Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пампэо ў Сэнаце: ЗША яшчэ ня выкарысталі ўвесь патэнцыял санкцый супраць Расеі. ВІДЭА


Майк Пампэа

Камітэт замежных спраў Сэнату ЗША праводзіць слуханьні ў справе зацьвярджэньня кандыдатуры Майка Пампэо на пасаду дзяржсакратара.

Трансьляцыя слуханьняў з сынхронным перакладам на расейскую мову:

Адна з галоўных тэм, пра якую ідзе размова — адносіны з Расеяй. Сэнатары задаюць Пампэо — былому дырэктару ЦРУ — пытаньні аб тым, якімі ён бачыць адносіны Злучаных Штатаў з Масквой і ці мае ён намер ўзмацняць ціск на Расею.

Сэнатары-дэмакраты пры гэтым крытыкуюць адміністрацыю Дональда Трампа, абвінавачваючы яе ў адсутнасьці выразнай стратэгіі ў дачыненьні да Расеі.

У пісьмовай заяве Пампэо, распаўсюджанай перад пачаткам слуханьняў, гаворыцца, што гады мяккай палітыкі ЗША ў дачыненьні да Расеі засталіся ззаду, паколькі Расея «працягвае агрэсіўныя дзеяньні». Кандыдат на пасаду дзяржсакратара лічыць дзеяньні Расеі пагрозай для ЗША. Пры гэтым ён перакананы, што неабходна пакінуць магчымасьці дыялёгу з Масквой.

На слуханьнях Пампэо заявіў, што ЗША яшчэ не выкарыстоўвалі ў поўнай меры патэнцыял санкцый супраць Расеі. Ён таксама пацьвердзіў, што ўпэўнены ва ўмяшаньні Масквы ў выбары ў ЗША ў 2016 годзе. Ён заявіў аб сваім перакананьні ў важнасьці палітыкі прасоўваньня дэмакратыі і абароны правоў чалавека ў сьвеце.

Сэнатары таксама задаюць пытаньні аб адносінах з Паўночнай Карэяй і пра тое, ці падтрымлівае Пампэо выхад зь «ядзернай зьдзелкі» з Іранам. Кандыдат на пасаду дзяржсакратара адказвае, што па большасьці пытаньняў згодны з прэзыдэнтам Трампам.

Кандыдатуру Пампэо, у мінулым кангрэсмэна ад Канзасу, прадставілі былыя і цяперашнія сэнатары ад яго роднага штата, у тым ліку 94-гадовы Боб Доўл, былы кандыдат у прэзыдэнты.

13 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адправіў у адстаўку дзяржсакратара Рэкса Тылерсана. Гэтае рашэньне Трамп патлумачыў розьніцай ў палітычных поглядах.

Дзесяць месцаў у Камітэце займаюць дэмакраты, а 11 — рэспубліканцы. Сэнатары-дэмакраты заяўляюць, што Пампэо можа сутыкнуцца зь цяжкасьцямі ў працэсе зацьвярджэньня яго кандыдатуры, бо яны занепакоеныя яго сумеснай працай з новым памочнікам Трамп па нацыянальнай бясьпецы Джонам Болтанам, якога лічаць скрайнім «ястрабам» і прыхільнікам ваенных рашэньняў дыпляматычных крызісаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG