Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьмярдзючы» завод пад Сьветлагорскам спрычыніўся да стратаў кампаніі на 50 мільёнаў рублёў


Завод беленай цэлюлёзы каля Сьветлагорску

ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» скончыў 2017 год са стратамі ў 50 млн рублёў. Гэта вынікае з гадавой справаздачы прадпрыемства, разьмешчанай на Адзіным партале фінансавага рынку.

Памер чыстых страт Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату за год вырас у 1,5 раза. Доўгатэрміновыя абавязаньні камбінату ў крэдытах і пазыках па стане да 31 сьнежня 2017 году дасягнулі 1,68 млрд рублёў.

Паводле прадстаўніцы канцэрну «Беллеспаперпрам» Ружэны Навіцкай, гэта зьвязана з тым, што збудаваны завод сульфатнай беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам пакуль не запрацаваў.

«Завод нясе выдаткі па арганізацыі гэтай вытворчасьці, але пакуль прадукцыя не была атрымана. Зразумела, гэта адбілася на эканамічным стане прадпрыемства», — сказала Свабодзе Ружэна Навіцкая.

Пробная вытворчасьць заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы прыпыненая з 17 студзеня. Прычына — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя правяло экалягічную экспэртызу і выявіла, што прадпрыемства не змагло забясьпечыць «абясшкоджваньне смуродных пахаў».

«Калі завод запрацуе, пакуль сказаць цяжка, — сказала прадстаўніца канцэрну. — Пакуль вядуцца перамовы паміж заказчыкам і генэральным падрадчыкам наконт арганізацыі далейшых работ на аб’екце па завяршэньні яго і ўводзе ў эксплюатацыю», — дадала Ружэна Навіцкая.

«Як у першыя дні пасьля Чарнобылю». Як жывуць вяскоўцы каля новага цэлюлёзнага заводу

Завод беленай цэлюлёзы каля Сьветлагорску
Завод беленай цэлюлёзы каля Сьветлагорску

Цягам некалькіх гадоў Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат будаваў завод сульфатнай беленай цэлюлёзы побач зь вёскай Якімава Слабада. У лістападзе 2017 году на заводзе пачаліся пусканаладачныя работы.

Мясцовыя жыхары тады скардзіліся на смурод ад выкідаў з заводу. 25 сьнежня тут адбыўся стыхійны мітынг. У ім удзельнічала каля 200 чалавек. Яшчэ раней, у 2012 годзе, сьветлагорцы сабралі звыш 10 тысяч подпісаў супраць узьвядзеньня ў горадзе новага хімічнага прадпрыемства.

За тры месяцы новы завод беленай цэлюлёзы выкінуў у паветра 113 тон шкодных рэчываў — у 23 разы больш за гадавую норму.

На праектную магутнасьць завод плянуецца вывесьці да канца гэтага году.

Каб даць ход справе жыхароў супраць цэлюлёзнага заводу, суд патрабуе 370 тысяч рублёў пошліны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG