі бок ня быў папярэджаны аб ударах, але Расеі паведамілі аб тым, што авіяцыя саюзьнікаў будзе праводзіць апэрацыі ў пэўных зонах паветранай прасторы над Сырыяй.

Ну пра ўдар насамрэч расейцаў як бы і папярэдзілі таксама, яны прынамсі чытаюць Твітар прэзыдэнта ЗША. Пра дакладны час і цэлі мо і не. Але заўвага пра «апэрацыі ў пэўных зонах» сьведчыць пра тое, што ніякага «любой цаной» і «рускія здольныя адно на блеф» у заходнім плянаваньні гэтай апэрацыі не было.

Зоны ўдараў былі вызначаныя з улікам расейскіх ваенна-стратэгічных інтарэсаў. Ізноў спашлюся на свае сьціплыя развагі: калі б Захад палічыў, што яго карэнныя інтарэсы патрабуюць пайсьці на рызыку прамога ваеннага сутыкненьня з Расеяй, Захад бы на яе пайшоў. Але паколькі Захад не лічыў, што закранутыя менавіта яго карэнныя інтарэсы, то адпаведна ён на такую рызыку і не пайшоў.

І ў выніку і Расея захавала твар. Ні Пуцін, ні Лаўроў, ні Шайгу, ні Герасімаў не кляліся, што Расея будзе ваяваць з Захадам, зьбіваць самалёты і тапіць караблі, калі атака будзе на сырыйскія ўрадавыя сілы і абʼекты. Абяцалі ўсё гэта рабіць, калі пацерпяць расейскія сілы. Яны не пацярпелі. І былі зробленыя адмысловыя захады, каб яны не пацярпелі. Зараз можна гадаць, блефавалі ў Маскве ці і праўда былі гатовыя ўвязацца ў вялікую вайну за жыцьці некалькіх дзясяткаў ці сотняў сваіх салдатаў. Высьвятляць, як бачым, ніхто ня стаў.

Так што і Масква нічога не прайграла. Свая гульня, свае ўзяткі. І Асад застаецца ў сядле, тое самае паселішча Дума, з-за хімічнай атакі на якую Захад зладзіў экзэкуцыю, ужо перайшло пад кантроль сілаў Асада. Стратэгічна ў Сырыі нічога не памянялася.

Ну а Беларусь, дакладней, афіцыйны Менск, найграў таксама сваю маленькую ўзятачку – асудзіў заходні ўдар па Сырыі. У цёплай кампаніі – Расея, Іран, Куба. Цікава адзначыць – у АДКБ, між іншым, і Армэнія, і Казахстан. Яны дыпляматычна прамаўчалі. Не асудзілі ўдары, але і не падтрымалі. Выразная дэманстрацыя Расеі. Зь іншага боку, нешта рэальна рабіць у сувязі з тым ударам Беларусь, зразумела, не зьбіраецца. Калі ўжо Расея па сутнасьці нічога не зрабіла і не зьбіраецца рабіць, акрамя дыпляматычнага шуму, то Беларусі ўжо што напружвацца? Але прадэманстраваная ляяльнасьць Расеі. Ну мы ж асудзілі, што вы яшчэ ад нас хочаце? Вось добра было б, калі больш нічога не хацелася.

Дарэчы, ня тое каб тоеснасьць, але пэўную аналёгію можна ўбачыць у пазыцыі Беларусі ў сваім саюзе і Нямеччыны – у сваім. Сёньняшнія ўдары па Сырыі, хоць нічога стратэгічна ў рэгіёне не зьмянілі, сталі пэўным тэстам. У атацы на Асада ўзялі ўдзел ЗША, Вялікабрытанія і Францыя. А Нямеччына падкрэсьліла, што падтрымлівае апэрацыю, яе матывацыю і мэты, салідарызаваўшыся са сваімі саюзьнікамі, але сама ня будзе ў ёй удзельнічаць. Ну а Беларусь, са свайго боку, асудзіла апэрацыю, фактычна салідарызаваўшыся са сваім саюзьнікам. Але тым і абмежавалася.

Усе згулялі сваю гульню. Што там далей будзе ў Сырыі – хто ведае. Нешта падказвае, што надта добрых варыянтаў там не чакаецца ў любым выпадку. Іх не спарадзіў леташні амэрыканскі ўдар па пазыцыях сілаў Асада, баюся, што і сёлетні не спародзіць. Што ўсе змаглі выдахнуць і не пачалася вайна паміж ядзернымі дзяржавамі – гэта, безумоўна, станоўчы вынік. Не, нехта можа і скажа, што Расея – «папяровы тыгр» (умеў Мао фармуляваць па-кітайску прыгожа), што ўсе яе пагрозы – гэта суцэльны блеф. Ну можа быць. Але гэтым разам ніхто ня стаў правяраць.

Ну а ў рэтраспэктывы чамусьці прыгадваецца, што Першая сусьветная вайна насамрэч пачалася ў выніку чарговага інцыдэнту ў даволі доўгім шэрагу падобных яму. Анэксавала Аўстра-Вугоршчына Босьнію – гэта ж усеэўрапейская вайна. Ды не – разрулілі дыпляматы, дамовіліся, разумныя ж людзі ўсе. Агадзірскі інцыдэнт, рэйд нямецкай кананеркі «Пантэра» – дык гэта ж вайна Францыі і Нямеччыны. Не, не вайна, разрулілі, дамовілся, дык ніхто ж і не хацеў па сутнасьці вайны. Ну што зважаць на балбатню газэтаў і палітыканаў (сацсетак тады не было)? Дзяржаўныя людзі – яны ж цьвярозыя, яны ж разумеюць цану міру.

Але потым прыйшоў дзень – 28 чэрвеня 1914 году ў Сараеве. І не разрулілі, не дамовіліся і Эўропа абрынулася ў катастрофу.

14 красавіка 2018 году насамрэч нічога страшнага не адбылося. Разрулілі, разьвялі сілы і ўдары, дамовіліся па змаўчаньні. Ну і дзякаваць Богу. Але неяк густа ідуць падобныя крызісы, амаль як напачатку ХХ стагодзьдзя. А як яно будзе наступным разам?

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG